Перыяд радаснага чакання, які не з’яўляецца постам або часам пакаяння, мае тры значэнні:
Найперш, Касцёл узгадвае першае гістарычнае прыйсце Хрыста. Мы яднаемся з усімі пакаленнямі з часоў Старога Запавету, якія на працягу многіх стагоддзяў чакалі сустрэчы са Збаўцам. Літургія ў перыяд Адвэнту апавядае пра тых святых, якія прадказвалі прыйсце Месіі. Бог ужо пасля першароднага граху абяцаў, што прыйдзе Той, хто знішчыць сатану. Выбраны народ з надзеяй чакаў спаўнення гэтага абяцання. Ян Хрысціцель стаў голасам, які прадказваў прыйсце Жаніха. Касцёл углядаецца таксама ў Марыю. Праз сваё «няхай мне станецца паводле твайго слова», Марыя вучыць паслухмянасці Слову ў веры.
Міжвольна мы ўжо думаем пра Божае Нараджэнне — чакаем свята. Праз малітву, раратнюю Імшу (святая Імша, якая традыцыйна цэлебруецца на світанні ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі), адвэнтавыя пастановы вернікі рыхтуюцца да гэтай светлай гадзіны. Бог стаў чалавекам, прыйшоў да людзей, аднак неабходна жаданне чалавека, каб выйсці Яму насустрач — сустрэцца з уцелаўлёным Божым Сынам. У перыяд Адвэнту своеасабліваю дапамогаю ў падрыхтоўцы да сустрэчы з Езусам з’яўляецца ўдзел у рэкалекцыях.
Адначасова Касцёл думае пра будучыню: узгадвае, што некалі Езус ізноў прыйдзе на зямлю, каб знішчыць зло і валадарыць ва ўсім свеце. Чаканне прыйсця Хрыста з’яўляецца крыніцаю незвычайнай радасці. Адвэнт нагадвае, што ўсё нашае жыццё — гэта чаканне. Чалавек, які ў сваім жыцці ўжо нічога не чакае, — нешчаслівы. Жыццё становіцца прыгожым таму, што з’яўляецца чаканнем, імкненнем да чагосьці, чаканнем Кагосьці — чаканнем Хрыста.
Матэрыял сайта catholic.by