Дазволіць Езусу ўжо сёння, у гэтую хвіліну, дакрануцца да сябе заахвоціў кс. Андрэй Рылка на рэкалекцыях, якія ён праводзіў 16-18 снежня ў мінскай Серабранцы. Напачатку рэкалекцый святар заклікаў парафіянаў маліцца і прасіць Хрыста дапамагчы прывесці ў парадак тое, што параскідвана, разбурана ў жыцці, каб быць падрыхтаванымі да свята Божага Нараджэння.
У першы дзень рэкалекцыяніст растлумачыў людзям значэнне рэкалекцый і правілы добрага перажывання гэтага часу. Ксёндз Андрэй адзначыў, што рэкалекцыі дадзены, каб «падлячыць слых нашага жыцця…, каб прыкласці вуха да нашага жыцця і да Езуса». Ён параіў сабраным не канцантравацца на сваіх грахах, але перш за ўсё заўважыць у сваім жыцці Бога. А потым, сустрэўшыся з Езусам, разам з Ім глядзець на свае слабасці, каб не перабольшваць і не перамяншаць свае слабасці, але ўбачыць праўду аб сабе. «Без Бога чалавек неадэкватны і часта заходзіць у крайнасці, лічачы сябе альбо нічым, альбо богам!» — адзначыў святар. Таксама парафіяне атрымалі дамашняе заданне паразважаць над сваім жыццём і знайсці там сляды Бога, успомніць моманты дотыку Бога. У рэтраспектыве свайго жыцця успомніць першы крок веры, паглядзець, у які момант і як Езус увайшоў у жыццё, дзе яскрава было бачна дзеянне Творцы ў асабістым жыцці. А таксама знайсці Яго цяпер, дзе Ён знаходзіцца ў гэты момант жыцця.
На працягу трох дзён святар сустракаўся з рознымі малітоўнымі групамі, з моладдзю, сем’ямі і дзецьмі парафіі. Для кожнага ён даў параду, як будаваць адносіны з Богам і адзін з адным. Так моладзі кс. Андрэй параіў звярнуцца да Бога з просьбай учыніць у жыцці штосьці такое, чаго яшчэ ніколі не чыніў, і не баяцца прыняць гэтае дзеянне. Дазволіць Богу зламаць рамкі, у якія малады чалавек загнаў Бога, свае мары, жаданні, іншага чалавека, бо Бог значна большы і сваімі ласкамі пераўзыходзіць чалавечыя планы. Сем’ям было прапанавана чатыры правілы. Па-першае, заўважыць блізкага чалавека, заўважыць яго вочы, душу, тое, што з ім дзеецца. Па-другое, заўважыўшы, умець прымаць чалавека такім, якім ён ёсць. Але для гэтага трэба яго ведаць, ведаць, што ён адчувае, а не прыдумваць, а значыць знайсці час, каб сесьці побач з ім і паразмаўляць, каб быў час рассказаць, падзяліцца. З гэтага выцякае трэцяе правіла: час для блізкага чылавека, не на выкананне абавязкаў у адносінах да яго, але час для душы. Не ператвараць сродкі і інструменты ў мэту жыцця. Чацвёртае правіла: умець падцвердзіць любоў свайму мужу/жонцы. «Рабіце і прымайце падарункі!» — заклікаў святар. Але падарунак не павінен быць таксама абавязкам (напрыклад боты, якія і так трэба купіць).
На завяршэнне рэкалекцый святар таксама прапанаваў шлях развіцця духоўнага жыцця: абудзіцца духоўна. Гэтае абуджэнне павінна пачацца з простай малітвы. Другі крок — змяніць погляд на сваё жыццё: паглядзець на яго, як на гісторыю збаўлення, не прыдумаць яго, не прыдумаць сваё пакліканне, але адкрыць тое, што даўно прыдумаў і ўклаў у сэрца Бог. Далей, трэба заўважыць Бога. Дазволіць Богу быць Богам. Зкінуць з Ягонага трону ўсіх ідалаў, якімі могуць быць нашыя грахі, мы самі, іншыя людзі, інструменты і сродкі, замест мэтаў, і так далей... І прыняць Хрыста, як Пана і Гаспадара жыцця, а не мудраца ці настаўніка, як зрабіў гэта калісьці Юда.
Такім чынам, шмат заданняў і парад атрымалі парафіяне. Многа ласкаў, якія Бог чыніў праз паслугу святароў у святых сакрамэнтах і Божым Слове. Далей застаецца дзеянне з боку чалавека.
Ірына Петрусевіч
Матэрыял сайта sdb.by
Матэрыял сайта sdb.by