Мая дарагая моладзь, ДАЗВОЛЬЦЕ ЕЗУСУ ВАС ЗАВАЯВАЦЬ!
Мая дарагая моладзь з усяго свету! Мае сябры і сяброўкі! Ведаеце, што я вам скажу? Мяркую, мне вельмі добра ўдалося зразумець тое, што перажываў ксёндз Боско, калі пісаў хлопцам у розныя дамы і араторыі, кажучы ім, што яму моцна іх не хапае, што ён шчыра прагне вярнуцца, каб быць з імі. Магу вас запэўніць, што я прагну перажыць гэтую прыгожую ўрачыстасць ксяндза Боско ў кожным месцы нашага салезіянскага свету і павіншаваць вас асабіста. І маліцца разам. І ўсміхацца, радавацца, спяваць і танцаваць, як мы звычайна гэта чынім, выражаючы нашу вялікую салезіянскую радасць. «Быць радасным — вось аснова святасці», — казаў св. Дамінік Савіо.
З той прычыны, што я змагу прысутнічаць толькі ў адным месцы, праз гэтае пасланне я хачу трапіць у вашыя сэрцы, далікатна просячы вас, каб вы пажадалі прыняць, дарагія хлопцы і дзяўчаты, мае найлепшыя пажаданні шчасця і святасці, якія я скіроўваю да кожнага з вас.
Калі вы будзеце перажываць вялікую ўрачыстасць ксяндза Боско, я буду знаходзіцца ў Сьера-Леонэ, на афрыканскім кантыненце, з нашымі сабратамі салезіянамі, якія пажадалі застацца там нават у цяжкі перыяд эпідэміі віруса Эбола, будучы разам з хлопцамі і дзяўчатамі, якія з-за гэтай хваробы страцілі сваіх татаў і мам, і для якіх цяпер мы з’яўляемся адзінай сям’ёй. Калі я буду сярод іх, я скажу ім, што моладзь з салезіянскіх пляцовак усяго свету і ўся наша Салезіянская Сям’я памятаюць пра іх.
А я, думаючы пра вас і пасланне, якое можа стаць для вас адпраўным пунктам у дзень урачыстасці ксяндза Боско, хачу сказаць вось што: МАЯ ДАРАГАЯ МОЛАДЗЬ, ДАЗВОЛЬЦЕ ХРЫСТУ ВАС ЗАВАЯВАЦЬ!
Згодна з тым, у чым я пераконваю ўсю Салезіянскую Сям’ю ў свеце, я прашу вас: дазвольце Пану «ўкрасці» вашыя сэрцы. Мая дарагая моладзь, не бойцеся таго, што Пан Езус стане вельмі важнай часткаю вашага жыцця. Не бойцеся таго, што Пан Езус вельмі глыбока ўвойдзе ў вашыя сэрцы, да такой ступені, што не зможаце без Яго жыць.
Магчыма, нехта спытае ў мяне, навошта я кажу вам пра гэта. Па-першае, таму што люблю вас і прагну для ўсіх вас, хлопцы і дзяўчаты, поўнага і шчаслівага жыцця; па-другое, таму што пра гэта сказаў бы вам ксёндз Боско, як ён казаў гэта сваім хлопцам з Вальдокка; па-трэцяе, і што самае важнае, бо такая ёсць праўда: гэта відавочна, што з Езусам усё набывае адпаведны бляск.
Не думайце, што ў грамадстве, горадзе або месцы вашага жыхарства ёсць шмат такіх, хто скіруе да вас гэтае запрашэнне. Гэта не модна. Аднак жа любоў Бога да кожнага з вас, мая дарагая моладзь, гэта не пытанне моды, а рэчаіснасць, якая даходзіць да кожнага месца і да ўсіх людзей, калі яны дазволяць, каб у іх сэрцы гучаў Яго голас.
Вось, што канкрэтна я прапаную вам:
- Прапаную вам спыніцца, так надоўга, наколькі гэта магчыма, каб услухацца ў сябе, каб увайсці ў свой унутраны свет, каб прыслухацца да свайго ўнутранага голаса.
- Прапаную вам, калі ўжо апынецеся ў сваім унутраным свеце, шукаць прысутнасць Бога, які ёсць Любоў, Жыццё і пастаянная Навіна. Запрашаю вас да гэтага досведу — адкрыцця і пазнання Яго.
- Прапаную дазволіць, каб вам дапамаглі ў гэтым быцці шукальнікамі Бога, каб навучыцца чытаць жыццё як благаслаўленне Бога, захапляцца Яго прысутнасцю і Яго адбіткам у вас, а таксама пазнаць Яго як таго, хто сапраўды шукае вас, ёсць разам з вамі і жыве ў вас.
- Прапаную вам зведаць пачуцці, якія прывядуць вас да асабістага спаткання з Езусам; спаткання, якое заўсёды будзе вас зачароўваць і гарантуе трываласць вашаму жыццю.
- Прапаную вам сталець у праўдзівым сяброўстве з Езусам, сяброўстве, якое будзеце ўмацоўваць у асабістай і супольнай малітве, у сакрамэнце Эўхарыстыі, а таксама ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.
- Прапаную вам папрасіць Бога Айца, каб удзяліў дар Святога Духа, які ўмацуе вас у выбары належаць толькі Яму, быць паслядоўнікамі Езуса.
- Прапаную вам вучыцца штораз больш цаніць сям’ю, сяброўства, братэрства і салідарнасць з тымі, хто церпіць.
- Прапаную вам яшчэ нешта надзвычайнае: адказаць на выклік прыняцця жыцця як дару і як служэння, што, несумненна, зробіць вас лепшымі і надасць поўны сэнс вашаму жыццю.
І ўсё гэта ажно да моманту, калі выспее ваша ўласная праграма жыцця, рэалізуючы мару Бога адносна кожнага з вас, з перакананнем, што ў кожнай сітуацыі, як бы там ні было, гэтая мара заўсёды будзе гарантыяй вашага шчасця.
Мая дарагая моладзь, завяршаю падобна як і пачынаў — маім прывітаннем і пажаданнем больш радаснага перажывання ўрачыстасці нашага любімага ксяндза Боско. Няхай Успамога Хрысціянаў, Маці, якая зрабіла ўсё для яго, будзе надалей вашым бяспечным прыстанкам і няхай Пан Езус надалей заваёўвае вашыя сэрцы і вашае жыццё.
З сардэчнымі абдымкамі,
Кс. Анхэль Фэрнандэс Арцімэ SDB
Генеральны Настаяцель
(пераклад с польскай мовы: Валянціна Грамыка)