Адрас: вул. Пляханава, 28 к1,
  Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл +375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
 
Чацвёрты штогадовы турнір па мікра-футболе ў гонар святога Дамініка Савіо ў мінскім салезіянскім араторыі імя святога Яна Боско адбыўся 23 красавіка. У турніры прыняло ўдзел восем каманд з розных куткоў нашай краіны. Спаборніцтвы былі зарганізаваны для юных футбалістаў ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў уключна.

Распачалося ўсё а 10-й гадзіне святой Імшой, галоўным цэлебрантам якой быў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Казанне прамовіў ксёндз Сяргей Бараўнёў з Беразінскага. У сваёй прамове кс. Сяргей звярнуў увагу на асобу святога Юрыя. Святар падкрэсліў неабходнасць імкнуцца да перамогі не толькі на футбольным полі, але і ў сваім уласным жыцці, асабліва духоўным. Вельмі добра да тэмы спаборніцтваў пасавалі і словы псальма: «Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю». Сапраўды, каб атрымаць перамогу на выніковых спаборніцтвах, спартоўцы павінны прыкласці шмат намаганняў на трэніроўках у працэсе падрыхтоўкі. На завяршэнне святой Імшы арганізатары падрыхтавалі для каманд апавяданне пра жыццё і гісторыю святасці галоўнага апекуна турніру святога Дамініка Савіо.

Пасля супольнай малітвы каманды перайшлі ў будынак араторыя, дзе і знаходзілася галоўная пляцоўка футбольных баталій. Удзел у турніры прыняло восем каманд, а менавіта: ФК «Дамінік» (Мінск, Серабранка), ФК «Фавор» (Полацк), ФК «Радасць»  (Беразінскае), ФК «Bosco»  (Смаргонь), ФК «Бараўляны», ФК «Арлы»  (Мінск), ФК «Blue-White Power»  (Мінск). Трэба адзначыць, што ў салезіянскай сістэме выхавання важная роля належыць асістэнцыі — выхавацель заўсёды павінен прысутнічаць разам са сваімі выхаванцамі, быць побач з імі і, калі ёсць неабходнасць, падказаць ці дапамагчы. Так і пад час турніру з кожнай камандай быў адказны: святар, д’якан, сястра законная або свецкая асоба. Таксама на працягу усяго дня на спаборніцтвах прысутнічаў ксёндз-дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB.

Варта звярнуць увагу і на дух сяброўства, які панаваў на турніры. Усе свае эмоцыі хлопцы пакідалі на полі, спрэчкі і незадаволенасць не выходзілі за межы гульнявой пляцоўкі і пасля фінальнага свістку гульцы з сапернікаў пераўтвараліся ў сяброў.

Гульні былі вельні цікавымі і напружаннымі, дзеці хваляваліся і падтрымлівалі адзін аднаго. Заўзятары сталі сведкамі добрай каманднай гульні, яскравай  індывідуальнай тэхнікі, прыгожых галоў і неверагодных ратаванняў у выкананні брамнікаў.  Дастойных было шмат, але спаборніцтвы патрэбны для таго, каб вызначыць пераможцу. Такім чынам, у выніку туніру трэцяе месца заняў ФК «Blue-White Power» (Мінск), другім стаў ФК «Bosco» (Смаргонь), а перамог ў турніры ФК «Арлы» (Мінск). Найшлі сваіх уладальнікаў і індывідуальныя узнагароды, так лепшым брамнікам стаў Ілля Рудовіч (ФК «Арлы»), лепшым бамбардзірам стаў, забіўшы 13 галоў, Станулевіч Максім (ФК «Арлы»), а лепшым гульцом турніру прызналі Паўла Клімука (ФК «Міхаэль»).

Турнір завяршыўся, вынікі падведзены, і нам застаецца чакаць наступнага, пятага Кубка святога Дамініка Савіо.
 
 

Уладзіслаў Зарэцкі
Матэрыял сайта sdb.by

Апошнія аднаўленні раздзела: Цэнтар Моладзі

© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску