Адрас: вул. Пляханава, 28 к1,
  Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл +375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Успамін св. Яна Боско урачыста святкуе 31 студзеня Салезіянская сям’я ва ўсім свеце. Мінск на адзін дзень стаў падобны да таго Вальдокка ў Турыне, адкуль салезіянская харызма распаўсюдзілася па ўсім свеце. Бо менавіта ў Мінску ў гэты дзень прадстаўнікі ўсіх галін Салезіянскай сям’і Беларусі, моладзь і госці — усіх каля 500 чалавек — сабраліся на ўрачыстае святкаванне дня нараджэння для неба свайго заснавальніка. Святую Імшу ўзначаліў часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёр Марынко Анталовіч. 
 
 
 
Асаблівымі пунктамі ўрачыстасці сталі: падзяка за пражыты Юбілейны год святкавання 200-годдзя з Дня нараджэння св. Яна Боско і прэзентацыя Дэвізу на 2016 год. Таксама ўсе прысутныя сталі сведкамі гістарычнай падзеі развіцця Салезіянскай Сям’і на Беларусі: было асвечана і ўручана салезіянам першае выданне Канстытуцыі Таварыства Святога Францішка Сальскага на беларускай мове. Кранальным падчас св. Імшы для Салезіянскай сям’і быў і момант, калі ксяндзы салезіяне і салезіяне супрацоўнікі аднаўлялі свае абяцанні вернасці Богу і харызме святога Яна Боско, кожны адпаведна свайму стану. 
 
 


Адказны за салезіянаў на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB прывітаў ўсіх прысутных на ўрачыстасці, падкрэсліваючы важнасць кожнага сабрата, кожнай сястры салезіянкі і салезіяніна супрацоўніка. Асаблівым чынам словы прывітання святар скіраваў да моладзі, служэнню якой паклікана ўся Салезіянская сям’я. Ксёндз Віктар пажадаў скарыстацца з магчымасці падзякаваць Богу за дар святога Яна Боско і плённа перажыць гэту святую Эўхарыстыю.  «Мы моцная і дружная сям’я. І я спадзяюся, што праз гэтую ўрачыстасць мы не толькі адновім нашую салезіянскую духоўнасць, але зачэрпнем неабходную творчую сілу для далейшай душпастырска-выхаваўчай працы ў стылю кс. Боско», — дадаў Рэгіянальны настаяцель.

 

Святы Ян Боско быў вельмі адданы і паслухмяны Святому Айцу. Салезіяне наследуюць свайго заснавальніка ў гэтым. Таму вялікім гонарам была прысутнасць на свяце прадстаўніка Апостальскай Сталіцы часовага паверанага ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёра Марынко Анталовіча. Ерарх падзяліўся з сабрынымі тым, што ён вельмі рады раздзяліць гэтую ўрачыстасць з Салезіянскай сям’ёй. Святар падкрэсліў, што такія сустрэчы з’яўляюцца нібы лекам для святара-дыпламата, які большую частку свайго часу працуе з дакументамі. У гаміліі мансеньёр Марынко прыгадаў, што св. Ян Боско спрачаўся з Богам, пытаючыся ў Яго, чаму Ён нічога не робіць, каб дапамагчы патрабуючым, асабліва беднай моладзі. І на гэта Святы атрымаў адказ ад Бога: «Я ўжо зрабіў, Я стварыў цябе!» «Дарагая моладзь, дарагія дзеці, многія з вас маюць той самы узрост, як ксёндз Боско ці прарок Ерамія, у якім Бог звярнуўся да іх. Таксама і вас Бог любіць гарачай любоў, як любіў прарока Ерамію і ксяндза Боско. І таксама для кожнага з вас Бог мае свой план.  Слухайце, маліцеся, прасіце Пана і дазвольце, каб Ён кіраваў вамі», — звярнуўся святар да малодшага пакалення. Працягваючы разважанні, прадстаўнік Апостальскай Нунцыятуры падкрэсліў, што кожны можа стаць падтрымкай і праяўленнем любові і клопату Бога для бліжняга. Вельмі важна зрабіць тое, што кажа Пан, не апраўдваючыся занадта маладым узростам, няўменнем прамаўляць, як гэта было з прарокам Іераміяй, альбо недахопам часу ці стомленасцю. Трэба ўстаць і пачаць рабіць тое, што кажа Бог.  Мансеньёр Марынко падкрэсліў, што і сёння свет патрабуе такіх постацяў, як ксёндз Боско і прарок Іерамія, якія б сталі голасам Бога і мастом паміж Богам і чалавецтвам. Таксама святар заклікаў не палохацца выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія так часта сустракае чалавек, але якія былі таксама і на шляху Езуса, Марыі і шматлікіх святых. Ён заахвоціў заставацца вернымі хрысціянамі, засяродзіць увагу на магчымасцях даць сведчанне нашай веры і любові, радавацца перад абліччам выпрабаванняў, якія дазваляюць даваць гэтае сведчанне. А на прыканцы гаміліі мансеньёр Марынко пажадаў усім святасці і паўтарыў словы апостала Паўла: «Радуйцеся заўсёды ў Пану».

 

Працяг святкавання адбыўся ў араторыі. Там салезіянская моладзь падрыхтавала праграму, якая працягвала разважанні на тэму радасці, як шляху да святасці і адметнасці салезіянскай харызмы. Мэтай падрыхтаваных танцаў, тэатральных пастановак, спеваў і гульняў было паказаць, што радасць існуе, нягледзячы на штодзённыя клопаты, і да яе трэба імкнуцца; падкрэсліць каштоўнасць сям’і; расказаць, што харызма ксяндза Боско жыве і развіваецца. Таксама маладыя разважалі над Дэвізам Салезіянскай сям’і на 2016 год. Вядучыя — малады хлопец Максім, які сустрэў ў сваім жыцці салезіян, і дзяўчына-робат Дзіяна — былі «гідамі» па гэтай праграме. Каб выканаць пастаўленую мэту, яны паклікалі на дапамогу шмат іншых людзей з адкрытымі сэрцамі, гатовымі дзяліцца сваім досведам і ўменнем радавацца ў Пану.

І канечне прысутныя назіралі за момантам уручэння медалёў пераможцам і лепшым гульцам пятага юбілейнага турніру па мікра-футболе «Кубак Дона Боско». 

Варта адзначыць, што Салезіянская сям’я прыклала шмат намаганняў, каб урачыстае святкаванне ўспаміну святога Яна Боска прайшло ў лучнасці з Генеральным Настаяцелем ксяндзом Анхэлем Фярнандэсам Арцімэ SDB і  салезіянскімі пляцоўкамі ва ўсім свеце. Таму, акрамя Дэвізу,  да свята былі перакладзены на беларускую мову відэазварот з віншаваннямі кс. Анхэля і  «Пасланне Генеральнага Настаяцеля да моладзі з усіх салезіянскіх пляцовак у свеце з нагоды ўрачыстасці святога ксяндза Боско»якое прачытаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB напрыканцы праграмы.  
 
 

Закончылася свята благаслаўленнем, якое ўдзяліў прысутным мансеньёр Марынко, смачным пасілкам і цёплымі размовамі сабраўшыхся разам з нагоды ўрачыстасці св. Яна Боско прыхільнікаў салезіянскай харызмы.
 

 

Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч
Матэрыял сайта sdb.by

 

© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску