Распачаўся Адвэнт - 4 тыдня годнага чакання і падрыхтоўкі да Прыйсця Пана Езуса. А разам з ім распачынаюцца Раратнія Святыя Імшы, якія у нашым касцёле будуць адбывацца кожны дзень акрамя нядзелі а 7 гадзіне раніцы. Усіх шчыра запрашаем!
Падчас Адвэнту ў касцёлах па ўсім свеце праходзяць спецыяльныя набажэнствы, якія маюць назву Раратняй Святой Імшы, а гэтая Святая Імша, як ні адна іншая, дапамагае зразумець усю значнасць Свята Божага Нараджэння. Але бывае яна зазвычай вельмі рана, калі яшчэ не ўзышло сонца, таму цяжкавата прачынацца і дабірацца да касцёла, але, перамогшы сябе, збіраешся і выходзіш з дому.
...Свежае, марознае паветра адразу бадзёрыць, і настрой змяняецца: забываеш пра сон і пачынаеш паволі заўважаць прыгажосць наваколля.
На вуліцы яшчэ пануюць ноч і цемра, пад нагамі рыпіць бялюткі снег, мароз кусае за шчокі, а ў небе трымцяць апошнія зоркі. Вакол яшчэ вельмі ціха, толькі белыя сняжынкі раз-пораз павольна апускаюцца з аблокаў, якія быццам птушкі ляцяць па чорным небе. Ад ліхтароў уздоўж дарогі снег выглядае вельмі прыгожа, быццам нехта рассыпаў па ім каштоўныя камяні, якія пераліваюцца і зіхацяць у глыбіні крышталікаў. Ды чаму нехта? Гэта Той, да Каго ты цяпер спяшаешся, Той, які стварыў увесь гэты цудоўны свет.
Але вось нарэшце і брама касцёла! Унутры вельмі цёмна, але ты запальваеш свечку ў ліхтарыку, і навокал становіцца крышачку святлей. Абапал цябе таксама людзі з запаленымі свечкамі.
Вельмі важна, што падчас Раратняй Святой Імшы мы асаблівым чынам узгадваем Марыю, дзякуем Ёй за тое, што Яна згадзілася стаць Маці Езуса Хрыста. Мы просім, каб Яна дапамагла нам жыць паводле свайго прыкладу і добра падрыхтавацца да святаў Божага Нараджэння.
Калі пасля Святой Імшы выходзіш з касцёла на вуліцу, бачыш, што сонца ўжо ўзышло і ўся вуліца змянілася. Здаецца, што ты выйшаў з касцёла зусім іншы, што змянілася не толькі вуліца, але і сэрца: цяпер у ім гарыць маленькае, але гарачае палымя, якое не дае замерзнуць і абуджае прагу саграваць гэтым цяплом іншых. На душы робіцца вельмі светла ад думкі, што ты прачнуўся так рана і прыйшоў да касцёла, што распачаты дзень напоўнены светлай, празрыстай радасцю, і на ўсе рэчы ты глядзіш праз прызму любові і дзякуеш за ўсё Пану Богу.
Матэрыял сайта Ave Maria.