НАВЭННА ДА СВЯТОГА ЯНА БОСКО:
2 ДЗЕНЬ
Кветкі і плады для Панны Марыі
Вечарам 30 мая 1865 г., завяршаючы месяц Найсвяцейшай Багародзіцы, кс. Боско расказаў, што бачыў у сне вялікі алтар, прысвечаны Панне Марыі, і хлопчыкі з Араторыя са спевам ішлі да яго працэсіяй.
Некаторыя спявалі анёльскімі галасамі, іншыя хрыплымі, іншыя фальшывілі. І былі нават такія, хто пазяхаў ад нуды.
Усе неслі дары для Панны Марыі, і якія розныя дары! Нехта ішоў з букетам руж, ці лілеяў, ці фіялак, іншыя — з ягнятамі‚ трусамі, рыбамі, арэхамі, яйкамі і таму падобным. Аднак некаторыя неслі Божай Маці вельмі дзіўныя дары: свіную галаву‚ ката, талерку з рапухамі.
Прыгожы анёл — магчыма, анёл—ахоўнік Араторыя – стаяў перад алтаром, прымаў дары і выкладваў на алтар. Аднак перш забіраў кветкі, хоць і прыгожыя, але без паху, як вяргіні і камеліі, а галоўнае – вымаў шыпы і цвікі, якія хаваюцца ў некаторых букетах.
Падышлі і юнакі з дзіўнымі, нягоднымі дарамі.
– Як? Табе хапае нахабства прапанаваць Багародзіцы парася?! – звярнуўся анёл да першага – Ці ты не ведаеш, што ён асацыюецца з брудам, а Панна Марыя – Чыстая і Найсвяцейшая? Адыддзі адсюль.
Падышлі іншыя, з катом, і анёл адштурхнуў іх з абурэннем:
– Хіба вы не ведаеце, што кот асацыюецца з крадзяжом?
Тым, хто прынёс талерку з рапухамі, анёл крыкнуў абурана:
– Рапухі – знак ганебных грахоў, што сеюць спакусу, і вы іх прапануеце Панне Марыі?
А некаторыя падыходзілі з нажом, усаджаным у сэрца, – знак блюзнерства.
— Хіба вы не бачыце, – сказаў ім анёл, – што ў сэрцы ў вас смерць? Калі ласка, выміце нож!
Яны таксама былі адпрэчаны.
Калі ўсе паднеслі свае дары, з'явіліся два анёлы, і ў кожнага кошык, поўны пышных вянкоў з цудоўных руж. Анёл-ахоўнік надзеў вянкі на ўсіх дзяцей, чые дары былі прыхільна прыняты, і сказаў:
– Багародзіца сёння пажадала каранаваць вас гэтымі выдатнымі ружамі. Паспрабуйце іх не страціць: захоўвайце пакору, паслухмянасць і чысціню. З гэтымі трыма цнотамі вы заўсёды будзеце даспадобы Панне Марыі і годныя прыняць вянок, бясконца больш выдатны.
Юнакі ў вянках выказалі сваю радасць спевам «Слаўце Марыю» і спявалі так гучна, што кс. Боско прачнуўся.
(М. В. VIII, 129).
Святы Яне Боско, праз любоў да Марыі Успамогі Хрысціянаў, якая пры жыцці была для Цябе Маці і Настаўніцаю, выпрасі для нас сапраўдную і пастаянную пабожнасць да Марыі, каб маглі мы заслужыць Яе магутную апеку ў жыцці і ў хвіліну смерці. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя... Хвала Айцу...
С.: Маліся за нас, святы Яне Боско,
Н.: Каб сталiся мы годнымi абяцанняў Хрыстовых.
Молімся: Божа, Ты паклікаў святога Яна Боско, Твайго вызнаўцу, быць айцом і настаўнікам моладзі, па Тваёй таксама волі, з дапамогаю Панны Марыі ён заснаваў у Касцёле новыя супольнасці, учыні, просім, каб мы, палаючы тым самым агнём любові, маглі здабываць душы і служыць аднаму Табе. Праз Хрыста, Пана нашага.
Н.: Амэн.