Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Салезіянская сям’я з Беларусі наведала Турын
Навіны
02.09.2015
 
З нагоды святкавання Юбілею – 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско Салезіянская сям’я Беларусі вырашыла адведаць родныя мясціны Святога ў Італіі. Пілігрымка адбылася з 18 па 28 жніўня 2015 года. Яна стала завяршаючай кропкай святкавання Юбілею і была зарганізавана, як падзяка шматлікім людзям за служэнне на хвалу Божую і карысць моладзі ў салезіянскіх супольнасцях, асабліва ў гэты юбілейны год. Асноўнай мэтай пілігрымкі стаў горад Турын – калыска салезіянскай харызмы. Да гэтых вытокаў варта вяртацца, каб аднаўляць салезіянскае пакліканне і паглыбляць разуменне і аўтэнтычнасць харызмы.
 
Апоўначы 17 жніўня аўтобусная пілігрымка вырушыла ў свой шлях. Гэтая падзея сабрала прадстаўнікоў усіх галін Салезіянскай сям’і і моладзь з усёй Беларусі: Мінск, Бараўляны, Смаргонь, Дзятлава, Жупраны. Адказным за пілігрымку быў назначаны  кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Таксама суправаджаў пілігрымку Ксёндз Дэлегат Кс. Віктар Гайдукевіч SDB, кс. Станіслаў Краўчанка SDB, дыякан Алег Каралёў SDB, семінарыст Артур Ляшнеўскі SDB. Гэтыя асобы, дзякуючы таму, што вучыліся у гэтых святых мясцінах, падрыхтавалі цікавыя экскурсіі і дапамаглі пілігрымам акунуцца ў гісторыю і духоўнасць св. Яна Боско. Таксама дапамагалі ім сёстры салезіянкі: с. Валянціна Кот FMA і с. Вераніка Огар FMA.

Наш шлях прялагяў праз шматлікія краіны і гарады: Ліхэнь (Польшча), Мюнхен (Германія), Колле Дон Боско (Італія), Турын (Італія), Удзінэ (Італія), Вена (Аўстрыя) Злін (Чэхія) і Кракаў (Польшча). Кульмінацыяй кожнага дня была Св. Імша ў інтэнцыях пілігрымаў і ўсіх тых, хто нам сустракаўся на шляху, каму мы паабяцалі малітву. Эўхарыстыю цэлебравалі нашыя святары ў капліцах і касцёлах салезіянскіх супольнасцяў, якія прымалі нас на начлег у гэтых мясцінах.
 
Colle Don Bosco (а калісці Бэккі) – мейсца нараджэння св. Яна Боско. Тут мы затрымаліся на чатыры дні. Ажно чатыры дні на святых мясцінах. Пад’язджаючы да гэтай невялікай вёскі мы заўважылі дарожны знак з надпісам Terra dei santi (Зямля святых) – бо з гэтых месц паходзяць шматлікія святыя з салезіянскай сям’і і не толькі. На Колле Дон Боска знаходзіцца музей, дзе калісці жыла сям’я Боско, там жа пабудаваны невялікі касцёл Марыі Успамогі Хрысціянаў. А на месцы дома, дзе нарадзіўся Святы, на узгорку ўзвышаецца Базіліка св. Яна Боско, пабудаваная салезіянамі ў 1961-1965 гадах. Адметнасцю гэтай базілікі, як і многіх салезіянскіх святынь з’яўляецца тое, што у галоўным алтары знаходзіцца не укрыжаваны Хрыстус, але фігура Хрыста Уваскрослага. Менавіта на Уваскрасенні Хрыста базуецца радасць, як адна з характэрыстык салезіянскай харызмы. А на сценах касцёла замест стацый Крыжовага шляху знаходзяцца стацыі Шляху Святла для разважання падзей Уваскрасення. Таксама цікава, што многія святыні пабудаваны такім чынам, што з левага і правага боку прэзбітэрыя знаходзіцца фігура Марыі Успамогі Хрысціянаў і Табернакулюм, у адпаведнасці са знакамітым сном кс. Боско пра дзве калоны - Эўхарыстыя і Марыя, якія дапамагаюць пераадолець усе цяжкасці і дасягнуць Неба.

Надвор’е спрыяла таму наступныя два дні мы абследавалі Колле Дон Боско і яго наваколле: пабывалі ў доме, дзе св. Ян Боско нарадзіўся; у Кастэльнуова, дзе ён атрымаў сакрамэнт хросту, у Марыальдо,  ў К’еры дзе атрымліваў адукацыю і працаваў.
 
 Св. Дамінік Савіо – адзін з выхаванцаў кс. Боско – таксама паходзіць адсюль, таму мы канешне ж адведвалі Мандоніо, блізка Бэккі, там праходзіла яго дзяцінства. Зараз св. Дамінік Савіо з’яўляецца апекуном міністрантаў і цяжарных жанчын, альбо тых, хто мае клопат з зачаццем дзіцяці.

Наступныя два дні мы праводзілі ў Турыне на Вальдокка, мейсцы першага араторыя кс. Боско. Цяпер гэта цэлы салезіянскі квартал непадалёк ад цэнтра Турына, які некалі пачынаўся са старога хлява Пінардзі, а цяпер на месцы хлява дзейнічае капліца. Усё гэта кс. Боско адбудаваў з Божай ласкай і падтрымкай Маці Божай, спраўджваючы сон свайго дзяцінства, выконваючы волю Божую. Школы, араторый, майстэрні, касцёлы і капліцы – усё на Хвалу Божую і дзеля збаўлення маладых душаў!

Вянцом працы на Вальдокка узвышаецца велічная Базіліка Маці Божай Успамогі Хрысціянаў – своеасаблівая Мекка ўсіх салезіянаў свету. Гэты храм Святы пачаў будаваць пасля сну, у якім Маці Божая дакладна паказала месца і прызначэнне святыні. Цяпер гэта святыня захоўвае рэліквіі салезіянскіх святых: рэшткі св. Яна Боско, св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла, св. Дамініка Савіо. Таксама тут ёсць капліца з рэшткамі іншых салезіянскіх і не толькі святых з усяго свету.
 
Як адзначыў Ксёндз Дэлегат Кс. Віктар Гайдукевіч SDB, гэтыя мясціны даюць зразумець, што усе раней атрыманыя веды становяцца нічым, калі прыязджаеш на гэтую Зямлю Святых і датыкаешся гісторыі пачатку ўсёй салезіянскай справы. Кожны крок тут пераварочвае свядомасць салезіянскага паклікання і харызмы, становіцца выклікам, вяртае да вытокаў, каб быць больш аўтэнтычнымі салезіянамі, каб яшчэ больш паглыбіць і усвядоміць сэнс салезіянскага служэння і здзяйсняць яго у адпаведнасць з запаветамі нашага заснавальніка св. Яна Боско. Сцены Базілікі Марыі Успамогі Хрысціянаў павінны стаць рахункам сумлення для кожнага салезіяніна, ці з’яўляемся мы тымі, хто распаўсюджвае культ Марыі Успамогі Хрысціянаў, ці з’яўляемся мы тымі, хто давярае ёй малітву аб нашым збаўленні. Гэта Базіліка была пабудавана цудам, які здзейсніла Марыя. На пачатку будавання кс. Боско зусім не меў грошай і даў будаўніку толькінекалькі лір, “астатняе заплаціць Марыя” – сказаў ён, і распачалася будова. Так на фундаменце даверу Богу і заступніцте Марыі св. Ян Боско пабудаваў гэтую святыню, і прыкладам такога даверу Богу з’яўляецца для ўсіх нас. Таксама дэлегат падкрэсліў, што наведаўшы гэтую калыску салезіянскай святасці і зрабіўшы рахунак сумлення мы ўсе павінны ўзяць адпаведныя пастановы і падзяліцца атрыманымі ласкамі.

Даволі складана апісаць, што мы, пілігрымы, маглі адчуваць, знаходзячыся на месцах, аб якіх нам так шмат апавядалі. Гэта цуд. Сапраўдны цуд!

Мы мелі таксама час пазанаёміцца і з самім Турынам, адведалі катэдру, дзе захоўваецца Турынская Плашчаніца.

Але нажаль прыходзіць час вяртання дадому. Наш зваротны шлях пралягаў праз салезіянскі дом у горадзе Удзінэ (Італія), Аўстрыю з наведваннем цудоўнай Вены, чэшскі горад Злін (тут таксама нас віталі салезініяне), Кракаў і нарэшце Мінск. Мы дома.

Распавеці ўсе нашыя перажыванні і эмоцыі складана. Але дакладна ведаем адно, з кожным з нас дадому вярнуўся кс. Боско, які, нягледзячы на свой даволі сталы 200-гадовы ўзрост, па-ранейшаму жыве ў кожным, хто аб ім ведае і хто з’яўляецца яго духоўным сынам, альбо дачкой.

 Таццяна Перадкова, Ірына Петрусевіч

Матэрыял сайта sdb.by
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр