Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Салезіянская Сям'я адзнычыла Дзень адзінства
Навіны
22.06.2015
 
20 чэрвеня 2015 года Салезіянская Сям'я адзнычыла Дзень адзінства.

Святкаванне прайшло ў в. Жупраны – адна з салезіянскіх пляцовак Беларусі – пад дэвізам  “Маргарыта Ок’ена – маці і настаўніца св. Яна Боска, першы супрацоўнік ля вытокаў Салезіянскай сям’і.”   

Згодна з праграмай святкавання у 12.00 распачалася Св. Імша, якую ўзначаліў  Рэгіянальны настаяцель Місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Словы гаміліі скіраваў да прысутных біскуп намінат Аляксандр Яшэўскі SDB. На свята былі запрошаны ўсе групы Салезіянскай сям’і і моладзь Беларусі. Наведаў урачыстасць і былы пробашч жупранскай парафіі кс. Юзаф Занеўскі SDB.

Гэта штогадовая сустрэча традыцыйна звязана з імянінамі альбо днём нараджэння настаяцеля салезіянаў дадзенай інспекторыі, візітаторыі, дэлегатуры. Салезіянская сям’я ў Беларусі адзначае яго ў дзень нараджэння дэлегата кс. Віктара Гайдукевіча SDB.

Адметнасць сёлетнега Дня адзінства, як і кожнага свята ў гэтым годзе – гэта 200-годдзе з дня нараджэння заснавальніка св. Яна Боска.  Таксама варта заўважыць, што месцам правядзення святочнай сустрэчы выбрана в. Жупраны. Тут нарадзіўся,  выхоўваўся і сталеў, гартаваў сваё пакліканне кс. Віктар. Тут у 1981 г. салезіянін кс. Юзаф Занеўскі SDB, які быў першым пробашчам салезіянінам жупранскай парафіі (зараз працуе ў Маскве), пачаў адраджэнне салезіянскай справы.  Жупраны –  “калыска” харызмы кс. Боска у пасляваеннай Беларусі. Адсюль справа распачала пашырацца па ўсёй краіне, бо кс. Юзаф запрасіў да працы на нашай бацькаўшчыне іншых салезіянаў з Польшчы. І, як бачым, праца гэта дала добры плён. Цяпер мы маем пакліканні з роднай зямлі.

Таксама дарам і гонарам для Салезіянскай Сям’і з’яўляецца біскупская намінацыя аднаго з сыноў кс. Боска кс. Аляксандра Яшэўскага SDB і яго прысутнасць на гэтым свяце.

Біскуп намінат Аляксандр засяродзіў разважанні гаміліі на асобе мамы Маргарыты,  якая выхавала св. Яна Боска, была для яго прешай дапамогай і падтрымкай, прыкладам веры ў Божы Провід і асаблівай пабожнасці да Марыі. Без гэтай жанчыны не было б ніводнага салезіяніна, бо гэта яна з Божай дапамогай выхавала кс. Боска, якога мы ведаем. Яе словы, скіраваныя да свайго малога Янка: “Бог цябе бачыць,” – дапамагалі і сыну ў выхаванні моладзі. Ён з гэтымі ж словамі выходзіў з аудыторыі, дзе знаходзялася каля сотні юнакоў, пакідаючы на стале сваю святарскую берэтку, як быццам сам там заставаўся. І ўсе хлопцы праводзілі час, спакойна выконваючы заданне, нібыта іх выхаваўца нікуды і не выходзіў.

Мама Маргарыта навучыла сына любіць Марыю, якой ахвяравала малога Янка ад самага нараджэння. Яна дапамагала Яну добра спавядацца і годна прымаць Св. Камунію і першай рабіла гэта сама, даючы добры прыклад дзецям. Муж Маргарыты і бацька кс. Боска памёр вельмі рана, але ахвярная і мудрая маці, якая адрознівалася міласэрнасцю да бліжняга змагла перадаць гэтыя ж дары і сыну. А потым і сын дапамог сваёй маці. У цяжкі момант, калі яна стамілася ад гарэзлівасці юнакоў у араторыі і ўжо хацела паехаць да дому, Ян паказаў ёй на крыж. Жанчына ўсё зразумела. Ахвярнасць. Яна больш ніколі ўжо не скардзілася на цяжкасці, толькі глядзела на крыж. Астатнія 10 год свайго жыцця Маргарыта Ок’ена дапамагала кс. Боска выхоўваць абяздоленых хлапчукоў у араторыі.

Пасля Св. Імшы і абеду Сям’я павіншавала з днём нараджэння свайго сучаснага ксяндза Боска – кс. Віктара. Потым больш падрабязна і крэатыўна пра маму Маргарыту патрошку расказалі са сцэны розныя групы Салезіянскай сям’і. Святары падрыхтавалі адпаведную сцэнку аб жыцці мамы Маргарыты ў прысутнасці Бога, які заўсёды займаў першае месца. Сёстры заспявалі пра любоў жанчыны да Божай Маці. Салезіяне супрацоўнікі канечне падкрэслілі сваю ахвярную апякунку – першую супрацоўніцу – у тэатралізаванай пастаноўцы. Аніматары і моладзь з араторыяў распавялі пра любоў жанчыны да моладзі. Суполкі “Адкрытыя сэрцы” і “Суполка маладых сем’яў” з Мінску падрыхтавалі сапраўдны гумарыстычны мюзікл, дзе адзначылі яе выхаваўчы талент і здольнасць ствараць сямейны дух навокал.

Упрыгожыў свята спевам і музыкай гурт “Небасхіл”. У іх рэпертуары з’явілася шмат спеваў,  якія могуць дапамагчы пазнаць харызму кс. Боска.

Усе прысутныя змаглі добра пазнаёміцца з прыкладам святасці простай і мудрай маці, каб потым наследаваць яго.

Словы настаўлення напрыканцы ўрачыстасці скіраваў да нас наш духоўны айцец кс. Віткар. “Сваім адчыненым для ўсіх сэрцам і ахвярнай працай мама Маргарыта ўвасобіла мацярынскі элемент у салезіянскую харызму: як бы цудоўным вобразам праз яе дзейнічала сама Марыя Успамога Хрысціянаў,” – сказаў святар. Настаяцель Салезіянскай Сям’і ў Беларусі падсумаваў ўсе характарыстыкі святой жанчыны, якая “выпесціла Салезіянскую Кангрэгацыю”, вылучыўшы наступныя рысы слугі Божай Маргарыты Ок’ена:

1. Першынства Бога ў жыцці: няхай кожны з вас у сваім жыцці шукае толькі Божай Волі і яе выканання, няхай не паддаецца ўплыву сучаснага свету і яго культуры, якая накіравана на эгаістычную самарэалізацыю чалавека і спажывецкі падыход да яго, бо сапраўдны сэнс жыцця, які застаецца, адкрываецца ў служэнні Богу і бліжнім, асабліва самым пакінутым.

2. Ахвярнасць у працы: мы не аднойчы перажываем, што сучасны свет не накіраваны на сумленнасць у выкананні сваёй працы і свядомасць, што пладамі тваёй працы будуць карыстацца іншыя, твае браты і сёстры. Вось чаму асоба мамы Маргарыты вельмі актуальная і годная наследвання ў сваёй ахвярнасці.

3. Беднасць: асаблівым момантам постаці мамы Маргарыты з’яўляецца праяўленне яскравага свету евангельскай беднасці. Яна не цярпела беднасць, яна яе любіла, як асалоду, як неабходную ўмову для сапраўднай любові да бліжняга і дзейснага служэння.

Таксама кс. Віктар звярнуўся да біскупа наміната Аляксандра Яшэўскага SDB, які апошнія гады быў вікарыем і эканомам Місіі. Дэлегат выказаў гонар і радасць ад таго, што Папа Францішак пажадаў выбраць аднаго з сыноў кс. Боска для прызначэння біскупам, даверыўшы яму быць пастырам беларускага народа. “Цяжка адпускаць, але трэба адпусць,” – сказў святар і запэўніў біскупа наміната ў падтрымцы ўсёй  Салезіянскай сям’і. Але таксама святар ўзяў з новапрызначанага біскупа слова ўдзельнічаць ва ўсіх салезіянскіх урачыстасцях. Біскуп згадзіўся з радасцю. Намінат падзякаваў ўсім. Ён запрасіў усіх прысутных на біскупскае пасвячэнне, якое адбудзецца 27 чэрвеня ў Архікатэдры ў Мінску, на прыміцыйныя Св. Імшы і выказаў надзею, што у хуткім часе салезіяне распачнуць працу і на магілёўшчыне, дзе распачне сваё служэнне іерарх.   

“Няхай апошнія словы мамы Маргарыты да свайго сына будуць і для нас –  Салезіянскай Сям’і – пэўным тэстамэнтам, які мы будзем берагчы ў нашых сэрцах: “Глядзі, Яне, будзь асцярожны: многія стараюцца дзеля сябе, а не дзеля Славы Божай. І калі што патрабуеш ад другіх, трэба быць у гэтым самаму прыкладам. Не забывайся: у гэтым жыцці мы павінны прыняць цярпенні, бо сапраўная радасць распачнецца ў вечнасці…” – сказаў у завяршэнне дэлегат.

Скончылася свята супольнай малітвай аб кананізацыі слугі Божай Маргарыты Ок’ена і Божым благаслаўленнем, якое ўдзяліў прысутным кс. Віктар.
 
Фотаздымкі па ссылцы

Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч
 
Матэрыял сайта www.sdb.by 
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр