Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
У нашым араторыі прайшлі рэкалекцыі «Разважанні аб добрай смерці»
Навіны
04.10.2015

З 3 па 4 кастрычніка ў Каталіцкім моладзевым цэнтры імя св. Яна Боско ў Мінску чарговы РДС сабраў моладзь з розных куткоў Беларусі, каб разам паразважаць над тэмай  “Сэрца альбо розум”. Дарэчы, менавіта гэтая тэма была абрана не выпадкова: з яе мы пачалі загаддзя рыхтавацца да сусветных дзён моладзі, якія ў ліпені гэтага года пройдуць у Кракаве.
Распачалася наша сустрэча, як звычайна, са знаёмства, а затым нам была прапанавана цікавая гульня.

Пасля невялікага пасілку разам з с. Люцыяй FMA мы разважалі над урыўкам з Евангелля пра 10 паннаў, якія са сваімі светачамі чакалі жаніха. Кожны з нас меў час, каб адказаць сабе на пэўныя пытанні: “Да якіх паннаў болей падобна я? Што для мяне з’яўляецца алеем?” – а пасля падзяліцца сваімі думкамі і разважаннямі з іншымі.

Далей, падмацаваўшыся фізычна смачнай вячэрай, нас чакала яшчэ адна канферэнцыя, падчас якой мы разам з кс. Аляксандрам Мятліцкім SDB паспрабавалі адшукаць адказ на пытанне: “Хто я ёсць?”  Бог заўсёды з любоўю працягвае нам Сваю руку і толькі ад нас залежыць, ці адчынім мы брамы свайго сэрца і ці працягнем сваю руку ў адказ. Кс. Аляксандр заахвоціў нас шукаць любячага Айца, сустракацца з Ім як мага часцей на працягу дня, замест таго, каб сядзець у тэлефонах і сацыяльных сетках, бо толькі Божая любоў можа заспакоіць сэрца чалавека і толькі Ён можа даць адказы на ўсе нашыя пытанні.

Затым, узрушаныя пэўнымі гісторыямі з жыцця і паднятымі падчас канферэнцыі пытаннямі, мы адправіліся ў каплічку, каб там, прымаючы ўдзел у Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, сам на сам сустрэцца з Богам і пашукаць адказы на хвалюючыя нас пытанні. Таксама кожны жадаючы мог скарыстацца магчымасцю прыступіць да Сакрамэнту Споведзі.

Па салезіянскай традыцыі, дзень скончыўся слоўкам на добрую ноч, якое да нас скіравала с. Вераніка Огар FMA.

Адным з важных момантаў другога дня, на якім хочацца спыніцца, стала канферэнцыя кс. Івана Огара SDB, на якой мы звярнулі ўвагу на нашыя сэрцы, на тое што яны патрабуюць пэўнага выхавання. Ці дазваляем мы Богу працаваць над нашымі сэрцамі? Мы вызначылі, што адным з інструментаў, які фармуе сэрца, можа з’яўляцца штодзённы рахунак сумлення. Але ці так гэта? У чым яго багацце? Над гэтым і яшчэ некалькімі пытаннямі, якія датычаць нашага сумлення і наступстваў каменных або новых (адкрытых на Божую ласку) сэрцаў, мы маглі паразважаць і нават паспрачацца падчас працы па групах. Дарэчы, хочацца падкрэсліць важнасць менавіта гэтай часткі нашых рэкалекцый, бо на працягу адведзенага нам часу мы вучыліся дзяліцца сваімі думкамі, часам нават абараняць і падцвярджаць іх пэўнымі жыццёвымі прыкладамі, вучыліся слухаць адзін аднаго. І хаця на пачатку мы мелі канкрэтныя пытанні, над якімі павінны былі паразважаць, акрамя іх мы паспелі закрануць і некаторыя іншыя сітуацыі, у якіх апынуліся некаторыя з нас, і разам пашукаць найлепшае выйсце з іх.

Пасля малітвы на святым ружанцы і пустыні, нас чакаў самы галоўны момант гэтага дня: сустрэча с Панам падчас святой Імшы. Падмацаваўшыся духоўна, мы вярнуліся ў араторый, дзе нас таксама чакаў пасілак фізычны. Падводзячы вынікі нашай сустрэчы, кожны з нас меў магчымасць узяць сабе нейкую пастанову на дальнейшае жыццё, каб правільна выхоўваць сваё сэрца, каб шукаць сапраўдныя скарбы і імкнуцца ўсё болей пазнаваць нашага Айца і давяраць Яму сваё сэрца і ўсяго сябе.

Напрыканцы хочацца падзякаваць усім тым, хто прычыніўся да арганізацыі гэтых рэкалекцый, бо працы, часу, ахвярнасці і любові было ўкладзена вельмі шмат! Мы вам вельмі ўдзячны і спадзяёмся, што найлепшай узнагародай за гэта будзе нашая малітва і новыя сэрцы, да якіх мы ўсе будзем імкнуцца!
 
 
Наталля Бурдун
Матэрыял сайта sdb.by
 
 
© 2006-2013 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100