Адрас: вул. Пляханава, 28 к1,
  Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл +375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
 
20 лістапада ў салезіянскай парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету стала асаблівым днём, калі ўся парафіяльная сям’я была запрошана да разважання над Божай Міласэрнасцю, роляй Бога ў сямейным і асабістым жыцці, а таксама да супольнай арганізацыі свята і супольнага святкавання. «Хрыстос Валадар, сям’і Гаспадар!»  — дэвізам дня былі словы сугучныя з тэмай наступнага года ў Салезіянскай супольнасці, якая асаблівым чынам будзе прысвечана сям’і.

Перад забаўляльнай часткай, як заўсёды, адбылася ўрачыстая Эўхарыстыя і момант разважання, каб усвядоміць і зразумець сэнс урачыстасці, усвядоміць сэнс яе назвы, раскрыць значэнне кожнага слова і прычыну кожнага дзеяння. У другой частцы святкавання парафіяне змаглі прыняць чынны ўдзел у конкурсах, выйграць прызы, разам правесці час, павесяліцца ў араторыі і пачаставаць адзін аднаго смачнымі стравамі, якія самі і прыгатавалі. Такі спосаб святкавання ўрачыстасцяў, як паказвае практыка, з’яўляецца добрым метадам катэхізацыі і аб’яднання парафіі.

Падчас святой Імшы кс. Павел Шчарбіцкі SDB падкрэсліў значэнне асобы Бога ў жыцці.  «Сёння будзем святкаваць свята Хрыста Валадара Сусвету: самага магутнага, самага мудрага, самага прыгожага, самага далікатнага, самага-самага будзем сёння праслаўляць…» — сказаў святар на пачатку св. Імшы. У гаміліі прэзбітэр працягнуў разважанні над якасцямі, якія адрозніваюць Хрыста Валадара ад іншых владароў, якіх ведае свет. Дзеці і іх бацькі яму ў гэтым актыўна дапамагалі. Разам яны прыйшлі да высновы, што Хрыстос, як і ўсе валадары, мае трон і карону, толькі трон Хрыста — гэта крыж, а карона Яго зроблена з церняў і прычыняе боль. Бог Валадар зрабіў для сваіх дзяцей і падданых нешта такое, што іншым не пад сілу: Бог прабачыў! Ён Бог бясконцага валадарства, які бясконца прабачае. Спосаб валадарання Хрыста палягае на тым, каб любіць, абдымаць, прабачаць… Ён валадарыць над ўсім, што стварыў любоўю і прабачэннем. «Мы яго падданыя, яго дзеці і яго спадкаемцы маем права на гэтую любоў і прабачэнне,» — падкрэсліў святар. Звяртаючыся асабліва да дарослых, кс. Павел заахвоціў не спрабаваць вырашаць усе пытанні самастойна, не спрабаваць навыперадкі, адпіхваючы адзін аднаго, залезці на трон, які па-праўдзе — крыж, са словамі: «Езу, пасунься!», не імкнуцца збавіць свет, але пакінуць ролю Валадара і Збаўцы Богу і дазволіць заняць Яму першае месца ў сем’ях і асабістым жыцці.

Гэтая ж тэма падкрэслівалася і ў араторыі. Зала была невялікая, але там было ўтульна мноству людзей. Усім хапіла месца, усім хапіла прызоў і пачастункаў. «Не бойцеся сваіх малых хат, пасуньцеся трошкі і запрасіце туды Бога. Ён не забірае месца! Але там дзе Ён ёсць, хапае ўсяго кожнаму. Папрасіце Яго, каб Ён кіраваў, тады ў вашым доме заўсёды будзе парадак, хопіць месца ўсім, будзе ўтульна і добра ўсім, будзе супакой… І ідзіце ў  супакоі Хрыста!» — гэтымі словамі і агульным фотаздымкам завершылася свята. 
 
Ірына Петрусевіч
Матэрыял сайта sdb.by 

Апошнія аднаўленні

© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску