Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Ян Хрысціцель беларускім мастацтве
Святы апякун

Аляксандр Ярашэвіч
«Наша вера» 2(20)/2002

Імя гэтага святога — найбольш пашыранае ў хрысціянскім свеце. 23 рымскія Папы ўзялі яго пры ўступленні на папскі трон, яго атрымалі пры хрышчэнні многія славутыя асобы — Іаан Дамаскін, Ёган Себасцьян Бах, Ёган Вольфганг Гётэ, Джон Кенэдзі, Ян Сабескі, Іван Франко… Гэты пачэсны пералік можна значна працягнуць — ёсць у ім і наш Ян Луцэвіч (Янка Купала)…

Евангеліст Лука апавядае, што ў дні Ірада жыў праведны святар Захарый з жонкай Альжбетай. Былі яны ўжо ў сталым веку, але не мелі дзяцей, што ў тыя часы лічылася ганебным. Аднойчы, калі Захарый служыў у храме, з’явіўся яму анёл, які, стоячы па правы бок кадзільнага ахвярніка, сказаў: «...пачута малітва твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян… ён вялікі будзе перад Панам Богам… і Духам Святым прасякнецца яшчэ ад улоння маці сваёй і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Пана Бога іхнага». Калі Захарый усумніўся, што так можа быць у іх сталым узросце, анёл (а гэта быў Габрыэль) за недавер да Божага пасланца пазбавіў святара мовы да таго часу, пакуль не спраўдзіцца прадказанае1.

Праз шэсць месяцаў арханёл Габрыэль з’явіўся ў Бэтлееме са Звеставаннем Марыі аб Нараджэнні Езуса і ў адказ на яе разгубленасць спаслаўся на прыклад яе сваячкі. Марыя пайшла ў дом Захарыя і прывітала Альжбету. Калі тая пачула яе вітанне, варухнулася дзіцятка ў яе ўлонні, і Альжбета напоўнілася Духам Святым2. Гэтая падзея адзначаецца ў Касцёле як Наведзены Марыяй Альжбеты.

Калі Альжбета нарадзіла сына, на восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі, Захарыем, але маці пажадала назваць Янам. Суседзі запярэчылі, бо нікога ў яе радзіне не было з такім імем, і сталі знакамі пытацца ў бацькі, як бы ён хацеў назваць сына. Захарый папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе здзівіліся. І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога3.

Іканаграфія Нараджэння Яна Хрысціцеля ў асноўных рысах нагадвае Нараджэнне Багародзіцы, як гэта можна бачыць на абразе ХVІІІ ст. з царквы ў Вялікіх Сяхновічах (на Брэстчыне), намаляваным Янам Вышынскім (імя пакуль што ў гісторыі беларускага мастацтва невядомае). У кампазіцыі з многімі асобамі справа выдзеленая Альжбета ў светлай сукенцы і зеленавата-шэрым плашчы. Ахінутая зверху чырвоным полагам, яна сядзіць на ложку, абапёршыся на горку светлых падушак, і трымае на каленях на светлай раскрытай пялёнцы дзіця (ужо з прамяністым німбам вакол галавы). Жанчына, што стаіць побач, дапамагае падтрымліваць дзіця і пільна глядзіць на Захарыя, які сядзіць у крэсле з высокай спінкай. Сівабароды першасвятар паказаны ў профіль, у адпаведных яго сану адзеннях і двурогім галаўным уборы. Ён піша імя сына, аднак не на дошчачцы, а на нахіленай масіўнай шэрай пліце, якую, стоячы перад першасвятаром на каленях і трымаючы чарніліцу, падпірае рукой мажная кабета. Паміж Захарыем і Альжбетай, крыху на заднім плане, стаяць два, мяркуючы па адзеннях, пачцівыя служыцелі храма і немаладая сямейная пара сваякоў ці суседзяў. Сяхновіцкі абраз можна лічыць вельмі характэрным прыкладам сталага барока уніяцкага алтарнага жывапісу.

Да гэтага ж часу (ці крыху ранейшага) і мастацкага стылю належыць абраз з-пад Брэста, на якім нараджэнне Яна паказана больш лаканічна, з не надта дасканалай кампазіцыяй, меншай колькасцю асобаў і выразнай грубаватай дынамікай дзеяння. У цэнтры на пярэднім плане — вялізная постаць служанкі, якая трымае на каленях дзіця на светлым разгорнутым пакрывале. Да яе схілілася другая, багацей апранутая, кабета, якая налівае ваду для купання, трымаючы ў руцэ штосьці падобнае да звою палатна. Над галовамі жанчын узвышаецца каларытная фігура Захарыя з непрапарцыянальна вялікай галавой у двурогай мітры. Ён паказвае гледачу ліст паперы з кірылічным напісам «Иоаннъ да будетъ имя ему». Злева, аддаленая ад папярэдняй групы, пад велізарным цяжкім балдахінам з падвешаным полагам, сядзіць на ложы Альжбета. У самым нізе, у левым вугле, стаіць выраб мясцовага бондара — кадаўб значных памераў.

На познеуніяцкім абразе з Наваградчыны ў кампазіцыі «Нараджэнне Яна» няма Альжбеты — тут паказаны эпізод выбару імені. Перад сталом стаяць дзве служанкі, адна з якіх трымае на пялёнцы дзіця. Захарый — велічны старац з пышнай барадой і кручкаватым носам — сагнуўся над сталом, узняўшы руку пасля напісання вядомай фразы...

Ні адно з Евангелляў, ды і апокрыфы, не сведчаць, што Езус і Ян калі-небудзь сустракаліся ў дзяцінстве. Тым не менш італьянскія мастакі эпохі Рэнесансу ўвасобілі іх сакральную повязь ад самага пачатку жыцця ў сюжэце «Мадонна з Дзіцем і Янам». Крышку больш старэйшы Ян трымае крыжык з чароту4. Такія выявы асабліва пашырыліся ў еўрапейскім мастацтве пасля Рафаэля, творы якога былі ўзорам для мастакоў эпохі барока і класіцызму. Адзін з найбольш выразных беларускіх алтарных абразоў у стылі сталага барока паходзіць з-пад Глыбокага. На ім велічная Маці Божая ў светлай сукні і сінім плашчы сядзіць у крэсле, займаючы амаль усю плошчу карціны. Твар Марыі па тыпажы і манеры выканання нагадвае шляхецкія партрэты таго часу. Яна схілілася над Дзіцем, якое сядзіць на Яе каленях, але позірк скіраваны прама. Ян стаіць злева ўнізе і перадае Езусу птушачку (напэўна, шчыгла). Ва ўзнятай левай руцэ Марыя трымае кармеліцкі шкаплер, што можа сведчыць пра сувязь абраза з вядомым кляштарам кармелітаў у Глыбокім. Кранальным прыкладам захавання традыцыйнага жывапісу можна лічыць цудам захаваны абразок з-пад Халопенічаў. На ім Дзіця, прыўзняўшыся на каленях Маці, прыхілілася да Яе, як у «Замілаванні», а ўкленчаны Ян склаў ручкі ў малітоўным захапленні. У ХІХ ст. «рафаэлеўскі сюжэт» шырока распаўсюдзіўся і ў праваслаўных храмах, а ў канцы стагоддзя яго засвоілі нават прымітывісты так званай «гомельскай школы».

