31 студзеня падчас святкавання ўрачыстаці св. Яна Боско ў Мінску (парафія св. Яна Хрысціцеля) часовы павераны ў справах Апостальскай Нунцыятуры мансеньёр Марынка Анталовіч асвяціў першае ў гісторыі дзейнасці салезіянаў на Беларусі выданне Канстытуцыі Таварыства Святога Францішка Сальскага на беларускай мове.
Як падкрэсліў рэгіянальны настаяцель Таварыства кс. Віктар Гайдукевіч SDB, праца над перакладам гэтага дакумента пачалася ўжо даўно, дзякуючы намаганням старэйшых сабратоў. Цяпер да гэтага далучылася новае пакаленне салезіянаў і іншыя людзі. Дэлегат скіраваў словы ўдзячнасці да ўсіх, хто дапамагаў рэалізаваць гэтую справу, звяртаючы ўвагу на глыбокі сэнс Канстытуцыі: «каб мы, салезіяне, ніколі не згубілі духоўнае багацце нашай салезіянскай традыцыі і каб заўседы мелі вызначаную апостальскую праграму жыцця і дзейнасці, ксёндз Боско пасля сваёй смерці застаецца і надалей сярод нас у салезіянскай Канстытуцыі, якую кожны салезіянін атрымлівае, складаючы першыя часовыя манаскія абяцанні. У Канстытуцыі святы ксёндз Боско паказвае нам шлях нашага асвячэння і заахвочвае нас няспынна і мужна даваць сведчанне гэтага асвячэння, як найдаражэйшага дару для моладзі,» — сказаў рэгіянальны настаяцель.
Напрыканцы ўрачыстай св. Імшы ў гонар св. Яна Боско кс. Віктар звярнуўся да мансеньёра Марынко з просьбай асвяціць Канстытуцыю і ўручыць яе кожнаму сабрату.
Пасля атрымання выдання, салезіяне аднавілі свае манаскія абяцанні паслухмянасці, убоства і чыстасці ў святарскім служэнні на хвалу Богу і дзеля збаўлення душаў у харызме святога Яна Боско.
Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч
Матэрыял сайта sdb.by
Матэрыял сайта sdb.by