Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Адбылася Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка - СМЕП-16
Навіны
03.07.2015

З 28 чэрвеня па 3 ліпеня адбылася 16-ая Салезіянская Моладзевая Евангелізацыйная Пілігрымка (СМЕП-16), у якой прынялі ўдзел людзі са шматлікіх куткоў Беларусі. За 6 дзён каля 170 пілігрымаў прайшлі 105 кіламетраў са Смаргоні да Будслава. Галоўнай тэмай пілігрымкі стаў дэвіз Салезіянскай Сям’і на юбілейны год святкавання 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боска: “Як ксёндз Боска: з моладдзю, для моладзі”. 

Салезіянская – таму што зарганізавана паломніцтва Салезіянскай сям’ёй, першым адказным за яе быў кс. Іван Огар SDB. Моладзевая – бо асноўнымі яе ўдзельнікамі з’яўляецца моладзь ва ўзросце 14-25 гадоў, таму і праграма, і тэмп накіраваны менавіта на гэты ўзрост. Евангелізацыйная – бо менавіта гэта заданне падкрэсліваецца для маладых пілігрымаў, якія знаходзяцца на шляху ўзрастання і вучацца, як быць апосталамі ў штодзённасці. Практыкаваць евангелізацыйныя здольнасці моладзь мае магчымасць пад час вясёлага вечару, які арганізоўвае разам з аніматарамі. СМЕП праходзіць у форме рэкалекцый, таму, як і многія іншыя пілігрымкі, мае свой статут. Правілы статута і удзел ва ўсіх пунктах праграмы пілігрымкі абавязковыя для выканання. Кульмінацыйным момантам кожнага дня СМЕПу з’яўляецца Св. Імша, далей – канферэнцыя па тэме дня, праца па групах і вясёлы вечар, зарганізаваны аніматарамі і пілігрымамі для жыхароў мясцовасці, дзе запланаваны начлег, традыцыйнае салезіянскае слоўка на добрую ноч. У нядзелю перад урачыстасцю Маці Божай Будслаўскай усе члены Салезіянскай сям’і, яе прыхільнікі і моладзь з усіх салезіянскіх парафій Беларусі з’язджаюцца ў Смаргонь, каб адтуль разам вырушыць у дарогу. Першыя 11 СМЕПаў мелі маршрут Смаргонь-Тракелі, а з 2012 года пілігрымка ідзе ў Будслаў – Нацыянальны Сантуарый нашай краіны.

У гэтым, багатым на ўрачыстасці годзе, благаславіў пілігрымамў на шлях да Маці Божай новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які цэлебраваў сваю прыміцыйную Св. Імшу ў роднай Смаргоні. Разам з ім пілігрымы разважалі над постаццю Добрага Пастыра, Які адзіны ведае ўсіх сваіх авечак, любіць іх і аддае сваё жыццё за іх, каб яны мелі жыццё вечнае. Гамілія Яго Эксцэленцыі стала і канферэнцыяй першага дня, тэма якога: “Сапраўдная радасць”.  Падчас працы па групах удзельнікі разважалі над прыкладам св. Яна Боска і высветлілі, што сапраўдная радасць паходзіць ад блізкіх і цесных адносін з Езусам, Добрым Пастырам, на якога імкнуўся быць падобным кс. Боска. Святы казаў, што глебай для сапраўднай радасці з’яўляецца чыстае сумленне і пачуццё выкананых абавязкаў, і што менавіта радасных баіцца д’ябал.

Маршрут другога дня: Войстам – Нарач. Тэма: “Спецыяльная (адмысловая) місія”. Дапамог нам у разважанні над гэтым кс. Павел Шчарбіцкі SDB, які скіраваў да нас сваю навуку падчас Св. Імшы і канферэнцыі. Святар падкрэсліў, што Хрыстус дае нам жыццё і яднае ўсіх у адзіны статак, і гэтая еднасць дае нам сілы і ўпэўненасць. Сапраўднае збаўленне суправаджаецца ахвярнасцю; будучы збаўленым, чалавек не можа заставацца сам на сам, ён павінен ісці і сведчыць аб гэтым, будучы з’яднаным з Хрыстом, павінен таксама аб’ядноўваць вакол Яго і іншых. Гэта з’яўляецца місіяй кожнага хрысціяніна. Спецыяльнай місіяй кс. Боска была дапамога патрабуючай, пакінутай моладзі. Кожны з нас таксама атрымлівае спецыяльнае заданне ад Бога. Таксама ў гэты дзень, пілігрымы, якія ішлі ў СМЕПе першы раз, атрымалі “хрост” і шмат мокрых і пякучых, але прыемных успамінаў. Вечарам для мясцовых жыхароў быў зарганізаваны канцэрт. Самыя малодшыя былі запрошаны ў “дзіцячы пакой” – аніматары і кандыдаты ў аніматары падрыхтавалі для іх спецыяльную праграму. Пасля благаслаўлення ўсе накіраваліся на начлег, дзе мелі магчымасць быць тымі, хто дзеліцца Богам з гасціннымі і шчодрымі жыхарамі.

У трэці дзень нас чакаў шлях у Вілейку і тэма дня “Любячая прысутнасць”. Канферэнцыя была падрыхтавана кс. Станіславам Краўчанкам SDB. З яго дапамогай маладыя людзі разважалі над тым, ці з’яўляемся мы гасціннымі, бо Езус заўсёды хоча быць запрошаны у нашае жыццё. Мы звыкліся думаць пра Эўхарыстыю, як пра запрашэнне Езуса у Сваю хату, да Свайго стала. Але Езус ніколі не навязвае сябе нам. Калі мы не запросім Яго, Ён заўсёды будзе заставацца незнаёмым і вандроўнікам. Другім момантам, на якім была засяроджана увага падчас працы па групах, была нашая прысутнасць у жыцці іншых людзей, пілігрымы прыйшлі да высновы, што вельмі важным з’яўляецца заўсёды быць побач з чалавекам, дапамагаць яму не толькі словам (парадамі), але і сваімі учынкамі, малітвамі. Езус заўсёды ёсць побач з намі і толькі ад нас залежыць, ці запросім мы Яго ў сваё жыццё. Кс. Боска гэта зрабіў, і беручы праклад з Яго, заўсёды быў побач з сваімі хлопцамі і казаў: “Недастаткова проста любіць хлопцаў, трэба, каб яны адчувалі, што іх любяць”. Справаздачу з працы па групах усе удзельнікі і жыхары вілейкі назіралі у праграме вясёлага вечара.

Чацвёрты дзень адзначаўся вельмі прыемнай нечаканасцю: ранішнюю Св. Імшу, на якой, акрамя нас, прысутнічалі пілігрымы з Маладэчна і Вілейкі, узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваім пастырскім слове біскуп звярнуў увагу на тое, што мы самі вырашаем загубіць сваё жыццё або зберагчы. Ён заклікаў нас да дасканаласці і святасці, а таксама да наследавання Хрыста, які дазволіў прыбіць Сябе да крыжа дзеля таго, каб мы былі шчаслівымі. Падмацаваныя Эўхарыстыяй, пілігрымы СМЕП-16 вырушылі ў напрамку в. Рэчкі, разважаючы праз увесь дзень над тэмай “Абвяшчэнне Добрай Навіны”. Разам з кс. Іванам Огарам SDB мы разважалі над этапамі узрастання веры самаранкі (Ян. 4, 5-42), якая праз размову, дыялог з Езусам прыйшла да паразумення, што размаўляе са Збаўцай свету. Езус не навязваў ёй сябе, але у размове абудзіў яе прагу да Жывой вады, якой з’яўляецца Сам Бог. Што зрабіла гэтая самаранка, калі спазнала сапраўдную веру?! Зрабіла тое, да чаго павінен імкнуцца кожны з нас: яна пакінула свой збан, адразу ж адышла ў горад і пачала сведчыць. Кс. Боска заўсёды быў уважлівым да тых, хто быў побач, меў асабісты падыход, ведаў, якое слова сказаць кожнаму з хлапчукоў, якіх навокал было мноства. Ён не навязваў ім сваю веру, але стараўся ёю зацікавіць. Калі мы будзем добрымі хрысціянамі, якія жывуць у сапраўнай радасці, якія знаходзяцца сярод іншых у любячай прысутнасці, тады і людзям навокал захочацца пазнаёміцца са Збаўцам свету, які з’яўляецца адзінай крыніцай Жывой вады. Вечарам у в. Рэчкі мы ўсе разам прайшлі Шляхам святла, падчас якога разважалі над тымі падзеямі, якія адбываліся пасля Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста, а таксама над жыццём кс. Боска.

Пяты дзень меў больш стрыманы характар, было больш часу для ціхай малітвы і разважанняў аб пакліканні. Гэта быў і самы доўгі пяты дзень, пілігрымы прайшлі 26 км. Тэма пятага дня: “Слугі Валадарства Божага”. Раскрыць яе нам дапамог кс. Уладзімір Кабак SDB. Распачаў ён сваю прамову з тэмы паклікання. Бог кожнаму з нас дае пакліканне. Калі чалавек не ідзе шляхам свайго паклікання, ён не можа сустрэць сапраўдную радасць і супакой, ён увесь час незадаволены. І чалавек сам сябе карае, бо адмаўляецца ад таго, што прынясе яму большае шчасце. Пакліканне вельмі цесна пераплятаецца з служэннем. Вышэйшае праяўленне сапраўднага служэння іншым – гэта  аддаваць сваё жыццё. Працягнулі мы сваё разважанне над тэмай паклікання падчас адарацыі ў в. Крывічы, дзе з намі падзяліліся сваім сведчаннем аб пошуку свайго паклікання с. Вераніка Огар FMA і салезіянскія аніматары, якія ўзялі шлюб літаральна напярэдадні СМЭПу Эдуард і Вераніка Рогач.

Падчас апошняга шостага дня разам з с. Ірынай Барцэвіч FMA мы разважалі над тэмай “Пакліканыя, каб ісці і прыносіць плён”. Мы высветлілі, што сапраўдная любоў ёсць толькі тады, калі я люблю Бога, сябе і бліжняга. Бог любіць нас дасканалай любоўю, любіць аднолькава моцна і падчас падзенняў, і падчас узлётаў, і заклікае нас да такой жа любові! У гэты апошні дзень падчас крыжовага шляху пілігрымы разважалі над мукай Пана, і на заканчэнне ля падножжа устаноўленага крыжа пасеялі ў глебу зярняткі, як сімвал усіх тых ведаў і здольнасцяў, якія здабылі падчас пілігрымкі. Пасеялі, каб яны не засталіся проста пачутымі навінамі, але каб і пасля пілігрымкі ўзрасталі і прыносілі плён.

Нарэшце мы накіраваліся ў Будслаў. І зрабілі гэта разам з дапаможным біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB і Рэгіянальным настаяцелем Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктарам Гайдукевічам SDB. Яны прыехалі, каб прайсці апошнія кіламетры разам і з’яднацца ў малітве з моладдзю. “Мацi Божая, Мацi Будслауская, да цябе iдзе моладзь салезiянская…- гучаў радасны спеў на падыходзе да Будслава. Шчаслівыя, мы сустрэліся з нашай Маці, да якой прынеслі свае сэрцы, напоўненыя падзякай, перапрашэннямі і просьбамі!

Вось дасягнута мэта. З радасцю ўвайшлі ў святыню. Шчаслівыя удзельнічалі у Св.Імшы для пілігрымаў і ўрачыстай начной працэсіі з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

Таксама салезіянская сям’я, моладзь і музычны гурт “Небасхіл” былі адказнымі за правядзенне вясёлага вечара для моладзі ў палатачным гарадку. За гэтыя дзве гадзіны пілігрымы змаглі падзяліцца духоўным вопытам і плёнам пілігрымкі, а таксама досведам знаёмства з улюбёным святым Янам Боска.

Завяршылася нашая пілігрымка ўрачыстай Св. Імшой, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Можа скласціся ўражанне, што акрамя святой Імшы і канферэнцый мы болей нічога і не мелі, але гэта зусім не так! У дарозе мы шмат спявалі, праслаўляючы Бога сваімі галасамі, маліліся, узгадваючы тыя інтэнцыі, з якімі ішлі да Маці Божай Будслаўсакай, мелі час на брата і сястру, каб завесці новыя цікавыя знаёмствы, і час на цішыню, каб паразмаўлясь з Богам сам на сам, а таксама кожны дзень быў адзначаны нейкай сваёй цікавай і незвычайнай фішкай, якая ўпрыгожвала дзень. Нажаль, немагчыма апісаць і перадаць усе тыя пачуцці і эмоцыі, якія неслі кождны з дзён, якія мы прайшлі, а тым болей дзень сустрэчы з Маці! Таму ад імя ўсіх пілігрымаў ад усяго сэрца запрашаем вас наступны СМЕП, СМЕП-17, перажыць разам з намі.

Наталля Бурдун

Матэрыячл сайта www.sdb.by 

 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр