Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Кл. Алег Каралёў склаў вечныя манаскія шлюбы
Навіны
09.09.2014

 

 6 верасня 2014 года вечныя манаскія абяцанні склаў кл. Алег Каралёў SDB. Урачыстасць адбылася ў Смаргоні ўпарафіі св. Міхала Арханёла і распачалася Св. Імшой у 12.00.

 Уся Салезіянская Сям’я з розных куткоў Беларусі, а таксама з Расіі і Італіі сабралася на гэтую ўрачыстасць, каб падтрымаць кл. Алега малітвай і падзякаваць Богу за яго пакліканне. Св. Імшу ўзначаліў рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай каталіцкай місіі “Таварыства св. Фрацішка Сальскага” ў Беларусі кс. Віктар Гаўдукевіч SDB. Ад імя генеральнага настаяцела ён прыняў вечныя манскія абяцанні кл. Алега.

 “Дзякуем Пану Богу! Гэтыя словы хочацца крычаць і паўтараць. Дзякаваць за пакліканне кл. Алега і яго мужнае рашэнне ахвяраваць сябе Богу ў Таварыстве св. Францішка Сальскага,” – сказаў кс. Віктар у казанні. Святар прыпомніў, што зараз Салезіянская Сям’я абыходзіць гадавіну перэгрынацыі рэліквій св. Яна Боско і распачынае юбілейны год святкавання 200-годдзя з дня нараджэння святога. Гэтае пакліканне і жаданне кл. Алега навекі і дарэшты быць Божым і служыць салезіянскай супольнасці гэта падарунак св. Яна Боско, плён яго прысутнасці сярод нас. І гэты плён вялікі, калі ўспомнім першыя манаскія абяцанні с. Веранікі Огар FMA, аднаўленне абяцанняў кл. Артура Ляшнеўскага SDB, і першыя манаскія абяцанні кл. Міхала, якія адбудуцца праз некалькі дзён у Польшчы. Але ў духоўным вымярэнні працуюць іншыя прапорцыі. Там важная не колькасць. Там існуе толькі радасць за кожнае пакліканне.

 Настаяцель Таварыства звярнуўся да кл. Алега і падкрэсліў, што салезіянскае пакліканне і прызначэнне гэта быць знакам любові Бога. “Мы не прыйшлі шукаць выгоды, але прыйшлі служыць,” – адзначыў кс. Віктар. “Старайся шанаваць кангрэгацыю і памятай, што гэта ты павінен ганарыцца і быць ўдзячны за тое, што належыш да яе, а не наадварот,” – сказаў святар. Настаяцель Місіі працягваў: “Наш дэвіз “Дай мне душы, а іншае вазьмі сабе” павінен быць праграмай твайго жыцця і крыніцай матывацый!”

 Пасля Святой Імшы ўся Сям’я працягнула святкаванне радаснай падзеі ў араторыі.

 Каб стаць салезіянінам (братам-каад’ютарам ці святаром), трэба прайсці пэўны шлях духоўнай фармацыі. Напрацягу 10 год маладыя людзі рыхтуюцца, каб стаць годнымі сынамі св. Яна Боско і навучыцца любіць Бога і моладзь ад яго. Пачынаецца гэты шлях ад прэнавіцыяту і заканчваецца святарскім пасвячэннем (для святароў) альбо вечнымі шлюбамі (для братоў-каад’ютараў). Акрамя вывучэння філасофіі, тэалогіі і іншых важных і патрэбных навук, семінарысты маюць такі этап фармацыі, як асістэнцыя. Гэты этап накіраваны на тое, каб навучыцца быць з моладдзю і практыкаваць сваю любоў да маладога чалавека, рэалізаваць самую запаветную мару кс. Боско – дапамагчы кожнаму маладому чалавеку збавіцца. Гэтага салезіяане дасягаюць праз простыя, здаецца, рэчы – вучаць маладых людзей добрасумленна спаўняць свае штодзённыя абавязкі і запрашаць Бога ў гэтую штодзённасць. Каб стаць шчаслівым жыхаром Неба, трэба навучыцца быць сумленным грамадзянінам і добрым хрысціянінам – такая вось формула святасці, якую прапанаваў маладым людзям натхнёны Святым Духам кс. Боско.

 Пасля завяршэння так званай першапачатковай фармацыі будучага святара распачынаецца новы вопыт, святарскі шлях, які называецца "бесперапынная фармацыя жыцця". Гэта яна няспынна адказвае на новыя патрабаванні свету моладзі і грамадзкіх слаёў.

 Але Салезіянская сям’я вельмі багатая на розныя формы служэння Богу і моладзі, таму кожны, хто зацікавіцца салезіянскай харызмай і захоча дасягнуць святасці па прыкладу кс. Боско, зможа знайсці ў ёй сваё мейсца. Акрамя ксяндзоў салезіянаў і сясцёр салезіянак яшчэ дзейнічаюць у свеце каля 30 розных груп, якіх аб’ядноўвае любоў да Бога з салезіянскай харызмай. Напрыклад моладзь можа рэалізаваць сваё салезіянскае пакліканне ў аніматарстве, свецкія людзі – далучыцца да Асацыяцыі салезіянаў супрацоўнікаў, альбо быць валанцёрамі “найсвяцейшай справы”, як казаў аб гэтым сам кс. Боско – справы выхавання моладзі.

 Сёння узрушаныя сэрцы субратоў, блізкіх, родных, сяброў і моладзі пачулі, як малады чалавек сказаў сваё “ТАК” Богу, гэтым кароткім словам ён выказаў сваё рашэнне навекі прыналежыць выключна Пану і служыць Касцёлу і моладзі ў харызме  св. Яна Боско. Пасля формулы абяцанняў, кл. Алег атрымаў салезіянскі крыж з выявай Добрага Пастыра і словамі кс. Боско: “Вучыся, каб цябе любілі.” Менавіта той, каго любіць моладзь, зможа павесці яе за сабой да таго, каго любіць сам – да Бога.

 Надалей трываюць сведкі гэтага “ТАК” у малітве за будучага святара, салезіяніна, бо кожны з нас усведамляе і сваю адказнасць за кожнае пакліканне, і кожны з нас патрабуе святога святара і добрага пастыра, які дапаможа дасягнуць Неба. 

 А ўся Салезіянская Сям’я радуецца дару гэтага паклікання і ўзносіць да Бога малітву ўдзячнасці за кожнага новага сына і новую дачку, якія пажадалі перажываць любоў Бога ў харызме св. Яна Боско на хвалу Божую і дзеля збаўлення душаў.

                                                                              Салезіянка супрацоўніца Ірына Петрусевіч

Матэрыял сайта sdb.by.

 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр