Пяты — юбілейны — турнір па мікра-футболе «Кубак Дона Боско» ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску адгулялі аматары футболу. Першыя гульні прайшлі 1 снежня мінулага года. Фінал адбыўся 17 студзеня. Пераможцамі юбілейнага Кубка стала каманда «Вінегрэт» — зборная студэнтаў, якія вучацца ў Мінску. Свае медалі хлопцы атрымаюць падчас урачыстасці св. Яна Боско 31 студзеня.
Гэты турнір у фармаце 4х4 для юнакоў ад 16 гадоў праходзіць штогод і завяршаецца амаль напярэдаднi свята св. Яна Боско — айца і настаўніка моладзі. Ля вытокаў турніру стаяць канкрэтныя людзі, якія згадзіліся падзяліцца вопытам і мэтамі арганізацыі такіх мерапрыемстваў. Яны раскажуць, як футбольны мяч дапамагае ў справе збаўлення душы.
На пытанні карэспандэнта sdb.by адказвае кс. Павел Шчарбіцкі SDB і салезіяне супрацоўнікі Уладзіслаў Зарэцкі і Аляксандр Перадкоў.
— Вы з’яўляецеся заснавальнікамі турніру па мікра-футболе «Кубак Дона Боско». З чаго ўсё пачыналася?
Аляксандр: Пачыналася ўсё ў 2009 годзе, калі мы яшчэ трэніравалі нашу моладзевую каманду парафіяльных міністрантаў. Сярод іх былі i некаторыя ўдзельнікі і арганізатары цяперашняга турніру «Кубак Дона Боско». Для іх і іх аднагодкаў мы запланавалі дзве сустрэчы. Адна была арганізавана на адным са стадыёнаў у мінскай Серабранцы, такі турнір-«аднадзёнка». Другую правялі ў адной са школ сталіцы. Гэта было ў 2009-2010 гг.
Уладзіслаў: Можна сказаць, што задаткі гэтага турніру з’явіліся ў 2004-2005 гг. Тады ў Варшаве праходзілі салезіянскія спаборніцтвы: сабралася кагорта маладых людзей, якія любілі футбол, якія хадзілі ў Касцёл і ў наш араторый (Мінск), мелі аднолькавыя інтарэсы. Потым мы ўжо развівалі гэтую тэму далей.
— Хто быў першым ініцыятарам, і хто дапамагаў вам у правядзенні турніру?
Аляксандр: Пяць гадоў таму адказным за араторый быў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Ён даў дазвол на правядзенне такога турніру ў новым фармаце, гэта значыць была прапанова правесці не аднадзённы турнір, а арганізаваць спаборніцтвы для васьмі каманд на працягу некалькіх дзён. Менавiта ў той час футбол прыйшоў у араторый.
Уладзіслаў: Можна сказаць, што гэта была ідэя ксяндза Паўла. Мы з ім паразмаўлялі і вырашылі паспрабаваць правесці такі турнір у большым фармаце. Далі аб’яву ў інтэрнэце. З’явіліся каманды, таксама былі каманды і з нашага араторыя. А яшчэ да турніру пачалі гуляць у футбол у араторыі штотыдзень.
Кс. Павел: Прапанова нарадзілася з майго вопыту і размовы з Уладзіславам. Калі я вучыўся ў Славакіі і Італіі, то падобныя турніры там былі нармальнай справай. Гэта нармальная рэч для кожнага салезіянскага араторыя. Я бачыў, што гэта добра ўплывае на хлопцаў. А там мы рабілі гэта для моладзі з вуліцы. Улад быў таксама зацікаўлены і падтрымаў ідэю. Вельмі важна, што знайшліся людзі, якія згадзіліся за гэта ўзяцца і рэалізоўваць далей, бо адзін нічога не зробіш.
— Якія мэты ставілі вы перад сабой тады? Гэта быў футбол дзеля футболу, ці нешта большае?
Аляксандр: У нас быў добры вопыт, які мы атрымалі ад удзелу ў Хрысціянскай Футбольнай Лізе, арганізаванай пратэстантамі ў Мінску. І мы вырашылі перанесці гэты вопыт у араторый — месца, дзе збіраюцца хлопцы, каб добра правесці час. Мы прапануем ім згуляць таксама і ў футбол. Але за ўсім гэтым ёсць вялікая, а можа, i невялікая фармацыя, каб гэтыя хлопцы маглі штосьці ўзяць для свайго жыцця і сваіх сем’яў акрамя футболу.
Уладзіслаў: Тут можна таксама задаць пытанне, чаго чакаў ад турніру кс. Павел як адказны за араторый, калі прапаноўваў гэта. Навошта гэта было араторыю? А асабіста для мяне… Па-першае, мабыць, гэта было з-за любові да футболу. Не магу сказаць, што я там за нейкімі вялікімі мэтамі гнаўся, хацелася, каб у араторыі, куды я прыходжу, можна было гуляць у футбол, іншых людзей прыцягнуць да футболу… Але пасля першага турніра, калі шмат аніматараў казалі, што падчас турніру адчувалі сябе, як у араторыі кс. Боско, — было шмат хлопцаў, хлопцаў розных, мы не варыліся ў сваім соку… — у якiм жыццё вiравала кожны дзень. Таму стала зразумела, што тут футбол не дзеля футболу. I гэта вельмі добры вопыт для араторыя і добры вопыт для тых хлопцаў, якія прыходзілі. Многія з іх потым прыходзілі і на катэхезы, і проста ў араторый.
Кс. Павел: Першая мэта — гэта выцягнуць хлопцаў з іх асяроддзя і паказаць ім іншае асяроддзе, якое называецца араторый. Так рабіў кс. Боско. Ён казаў, што хлопец, выходзячы з турмы, калі не знойдзе нейкай іншай, добрай прапановы, не будзе ў стане выправiцца — ён абавязкова вернецца ў турму. Таму тут перш за ўсё прапануецца асяроддзе, а гэта значыць: сям’я, выхаваўчае асяроддзе, дзе стараемся нешта растлумачыць, пакінуць думку для разважанняў, або вось прапануем не мацюкацца. Гэта простыя рэчы. Мы прапануем таксама асяроддзе, дзе хлопцамі цікавяцца: прывітаюць, дадуць кубак гарбаты або нават пакажуць, дзе прыбiральня знаходзіцца… (усміхаецца — заўв. аўт.) Яны бачаць тую ж самую моладзь, якая таксама ходзiць на дзвюх нагах, але трошкі па-іншаму жыве. Па-другое, гэта як быццам такі «піяр» араторыя, — магчымасць прапанаваць і паказаць ім альтэрнатыву для вольнага часу, прапануем потым сустрэчы і па-за турнірам. І моладзь сапраўды змяняецца. Хлопцы, у пэўным сэнсе, становяцца свае, вучацца паважаць асяроддзе, у якiм знаходзяцца, правілы гэтага месца і турніру.
— Што ўдалося дасягнуць вам самім, і якія змены вы назіраеце ва ўдзельніках?
Уладзіслаў: Цяжка сказаць, што гэтыя змены прыносiць турнір, але хлопцам ён падабаецца. Потым ужо сустракаеш іх на вуліцы, яны заўсёды падыдуць, прывітаюцца… Заўсёды ўдзячныя.
Аляксандр: Сапраўды, цяжка сказаць. Але свайго роду рух наперад відавочны. З тых хлопцаў, якія прыходзілі на першы турнір, з якімі мы толькі пачыналі або знаёміліся, цяпер ужо хтосьці аніматар, хтосьці сам стаў арганізатарам і дапамагае нам, хтосьці проста стаў добрым сябрам араторыя і прыходзіць сюды і на іншыя мерапрыемствы. Акрамя таго, усталяваліся добрыя адносіны з камандамі іншых парафій. Напрыклад, з камандай «Залатая моладзь» залатагорскай парафіі, якая пяць гадоў запар прымае ўдзел у турніры. Яны заўсёды ўдзячныя, бо не маюць магчымасці дзесьці згуляць у футбол. І зараз гэты «Кубак Дона Боско» стаў нібы спартыўным клубам для мінскіх католікаў. Бо прысутнiчаюць каманды з розных парафій, а гэта была адна з нашых мэтаў: аб’яднаць каталікоў, якія гуляюць у футбол. І зараз сярод нас ёсць прадстаўнікi хрыстусоўцаў, Чырвонага касцёла, з архікатэдры ўдзельнічалі раней, з залатагорскай парафіі, з Лошыцы, з Ангарскай былі, салезіяне. Ёсць яшчэ куды расці. Не вельмі зручна і цяжкавата гуляць на такой малой пляцоўцы, але вырашылі не пераносіць турнір у большы зал. Асаблівы дух гэтых спаборніцтваў застаецца, і мы надалей збіраемся яго падтрымліваць.
Уладзіслаў: Так, перанесцi некуды – гэта будзе ўжо зусім іншы турнір. А калі ён праходзіць тут, то ён праходзіць у араторыі. І моладзі ўжо не трэба расказваць, што недзе там ёсць нейкі араторый і што гэта такое. Яна прыходзіць і бачыць, што гэта такое. Таму, мне здаецца, гэта найлепшае месца для правядзення менавіта гэтага турніру, які прымеркаваны да Нараджэння Хрыста, Новага года і да свята св. Яна Боско. А на працягу года кожны чацвер можна прыходзіць гуляць у футбол у араторыі. Ёсць група ў сацыяльных сетках, дзе паведамляецца аб нейкіх зменах, калі гульняў няма па розных прычынах. Калі ласка, хай хлопцы прыходзяць.
А што ў маім жыцці змяніў гэты турнір… Значна лягчэй цяпер знайсці, з кім згуляць на працягу года і на іншых пляцоўках, бо ўжо не такія маладыя (смяецца — заўв. аўт.), а многія з сяброў ужо хто з-за лішняй вагі, хто з-за траўм не можа згуляць і бегаць з намі. Вось і добра. Трошкі жарт.
— А вы самі ўдзельнічаеце ў гульнях?
Уладзіслаў: Так, так. Нават перамагалі ў гэтым турніры два разы. Цяпер я гуляю у FC Convorto, якая з’яўляецца фарм-клубам FC Савіо, і на іншых спаборніцтвах большасць гульцоў FC Convorto гуляюць за FC Савіо. Ёсць яшчэ адна каманда, арганізаваная для «Кубка Дона Боско» гульцом FC Савіо — гэта FC Gallorossi.
Аляксандр: Два гады, у другім і трэцім турніры, перамагала FC Савіо, арганізаваная нашым салезіянскім араторыем. А зараз мы гуляем ужо ў розных камандах-прадстаўніках нашага араторыя. Але насамрэч, гэта адна каманда. Падзяліліся, бо ў FC Савіо даволі шмат гульцоў, іх хапае на дзве каманды для турніру фармату «Кубка Дона Боско», і, такім чынам, больш гульцоў можа ўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах.
Кс. Павел: Па магчымасці з задавальненнем гуляю ў футбол. Пару разоў гулялі з камандай святароў. У гэтым годзе падтрымліваў каманду са Смаргоні.
— З якімі цяжкасцямі вам прыходзіцца сустракацца падчас падрыхтоўкі і правядзення турніру?
Аляксандр: Асноўныя цяжкасці звязаны з недахопам часу. Бо на падрыхтоўку, статыстыку, вядзенне сайту, апрацоўку фотаздымкаў турніру, кожнага матчу траціцца сапраўды вельмі многа часу. А ёсць шмат прагненняў і, да таго ж, шмат іншых абавязкаў (хлопцы ўжо працуюць, а Аляксандр мае і сваю сям’ю — заўв. аўт.). Але хочацца, каб кожны новы турнір неяк пашыраўся, меў нешта новае. Штосьці стараемся кожны раз дадаць, каб новы турнір быў лепшы за мінулы. Складанасці заўсёды ёсць. Сабраць усіх і спланаваць вечары для кожнай каманды, каб было зручна, каб усе згулялі… У астатнім дапамагае вопыт, напрацаваная схема…
Уладзіслаў: Так, час – гэта самая вялікая складанасць. Асабліва ў снежні, калі кожны ранак едзеш на Рараты, потым праца, потым турнір і кладзешся спаць вельмі позна, таму што потым яшчэ трэба апрацаваць фотаздымкі ці статыстыку, напісаць артыкулы, размясціць інфармацыю ў інтэрнэце… Усё астатняе – зрабіць медалі, кубкі – таксама складана, але праходзіць добра, бо многія людзі ідуць насустрач і дапамагаюць. Напрыклад, магніты мне прывезлі са Смаргоні ў Мінск проста так і зрабілі іх па вельмі добрай цане… Таму, дзякую людзям, якія дапамагаюць, і дзякую святому кс. Боско, які, несумненна, таксама дапамагае, што ўсё праходзіць добра і дастаткова проста.
