Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Салезіянін кс. Аляксандр Яшэўскі прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Навіны
09.06.2015
Камунікат Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь

Салезіянін Аляксандр Яшэўскі прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Яго Святасць Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі шаноўнага прэзбітэра Аляксандра Яшэўскага, члена Салезіянскай Кангрэгацыі (Таварыства св. Францішка Сальскага), які ў дадзены момант выконвае абавязкі дырэктара салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарыя парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, надаючы яму тытулярную біскупскую кафедру Фурнос майор (Furnоs maior) і скіроўваючы на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі. 

Паведамленне аб новым прызначэнні зроблена прэс-службай Святога Пасаду 9 чэрвеня 2015 г. у 12.00 паводле рымскага часу (13.00 паводле мінскага часу) і адначасова абвешчана Апостальскім Нунцыем у Рэспубліцы Беларусь у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Пасвячэнне новапрызначанага біскупа адбудзецца 27 чэрвеня 2015 г. у 10.00 у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

Апостальская Нунцыятура, дзякуючы Богу і Святому Айцу за гэты жэст асаблівай увагі да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, выказвае найлепшыя пажаданні і сардэчныя віншаванні новапрызначанаму біскупу, скіроўваючы іх таксама да ўсіх біскупаў краіны, усіх вернікаў і ўсяго беларускага народа і просячы маліцца за новапрызначанага біскупа і зычліва супрацоўнічаць з ім у справе будавання Хрыстовага Касцёла ў еднасці з іншымі хрысціянамі і ўсімі людзьмі добрай волі — сынамі і дочкамі дарагой беларускай зямлі.

Кароткая біяграфія новапрызначанага біскупа:

Яго Эксцэленцыя мансеньёр Аляксандр Яшэўскі, S.D.B.

Нарадзіўся 6 жніўня 1974 г. у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. У 1991 г. паступіў у салезіянскую духоўную семінарыю ў г. Чэрвіньск над Віслай (Польшча). Вывучаў філасофію ў салезіянскай духоўнай семінарыі ў г. Лодзь (Польшча) і тэалогію ў Папскім Салезіянскім Універсітэце ў Рыме, дзе атрымаў ступень ліцэнцыята дагматычнай тэалогіі. У 1998 г. склаў вечныя манаскiя абяцаннi ў Салезіянскай Кангрэгацыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 2000 г. у г. Смаргонь.

Займаў пасаду адміністратара парафіі ў в. Баруны, потым у в. Жодзішкі, выконваючы адначасова абавязкі вікарыя парафіі ў г. Смаргонь. З 2001 г. па 2002 г. выконваў абавязкi дырэктара салезіянскай супольнасці ў п. Акцябрскі Маскоўскай вобласці і быў адказным за салезіянскі прэнавіцыят. Пасля вяртання ў Беларусь займаў пасаду адміністратара парафіі ў в. Жупраны. У перыяд 2003-2005 гг. быў сакратаром Спецыяльнай Акругі Салезіянскай Кангрэгацыі (Усходне-Еўрапейскай) з сядзібай у г. Масква. З 2005 г. па 2008 г. займаў пасаду дырэктара салезіянскай супольнасці ў г. Мінск; з 2005 г. па 2011 г. быў адказным за салезіянскі араторый у г. Мінск. З 2005 г. па 2010 г. быў інспектарыяльным дарадцам Спецыяльнай Акругі Салезіянскай Кангрэгацыі з сядзібай у г. Масква. З 2005 г. па 2010 г. быў старшынёй катэхетычнага аддзела Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, выконваючы адначасова абавязкі вікарыя парафіі ў г. Мінск. У перыяд 2006-2010 гг. быў членам катэхетычнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. У 2011 г. быў прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў г. Смаргонь; выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў г. Смаргонь. З 2011 г. з’яўляецца адказным за салезіянскі прэнавіцыят для грамадзян Беларусі. З 2013 г. займае пасаду вікарыя і эканома Iнспектарыяльнай Дэлегатуры Варшаўскай Салезіянскай Інспекторыі св. Станіслава Косткі.

У 2014 г. прызначаны дырэктарам салезіянскай супольнасці ў Мінску і вікарыем парафіі.

З'яўляецца выкладчыкам дагматычнай тэалогіі ў Тэалагiчным каледжы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Валодае беларускай, рускай, польскай i iтальянскай мовамі.
 
Матэрыял сайта www.catholic.by  
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр