Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Святы Ян Хрысціцель
Святы апякун

 

Сам Езус сказаў, што «сярод народжаных (…) не было большага за Яна Хрысціцеля». Менавіта дзякуючы гэтым словам Хрыста вакол Яна Хрысціцеля, якога называюць таксама Папярэднікам, развіўся надзвычай ажыўлены культ.

 

З днём 24 чэрвеня — днём нараджэння Яна і адначасова днём яго ўспаміну, які адзначаецца па ўсім свеце, на працягу стагоддзяў цесна перапляліся шматлікія звычаі.

Ян — ад габрэйскага біблейскага імя Johanan («Бог ёсць міласэрны»). Гэтае імя — самае папулярнае сярод благаславёных і святых, агульная лічба якіх перавышае дзве сотні. Нарадзіўся Ян Хрысціцель у Аін-Карыне (Юдэя) за паўгода да нараджэння Хрыста. Яго бацькамі былі юдэйскі святар Захарыя і Альжбета. Нараджэнне Яна Хрысціцеля прадказаў Арханёл Габрыэль, які аб’явіўся Захарыі, калі той складваў ахвяру ў святыні. Паколькі стары Захарыя не паверыў, што стане бацькам у такім узросце, Арханёл учыніў так, што Захарыя анямеў ажно да нараджэння дзіцяці. Калі хлопчык нарадзіўся, родныя хацелі назваць яго так, як бацьку, Захарыем, але Альжбета настойвала на тым, што сына трэба назваць Янам. Гэта пацвердзіў і Захарыя, напісаўшы імя «Ян» на паперы, і ў гэтую самую хвіліну да яго вярнуўся дар мовы.

Калі Ян падрос, ён пакінуў бацькоў і адправіўся ў пустыню, жыў там, апрануўшыся ў адзенне з вярблюджай шэрсці і жывячыся мёдам і саранчою. Калі Ян атрымаў ад Бога наказ ісці да людзей і прапаведваць, ён накіраваўся да ракі Ярдан і стаў знакамітым прарокам, які прадказваў прыйсце Хрыста, — Ян называў Яго «Баранкам Божым».

На бераг Ярдана да Яна Хрысціцеля прыходзіла шмат людзей. Аднойчы прыйшоў Езус і папрасіў Яна ахрысціць Яго. Ян спабаваў пярэчыць, сказаўшы: «Гэта мне патрэбен хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» — але ахрысціў Езуса. Потым ён звярнуўся да сваіх вучняў і прапанаваў ім ісці за Хрыстом. Сам жа пайшоў у Галілею, якою кіраваў тады Ірад Агрыпа, сын Ірада — забойцы немаўлят.

Жыццё св. Яна Хрысціцеля скончылася трагічна. Святы Ян указваў Іраду на яго амаральныя ўчынкі: «Нельга табе мець жонку брата твайго» (гл. Мк 6, 18). Разгневаны цар па намове жонкі загадаў арыштаваць святога і пасадзіць у вежу Махеронт. Падчас аднаго з піроў, які Ірад наладзіў у дзень свайго нараджэння, моцна захмялелы Агрыпа прысягнуў, што выканае кожнае жаданне дачкі сваёй жонкі Герадыяды, Саламеі, якая парадавала яго сваім танцам. Тады Герадыяда намовіла дачку, каб тая сказала, што хоча атрымаць галаву святога. Давялося Іраду загадаць адсячы галаву св. Яну Хрысціцелю, якую на місе прынеслі ў залу, дзе адбываўся пір. Цела святога забралі ягоныя вучні і пахавалі ў невядомым месцы (магчыма ў Сэбасце ў Самарыі).

У гонар гэтага вялікага прарока ўзведзена базыліка св. Яна на Латэране ў Рыме. Месцам, якое наведваюць пілігрымы, з’яўляецца таксама Аін-Карым у Святой Зямлі. Ён ляжыць сярод узгор’яў, што акружаюць Ерузалем з захаду. На месцы жылля св. Альжбеты і Захарыі ўзведзена святыня, у якой ёсць дзве каплічкі: грот Нараджэння св. Яна і грот Спаткання Марыі з Альжбетай. Адным з самых вядомых санктуарыяў лічыцца базыліка ў Дамаску, дзе знаходзіцца магіла, у якой пахавана галава святога. Цяпер гэтая базыліка з’яўляецца мусульманскай мячэццю. Мусульмане ўшаноўваюць св. Яна Хрысціцеля як аднаго з прарокаў.

Св. Ян Хрысціцель з’яўляецца апекуном шматлікіх краін і гарадоў, Мальтыйскага ордэна, ордэна кармелітаў; кавалёў, ткачоў, краўцоў, вінаробаў, архітэктараў, земляробаў, музыкаў, спевакоў, танцораў і інш., а таксама дзяўчат, незамужніх маці, тых, хто прыгавораны да смерці, эпілептыкаў.

У мастацтве св. Ян Хрысціцель прадстаўлены як дзіця, падлетак альбо малады мужчына аскетычнага выгляду, апрануты ў звярыную шкуру альбо плашч з вярблюджай шэрсці. Яго атрыбутамі з’яўляюцца Баранак Божы, ягнё на плячы, на кнізе альбо каля ног, ягнё побач з келіхам, хлопчык, які гуляе з ягнём, галава на місе, крыж. Ва ўсходняй традыцыі св. Ян Хрысціцель паказаны як вястун з крыламі.

З днём нараджэння св. Яна Хрысціцеля звязана шмат цікавых звычаяў. Напрыклад, перакананне ў тым, што да 24 чэрвеня нельга купацца, бо св. Ян яшчэ не асвяціў ваду. У некаторых мясцовасцях у святаянскую ноч маладыя хлопцы і дзяўчаты ходзяць па лесе ў пошуках «папараць-кветкі», якая нібыта павінна прынесці шчасце, пускаюць па рацэ вяночкі са свечкамі і г. д. Але трэба адзначыць, што такія звычаі хутчэй паганскія, бо яны не звязаны з ушанаваннем святога.

 

 
© 2006-2013 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100