Кс. Павел: Акрамя часу, канечне, гэта чалавечы фактар — знайсці тых, хто дапаможа. Аднак сабраць людзей — гэта паўбяды. А вось арганізаваць, усіх задаволіць і да кожнага знайсці падыход і час… Таму тэхнічна гэта з кожным годам лягчэй — па напрацаваных схемах. Галоўнае, канечне, падтрымка іншых, жаданне рабіць адно і тое, час удзяліць... І вось што самае важнае: каб іншыя паверылі ў сэнс гэтай ідэі. Дзякуй Богу, гэта таксама атрымліваецца.
— Дык якім чынам футбольны мяч можа дапамагчы маладым людзям стаць святымі?
Уладзіслаў: Ён робіць чалавека лепшым, таму што не робіць яго горшым. Чалавек заняты, фізiчна развіваецца… Нават св. Дамінік Савіо аднойчы сказаў, што, калі б ведаў, што хутка памрэ, гуляў бы далей у футбол. А таксама, як падкрэсліваў і сам кс. Боско, спорт вельмі выхоўвае чалавека. Тое, што вакол футбола, можа дапамагчы стаць святым, а футбол і мяч – гэта вельмі добрая і зручная прылада.
Аляксандр: Магу дадаць толькі, што кожнае спаборніцтва – гэта імкненне да перамогі, перамогі над супернікам, пераадолення сваіх слабасцяў… Толькі такім чынам можна прыйсці да добрага выніку. Канешне, заўсёды ёсць гульня не па правілах, і гэта не выхоўвае. Мы стараемся добра прапісаць правілы. Правілы простыя. І наш футбол адрозніваецца, напрыклад, тым, што нельга ўжываць нецэнзурныя словы. Такая базавая рэч, але не для кожнага хлопца «з вуліцы» гэта норма жыцця. Таму мы стараемся гэта прывіць, прывіць гульню па правілах, паспрыяць самаўдасканаленню гульцоў і каб футбол прыносіў задавальненне і радасць.
Уладзіслаў: І ў нас гэта не проста фармальнасць, якая прапісана, але амаль не рэалізуецца, як, напрыклад, на гульнях FIFA. Гэта правіла дзейнічае! На гэтую тэму акурат рыхтуецца новы праект sdb.by/news «Чаму «НЕ»?!», у якім вы даведаецеся, чым жа небяспечныя нецэнзурныя словы, мацюканне.
Кс. Павел: Мяч – гэта добры інструмент. Спорт, гульня, фізічныя нагрузкі, супольны час... Ксёндз Боско моцна ў гэта верыў і называў спартыўную пляцоўку барабанам, які склікае моладзь. Таксама барабанам з’яўляецца і гэты турнір, які зазывае і веруючых, і няверуючых, і тых, хто павярхоўна ведае Хрыста. I яны, хоць ускосна, трапляюць у гэтую атмасферу. Важна i тое, што ёсць прапановы і па-за футболам. Першае, што заўважна ў салезіянаў, што кідаецца ў вочы, — гэта мяч. Але далей ёсць шмат прапаноў і працы, што датычыцца менавіта мяча і спорту ў араторыі.
— Смешныя моманты прыгадаеце?
(Улад і Саша смяюцца — заўв. аўт.)
Уладзіслаў: Не ведаю, смешна ці не, але памятаю, аднойчы шукаў свае джынсы па ўсім араторыі. Думаў, што ўжо зімой у шортах дадому пайду. А іх проста нехта перавесіў на іншы кручок. Смяяліся тады. Або вось мы баяліся, каб не разбіць вялікае акно ў зале, тады яшчэ не было абароны на ім. І вось адзін з гульцоў FC Савіо, касцёльны хлопец, трапіў акурат у яго. Яно патрэскалася моцна. Прыйшлося змяніць.
Кс. Павел: Цікава глядзець на араторый. Дзiрка ў сцяне – гэта ад футбола, батарэі цякуць, няма ралетаў на вокнах, лямпы ламаюцца – гэта ўсё ад футбола. З аднаго боку, і шкада, і можа падацца, што мы яго ламаем, але насамрэч, гэта сведчыць, што араторый жыве. Можа, меней маладых душ зламаецца. Невялікая цана за душы.
— Дзякую за размову. Дзякуй за гэты турнір.
Ірына Петрусевіч
Матэрыял сайта sdb.by
Матэрыял сайта sdb.by