Пра досыць працяглы, але мала вядомы пачатковы перыяд жыцця Яна сведчыць толькі кароткі тэкст евангеліста Лукі: «А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня з’яўлення свайго Ізраілю»5. Прычыны ўцёкаў Яна ў пустыню апакрыфічнае «Протаевангелле Якуба» тлумачыць загадам Ірада пасля нараджэння Езуса забіць усіх дзяцей ад двух гадоў. Святая Сям’я ўратавалася ўцёкамі ў Егіпет. «А Альжбета, пачуўшы, што шукаюць Яна (яе сына), узяла яго і пайшла на гару. І шукала месца, дзе схаваць яго, але не знайшла. І ўсклікнула моцным голасам, кажучы: гара Бога, упусці маці з сынам, і гара расчынілася і ўпусціла яе. І святло свяціла ім, і анёл Гасподні быў разам з імі, ахоўваючы іх»6. Далей апавядаецца, што Ян жыў у пустыні як аскет, ахінаючыся толькі жывёльнай шкурай, і як грозны прарок Усявышняга заклікаў народ да пакаяння і хрышчэння. І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць? Ян даваў парады, вельмі прыдатныя і нашым сучаснікам: багатым — дзяліцца адзеннем і ежай з беднымі, мытнікам — не браць больш вызначанага, воінам — нікога не крыўдзіць.

Гэтая евангельская гісторыя шырока распаўсюджана ў праваслаўным іканапісе ХІХ ст. пад назвай «Ян Прадцеча ў пустыні». Своеасабліва паказаны гэты сюжэт на абразе 2-й паловы ХVIII ст. з касцёла ў Мсцібаве (Гродзеншчына). У цэнтры сядзіць Ян, які трымае перад сабою высокі крыж (характэрны для яго асобы). Побач — ахвярны баранчык. Магутная постаць Яна з шырокімі плячамі хутчэй нагадвае асілка Геркулеса, а не схуднелага ад посту прапаведніка. Ды і пейзаж мала падобны на выпаленую сонцам Палестыну: пад нагамі Яна зелянее трава, абапал растуць высокія зялёныя дрэвы, за спінаю ўзвышаецца гара — верагодна, так мастак нагадвае пра апакрыфічную легенду аб сховішчы малога Яна з маці ад забойцаў Ірада. Жывапіс абразоў 2-й паловы ХІХ ст. мае запознены класіцыстычна-акадэмічны характар. На абразе ў васілішкаўскім касцёле басаногі Ян стаіць на фоне цясніны паміж дзвюх гор з маленькімі дрэўцамі і трымае на руках, накрытых яго плашчом, маленькага белага баранчыка. У адной з гор бачны ўваход у пячору. На абразе з Жухавічаў (Гродзеншчына) магутная фігура святога паказана на фоне ўмоўнага пейзажу: Ян стаіць на правым калене, спінай, сашчапіўшы рукі, галава павернута. У іншым абразе з Гродзеншчыны франтальная выява Яна ў рост, з высокім посахам-крыжам, мае вельмі прадстаўнічы выгляд.

У асноўным урачысты рэпрэзентатыўны характар маюць разьбяныя скульптуры Яна Хрысціцеля. Сярод дайшоўшых да нашага часу самая старажытная і адметная знаходзіцца ў галоўным алтары ў воўпенскім касцёле, які фундаваў Казімір Леў Сапега, сын Льва Сапегі, на той час пісар і маршалак надворны, а з 1645 г. падканцлер Вялікага Княства Літоўскага. Алтар у стылі ранняга барока выкананы невядомымі майстрамі ў 1633—1639 гг. Архітэктурная структура, памаляваная ў чорны колер, пабудавана на ўзор трохвосевай трыумфальнай аркі, падзеленай калонамі на тры полі і шчодра аздобленай пазалочанай накладной разьбой. У асноўным ярусе абапал цэнтральнага абраза «Укрыжаванне» стаяць велічныя скульптуры нябеснага апекуна фундатара алтара св. Казіміра і Яна Хрысціцеля, у імя якога асвечаны касцёл. Ян стаіць на авальнай падстаўцы, ступні яго ног зведзеныя, і гэта надае магутнай фігуры адчуванне няўстойлівасці. Цела маляўніча ахінута абарваным унізе хітонам і пазалочаным плашчом, мадэляваным складкамі з фантастычным рэльефам. Правая апушчаная рука прытрымлівае доўгі посах, на левай, ненатуральна выгнутай уперад, ляжыць кніга з ахвярным баранчыкам. Галава энергічна звернута ўлева, як бы да цэнтра алтара, прыгожы твар сведчыць пра рашучы нязломны характар. Пышныя валасы завітымі пасмамі кладуцца на плечы, нагадваючы вядомыя скульптурныя партрэты Берніні ці партрэтныя гравюры Гондзіуса. У беларускай скульптуры эпохі барока не захавалася іншай скульптуры з такой эфектнай пластыкай, складанымі паваротамі фігуры, выразным унутраным напружаннем і дынамікай.

Іконаграфічна падобная да воўпенскай і блізкая па часе выканання скульптура Яна знаходзіцца ў знакамітым Будслаўскім алтары (1637 г.), выкананым для бернардзінскага касцёла «Наведання Марыяй Альжбеты» майстрам Пятром Грамэлем, пра якога мы, на жаль, нічога больш не ведаем. Выразаная не менш таленавітым майстрам, яна, аднак, падае іншы, ідэалізаваны, спакойны, можна сказаць, арыстакратычны вобраз святога. Незвычайна рэльефна мадэляванае пазалочанае адзенне пры асвятленні храма дае прыгожыя святлоценевыя эфекты.

Скульптура невядомага мясцовага разьбяра сярэдзіны ХVІІІ ст. з касцёла ў Мастах не вызначаецца такой вытанчанай разьбой і пазалотай, як вышэй згаданыя, і належыць ужо да перыяду згасання разьбянай алтарнай скульптуры, пераходнага ад барока да класіцызму. Тым не менш, добрае адлюстраванне анатоміі цела, рэальныя прапорцыі і натуральны жэст сведчаць пра майстэрства разьбяра. Аголены да пояса Ян упэўнена стаіць на масіўнай падстаўцы, крыху схіліўшы галаву ўніз, дзе каля яго ног ляжыць ягнё; узнятая рука трымае сімвалічны посах з крыжыкам.

Самы пашыраны ў беларускім сакральным мастацтве евангельскі сюжэт з удзелам Яна — «Хрышчэнне Езуса». Ён вядомы ў розных відах мастацтва — манументальным жывапісе і іканапісе, графіцы і скульптуры. Пра саму падзею ўсе чатыры евангелісты апавядаюць у агульных рысах. «І было ў тыя дні, прыйшоў Езус з Назарэта Галілейскага і хрысціўся ў Яна ў Ярдане. І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго»7. Іканаграфія сюжэта, вядомая ў раннехрысціянскім мастацтве, завяршылася да Х стагоддзя і далей у галоўных рысах не змянялася8. У гальшанскім касцёле на плоскай алтарнай сцяне намалявана велічная барокавая архітэктурная кампазіцыя накшталт эдзікулы, завершанай купалам. У цэнтры, нібы на сцяне капліцы, у светлым празрыстым каларыце, характэрным для жывапісу ракако, намалявана хрышчэнне Янам Езуса. Паводле архіўных звестак паўднёвы прыдзел царквы св. Мікалая ў Магілеве быў размаляваны «ў імя святога прарока Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана». Там жа ў барабане купала захаваліся роспісы «Хрышчэнне Ісуса», «Іаан хрысціць іудзеяў» і «Адсячэнне галавы Іаану Хрысціцелю». Апошні, драматычны, сюжэт досыць рэдка сустракаецца ў старабеларускім мастацтве. На пярэднім плане — тры фігуры: два стражнікі і Ірадыяда, якая трымае ў руках блюда з галавою Яна. Усе багата апранутыя, нават каты — стражнікі, каля ног якіх ляжыць абезгалоўленае цела Хрысціцеля9. У міхалішкаўскім касцёле скульптура Яна, як патранальная, стаіць у галоўным алтары, вылепленым са штуку у апошняй чвэрці ХVІІ ст. «майстрамі касцёла Пятра і Паўла ў Вільні». Апрача таго, на паўднёвай сцяне, каля прэзбітэрыя, дзе звычайна размяшчаецца хрысцільня, знаходзіцца рэльеф «Хрышчэнне Езуса» тых жа штукатараў. Пра іх майстэрства сведчыць натуральная празрыстасць вады ў пластыцы цвёрдага непразрыстага матэрыялу.

Кампазіцыя міхалішкаўскага рэльефа выпрацавана у часы Рэнесансу10 і пастаянна прысутнічае ў абразах беларускай школы, але, на жаль, сярод іх няма твораў ранейшых за ХVІІІ ст. Хрыстус стаіць у набедранай павязцы, па костачкі ў вадзе, напаўаголены, а Ян Хрысціцель у вярблюджай шкуры — стаіць на беразе, дзе лье з ракавіны ваду на галаву Езуса (над Яго галавой звычайна лунае голуб — Святы Дух). Так выглядае абраз з Дамачава, на якім выкананы не толькі характэрны для беларускага іканапісу разьбяны фон, але ў той жа тэхніцы распрацаваны асаблівасці адзення. У абразах эпохі Контррэфармацыі Езус часам стаіць на каленях, што сведчыць пра Яго пакорлівасць. Такая дэталь заўважная на прыгожым разьбяным фератроне з Прылукаў. У гэтай лаканічнай кампазіцыі няма нават Святога Духа. На некаторых абразах з больш развітай кампазіцыяй на супрацьлеглым беразе Ярдана стаяць два анёлы, якія трымаюць адзенне Хрыста.

На абразе першай паловы ХVІІІ ст. са Століншчыны Ян у вохрыстым хітоне і сінім плашчы паказаны ў рост на бліжнім зялёным беразе вузкай рэчкі (Ярдана). У пластыцы фігуры прыкметны ўплыў барока: торс павернуты на чвэрць улева, галава нахілена ўперад, твар спакойны, але з выразам суровай рашучасці. Пальцам правай рукі Ян паказвае на другі бераг ракі, адкуль набліжаецца Езус; апушчанай уніз левай Ён трымае посах з крыжыкам, абвіты стужкай з кірылічным напісам: «Се агнец Божий вземляй грехи ми». Вялікі сэнс наступнага моманту хрышчэння, як пачатку Новага Запавету, сімвалічна ўвасабляе дрэва з пышнай зялёнай кронай, карані якога вырастаюць з вады Ярдана. Фон аздоблены раслінным арнаментам у форме спіральна закручаных парасткаў.

Свята нараджэння Яна Хрысціцеля, звязанае з летнім паваротам сонца і тым самым з земляробчым календаром, стала адным з любімых у беларусаў. Яно спакойна, без канфрантацыі, пераняло старажытную традыцыю святкавання Купалля, напоўніўшы яго новым, хрысціянскім зместам. Для многіх храмаў абодвух хрысціянскіх вызнанняў гэта было тытульнае свята, падчас якога наладжваліся фэсты і кірмашы. Нямала касцёлаў асвечана ў імя Яна Хрысціцеля, найбольш вядомыя з іх — універсітэцкі ў Вільні, закладзены першапачаткова каралём Уладзіславам Ягайлам у канцы ХІV ст., у Гальшанах і Воўпе, заснаваныя князямі Гальшанскімі ў ХV ст., знакаміты касцёл у Камаях (1606 г.), Ваўкалаце, Мсцібаве і шмат іншых.

  1. Лк 1, 5-23.
  2. Паводле: Лк 1, 26-41.
  3. Лк 1, 57-64.
  4. Холл Джеймс. Словарь сюжетов и символов в искусстве. М., 1999. С. 270.
  5. Лк 1, 80.
  6. Апокрифы древних христиан. М., 1989. С. 126.
  7. Мк 1, 9-10.
  8. Майкапар Александр. Новый завет в искусстве. М. 1998. С. 109-115.
  9. Церашчатава В. В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986. С. 114-115.
  10. Холл Джеймс. С. 318-319.


Глядзі таксама:

 
© 2006-2013 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100