Адрас: вул. Пляханава, 28 к1,
  Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл +375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку

1 сакавіка 2010 г. у Цэнтры імя св. Лукі ў Ляскоўцы распачаліся дні духоўнага аднаўлення для супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага фонду «Карытас» з усіх дыяцэзій Беларусі. Трохдзённыя рэкалекцыі распачаліся святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, старшыня Рады па справах Дабрачыннасці, Міру і Справядлівасці.

Гамілію падчас літургіі прамовіў рэкалекцыяніст кс. Аляксандр Яшэўскі SDB, дырэктар Катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Напачатку святар растлумачыў прысутным, дзеля чаго неабходны велікапосныя рэкалекцыі, а ў дадзеным кантэксце, рэкалекцыі для супрацоўнікаў дабрачыннай арганізацыі. Найперш, як падкрэсліў рэкалекцыяніст, гэта неабходна для таго, каб «аднавіць сваю матывацыю»: дзеля каго, у імя Каго і з Кім мы працуем. Як святарам, так і свецкім асобам, па словах кс. Аляксандра Яшэўскага, неабходна яшчэ раз падумаць аб тым, наколькі важнаю з’яўляецца праца ў сферы дабрачыннай дзейнасці, якую здзяйсняе Касцёл праз іх пасрэдніцтва. Робячы штосьці ў імя Езуса Хрыста і дзеля Яго хвалы, важна не забываць пра духоўнае жыццё, каб, як адзначыў рэкалекцыяніст, гэта высакародная справа сапраўды рэалізоўвалася дзеля Езуса і разам з Ім.

Па словах кс. Аляксандра Яшэўскага, у духоўным жыцці самым істотным і святым з’яўляецца дар святой Камуніі, дар прысутнасці Езуса ў святых дарах. Святар заклікаў удзельнікаў рэкалекцый задумацца, ці імкнёмся мы жыць святой Эўхарыстыяй, як гэта чынілі нашы сучаснікі Слуга Божы Ян Павел ІІ і святая Маці Тэрэза з Калькуты.

У наступныя два дні ўдзельнікі рэкалекцый будуць разважаць на тэму сакрамэнту пакаяння — адной з асноўных складальнікаў Вялікага посту, а таксама пра апошні суд, калі кожны павінен будзе здаць «справаздачу» са свайго жыцця.

Дні духоўнага аднаўлення стануць для супрацоўнікаў «Карытас» часам малітвы, цішыні, разважання, а таксама знаёмства і дыскусій.
Матэрыял сайта Catholic.by

Апошнія аднаўленні

© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску