Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB даў інтэрв`ю часопісу "Дыялог"
Навіны
21.09.2015

Не так даўно Папа Францішак прызначыў новага дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB. Біскуп даў інтэрв’ю часопісу «Дыялог».

— Паважаны Эксцэленцыя, дазвольце знаёмства з Вамі распачаць ад пачатку, тым больш, што сакру біскупа Вы атрымалі ў Год кансэкраванага жыцця: як распазналі сваё пакліканне Вы? Што прывабіла 17-гадовага юнака ў супольнасці салезіянаў і хто аказаў уплыў на выбар супольнасці?

— Варта адзначыць, што маё пакліканне нарадзілася раней, чым я пайшоў у Таварыства св. Францішска Сальскага. Наш смаргонскі касцёл адкрыўся ў 1989 г., недзе вясною, але ніякай папярэдняй інфармацыі аб гэтым не было (у тыя часы ўсё адбывалася ціха), і будучы хлапчуком я не ведаў, што гэткая падзея наогул у нас адбылася. Аб тым, што касцёл дзейнічае, даведаўся ў жніўні, калі вярнуўся з вёскі ад бабулі. І кажа мне матуля: «Адкрыўся касцёл — пайшлі на вячэрнюю святую Імшу!» Пайшлі. Цэлебрацыя вялася на польскай мове, якую я не ведаў, і адзінае, што зразумеў, — гэта запрашэнне пробашча прыйсці да споведзі на пачатак новага навучальнага года, у верасні. Памятаю, была серада — дзень, які ў нашай парафіі быў ахвяраваны Маці Божай Вастрабрамскай. Паспавядаўшыся, я падышоў пацалаваць стулу, а тут пробашч пытае ў мяне: «Ці не хацеў бы ты быць міністрантам?» І, не дачакаўшыся адказу: «Ідзі ў сакрыстыю, там адзін хлопец ёсць — разам будзеце несці абраз Маці Божай Вастрабрамскай». Адчыняю дзверы ў сакрыстыю і бачу свайго сябра, аднакласніка — сёння ксяндза Уладзіміра Кабака, салезіяніна, як і я. Так мы з ім сталі першымі міністрантамі і са сваім пробашчам, ксяндзом Генрыхам Куляшэвічам, салезіянінам, пачалі сустракацца амаль штодня. Памятаю свята Божага Нараджэння, калі спяваў на пастэрцы рэспансарыйны псальм. Тады мне падалося, што, убачыўшы вялікае мноства народу, які ўдзельнічаў у набажэнстве, я доўга не мог распачаць спеў, і менавіта ў той момант з’явілася пачуццё, ды такое моцнае: «Я заўсёды хачу тут стаяць!» З той хвіліны (было мне тады 15 гадоў) пачаў вельмі сур’ёзна задумвацца, каб стаць святаром. А якім — ці дыяцэзіяльным, ці ісці да салезіянаў, — пытанне не ўзнікала. Я проста назіраў за працаю свайго пробашча і захапляўся: колькі сіл аддаваў ён моладзі, колькі розных акцый для нас рабіў! Менавіта гледзячы на яго, адчуў перакананне: гэта тая сям’я, у якой я павінен працягваць служэнне. Праз год паехаў у Польшчу, каб авалодаць моваю, пасля прайшоў навіцыят у салезіянаў, і пакліканне яшчэ больш узмацнілася. Да таго ж, наш пробашч кожны дзень маліўся ў інтэнцыі пакліканняў, а калі мы сталі ўжо навіцыямі, пазней семінарыстамі, таксама ўспамінаў нашыя імёны, молячыся аб умацаванні на абраным шляху. Таму, акрамя Пана Бога, які адорвае чалавека пакліканнем, акрамя Найсвяцейшай Панны Марыі — Успамогі Хрысціянаў, галоўнай патронкі Салезіянскай Кангрэгацыі, якая таксама дапамагла мне сваёй матчынай апекай, святому Яну Боско, заснавальніку, майму жыццёваму выбару моцна спрыяў мой уласны першы пробашч ксёндз Генрых Куляшэвіч. Гэта быў чалавек, дзякуючы якому я адчуў і распазнаў сваё пакліканне.
 
 
 
— А ці можаце назваць каго з блізкіх, хто дапамагаў Вашаму рэлігійнаму выхаванню ў дзяцінстве?

— У першую чаргу — гэта мае бацькі, іх сведчанне веры. Калі я паведаміў ім аб рашэнні ісці ў духоўную семінарыю, яны не сказалі мне «не» і не сказалі «так». Іх адказ быў простым: «Выбар — выключна твой! Мы можам паабяцаць табе толькі падтрымку і тое, што кожны твой выбар на гэтым шляху прымем з павагай». Вельмі вялікі ўплыў аказала таксама і мая бабуля па татавай лініі: бабуля Крыстына вяла мяне да сваёй матулі — маёй прабабулі Стэфаніі, і тая вучыла мяне катэхізісу і малітвам на польскай мове, а пасля сама дома дадаткова ўпэўнівалася, ці добра навучыўся і ці ўсё зразумеў. Цэлы месяц, дзень пры дні, рыхтавала да Першай святой Камуніі, якая адбывалася ў Барунах 12 жніўня 1984 года. Перад гэтым пробашч касцёла кс. Ян Матусевіч сабраў нас, правёў экзамен, а пасля быў той святочны дзень, які і сёння памятаю дакладна: і першы ружанец, і першую свечку з сіняй стужкаю, і месца, дзе стаяў, і ў што быў апрануты. А калі прыехалі дадому пасля святой Камуніі, бабуля сказала: «Зайдзі апошні і прывітайся, як сталы хрысціянін». Памятаю, як паважна сказаў усім «Пахвалёны Езус Хрыстус!», ужо добра ўсведамляючы, што, атрымаўшы Цела Хрыста, патрэбна вітацца, праслаўляючы Айца Нябеснага.

— Ваша Эксцэленцыя, ахвяраванне жыцця Богу патрабуе ад юнака пэўнай рашучасці і адвагі. Як лічыце, ці спатрэбіліся гэтыя якасці Вам?

— Безумоўна. Калі Бог кліча, адвага, спалучаная з даверам Богу, — якасці неабходныя, неад’емныя. А таксама і рашучасць, каб не аглядвацца назад. Менавіта таму Хрыстус у Евангеллі кажа: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».
 
— А як, на Ваш погляд, стварыць патрэбнае асяроддзе сёння, каб нарадзіліся новыя пакліканні?

— Пан Бог клікаў, кліча і будзе клікаць людзей з любога, нават, па нашаму людскому разуменню, нечаканага асяроддзя. Самі кажам, што і на сметніку вырасце часам такая прыгожая кветка, што пасля толькі здзіўляемся — адкуль узялася? — бо гэта — не справа чалавека. Таму не можам казаць, што Пан Бог кліча з нейкага асаблівага асяроддзя. Кліча адусюль. Але для таго, каб пакліканне набірала сілу, яму патрэбнае суправаджэнне. Яно пачынаецца ад бацькоў, яны павінны падтрымаць сваё дзіця ў першую чаргу, а пасля — святары, браты і сёстры законныя. Вельмі добра, калі таго, хто пачуў голас Пана, падтрымліваюць яшчэ і сябры, дадаючы адвагу ў гэтым выключным выбары. Важна, каб і ўся супольнасць вернікаў шчыра малілася аб новых і святых пакліканнях, і не толькі ў першы чацвер месяца — кожны дзень.
 
— Ваша Эксцэленцыя, ці можна параўнаць пакліканні ў Ваш час з пакліканнямі сёння? Што між імі агульнага і ў чым іх адрозненне?


– З часоў апосталаў да сённяшняга дня кліча адна асоба — гэта Пан Бог, і ў гэтым ёсць тое агульнае, што яднае ўсе пакліканні: аб’ядноўвае Бог. Але сёння мы можам пачуць, што пакліканняў мала, што нарадзіцца ім у Касцёле перашкаджае цэлібат і шмат іншага. Я ў такіх выпадках адказваю: не важна, колькі нас будзе, але важна тое, што мы ведаем, якімі павінны быць. І ў гэтым — сутнасць кожнага паклікання, у гэтым сутнасць Касцёла. А ў чым адрозненні? На мой погляд, сёння нашае грамадства вельмі рацыянальнае: каб усё загадзя ведаць, размеркаваць, раскласці па паліцах: калі будзе добра і я пайду — як будзе далей? А калі будзе дрэнна і трэба будзе вярнуцца назад — што тады? Гэтая рацыянальнасць прыносіць шмат клопату на шляху паклікання, несучы за сабой недахоп веры, даверу і адвагі ў выбары. У нашыя часы давер Богу, радасць служыць Яму і людзям, а таксама вера былі матывацыямі нашага паклікання. Мы кідаліся ў рукі Пана, маючы перакананне, што Яго ласкі нам дастаткова. Сёння гэтага не хапае маладым людзям. Святы Ян Павел II заклікае ў справе паклікання спалучыць веру і розум.
 
 
 
— А зараз, калі ласка, пра ўплыў самога святога: Вашае асабістае ўспрыманне св. Яна Боско ў студэнцкую пару? у гады святарства? сёння?

— Калі я быў яшчэ юнаком, міністрантам, постаць майго пробашча-салезіяніна, які ўсё чыніць для маладых, — і была постаццю ксяндза Боско. А ксёндз Генрых Куляшэвіч сапраўды аддаваў нам усё: прыходзілі да яго на кватэру, з ім праводзілі вечары, шчыра размаўляючы пра Бога, ён усё нам тлумачыў… Гэта былі асаблівыя і непаўторныя моманты катэхізацыі. А калі ў навіцыяце пачыналі бліжэй пазнаваць асабістыя якасці ксяндза Боско, яго сведчанне, асабліва яго харызму і ягоную сістэму выхавання, фігура святога набірала ўсё больш не толькі шацунку, але шчырай любові. Ксёндз Боско ніколі не думаў пра сваю ўласную кар’еру, як і не думаў пра тое, што іншыя думаюць пра яго, калі ён імкнецца для беднага маладога чалавека зрабіць нават немагчымае. А калі ў кс. Боско запыталі, які хабіт будзе ў яго законнікаў, ён адказаў: закасаныя рукавы — гэта значыць, яны будуць гатовыя працаваць. Менавіта пазнанне такіх якасцяў наблізіла мяне яшчэ больш да ксяндза Боско. І зараз я папрасіў маё прозвішча як біскупа пісаць, дадаючы тры літары — SDB, каб падкрэсліць, што і надалей належу да духоўных сыноў святога Яна Боско. Зараз мне вельмі патрэбна мудрасць ксяндза Боско і яго запал, з якім ён працаваў з моладдзю, называючы маладых будучыняю Касцёла. Як яго духоўны сын, я вельмі сур’ёзна ўспрымаю гэтыя словы і хачу ўцелаўляць у сваім біскупскім служэнні.
 
— Ваша Эксцэленцыя, пра сябе можаце сказаць, што таксама прыйшлі з закасанымі рукавамі?


— Мне здаецца, што менавіта так, інакш нельга ажыццяўляць сваё пакліканне.
 
— Супольнасць салезіянаў мае на мэце асаблівае служэнне моладзі. У чым гэта выражаецца сёння і ў Беларусі канкрэтна?

— Нашыя салезіянскія парафіі адрозніваюцца не толькі па прычыне душпастырства, але  і па прычыне таго, што пры іх ёсць так званыя  араторыі або моладзевыя цэнтры. Не знойдзем ніводнай салезіянскай парафіі (іх у нас у Беларусі дзевяць), дзе б не было араторыя — асобнага месца для сустрэчы выключна моладзі і дзяцей. Як святы Ян Боско, не робім розніцы паміж маладымі па канфесійнай прыкмеце. Самае для нас галоўнае — што малады чалавек, які прыйшоў да нас, хоча раздзяляць з намі дар быцця з іншым чалавекам, дар узрастання ў веры, у хрысціянскіх і чалавечых каштоўнасцях. Святы Ян Боско так акрэсліваў мэту салезіянскага служэння маладым: выхаваць адказнага грамадзяніна і добрага хрысціяніна. Гэты слоган праяўляецца ў нашых салезіянскіх араторыях і сёння.

У бягучым годзе Салезіянская сям’я адзначае 200-годдзе з дня нараджэння заснавальніка нашай кангрэгацыі святога Яна Боско. З  гэтай нагоды праводзім шмат мерапрыемстваў, збіраемся, каб не толькі раздзяліць радасць быцця разам, але і каб глыбей пазнаць нашу харызму, каб пасля разам узрастаць у якім-небудзь адметным аспекце. Нашы мерапрыемствы ў гэтым годзе праходзяць пад дэвізам «Як ксёндз Боско: з моладдзю і для моладзі».
 
— З нагоды прызначэння Вас, Эксцэленцыя, дапаможным біскупам і Апостальскі  Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч гаварылі пра адказную задачу — вярнуць былую славу і значэнне Магілёва ў Касцёле. Што думаеце аб гэтым, як бачыце яе выкананне?


— Жніво на гэтай зямлі сапраўды вялікае, і, як кажа Пан Езус, «працаўнікоў мала». 14 святароў, дыякан і я — 16 чалавек на Магілёўшчыне. Нашае заданне — стаць тымі сейбітамі, хто сее зерне Божага слова, Божае зерне: у каплічках, дзе яны ёсць, у святынях, дзе яны ёсць, пры розных сустрэчах. І сваім уласным жыццём даваць сведчанне хрысціянскага жыцця і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Думаю, гэтая ідэя — быць сейбітам — і дапаможа вярнуць былую славу Магілёўшчыне. А ў чым можа яна праявіцца? У людзях, бо людзі — гэта жывы Касцёл, жывая супольнасць, якая складаецца з народа Божага.
 
 
 
 — Што плануеце аднаўляць спачатку — храмы ці душы? Чаму будзеце аддаваць перавагу?

— У якасці дапаможнага біскупа я пабываў на набажэнствах у шматлікіх парафіях, прычым розных дыяцэзій. Перыяд надта насычаны, за што я моцна ўдзячны Богу. Яшчэ скажу, што ўдзячны Богу за тое, што пастаўлены служыць пры боку нашага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, таксама побач з дапаможным біскупам Юрыем Касабуцкім, і атрымліваю ад іх падтрымку і добразычлівасць.

А наконт «храмы ці душы?»: спачатку — душы. Кожны пастыр пачынае з людзей. Тым больш я, салезіянін, які выхаваўся на дэвізе святога Яна Боско: «Дай мне душы, а ўсё астатняе забяры». Перавагу ў далейшай штодзённай працы намераны аддаць еднасці  паміж святарамі, кансэкраванымі асобамі, вернікамі. Бо толькі калі мы аб’яднаныя, калі можам быць адным цэлым, можам дасведчыць якаснасць нашага служэння і сведчання. Другі момант, які маю на ўвазе, — адкрытае супрацоўніцтва з іншымі канфесіямі і свецкай уладай. Хто з нас не чуў і не ведае, што хрысціяне павінны жыць у еднасці, супрацоўнічаць і падтрымліваць адзін аднаго, асабліва ў цярпеннях? Чулі ўсе. Таму ніхто не павінен мець ніякіх сумненняў, што чаканні Бога для сучаснага хрысціянства, чаканні Бога канкрэтна ў адносінах да нас — Каталіцкага Касцёла ў яго Магілёўскай частцы — такія ж самыя і што Бог гэтых патрабаванняў не змяніў. А еднасць і супрацоўніцтва  сярод нас на самой справе магчымыя толькі тады, калі яны нараджаюцца ад Духа Святога, калі мы сапраўды навернемся да Бога і будзем весці жыццё, годнае дзяцей Божых.

 
Раіса Сушко
Здымкі бр. Карнэлія Консэка SVD і Аляксандры Шчыглінскай
Матэрыял сайта catholic.by
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр