Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Успамін св. Алаізія Арыёнэ FDP
Навіны
11.03.2014
 
СВЯТЫ АЛАІЗІЙ АРЫЁНЭ FDP
 
(LUIGI ORIONE)

1872 – 1940

Успамін 12 сакавіка

Алаізій Арыёнэ нарадзіўся 23 чэрвеня 1872 года ў Пантэкуронэ, у дыяцэзіі Тартона. Быў найменшым сярод чатырох братоў. Яго бацькамі былі Віктар Арыёнэ і Караліна Фэльтры. Імя Алаізій атрымаў падчас хросту ў гонар брата, які памёр у дзяцінстве. Другое імя было Ян у гонар святога, ва ўспамін якога адбылося хрышчэнне.

У раннім юнацтве Алаізій дапамагаў бацьку ў рамонтных працах на дарозе. Усім сэрцам ён прагнуў вучыцца, каб у будучыні стаць святаром. Прагнучы рэалізаваць Божую волю, уступае ў францішканскі кляштар у Вагэра, але неўзабаве быў вымушаны пакінуць гэтую манаскую супольнасць з-за сур'ёзнай хваробы - пнеўманіі.

Мясцовы пробашч, бачачы вялікія здольнасці і цноты хлопца, накіроўвае 14-гадовавга Алаізія ў турынскае Вальдокко, дзе ён паступае ў салезіянскі каледж. Там ён сустракае  ксяндза Боско. Гэты святар заняў ганаровае месца ў сэрцы маладога юнака. Алаізій абраў ксяндза Боско сваім духоўным настаўнікам і спаведніком. Ён давяраў ксядзу Боско ўсе свае таямніцы, жаданні, мары.

У каледжы Алаізій быў найлепшым і прыкладным вучнем, таму настаяцелі ўжо чакалі калі ён напіша просьбу аб прыняцці яго ў ордэн. Аднак юнак моцна сумняваўся адносна сваёй прысутнасці ў салезіянскай кангрэгацыі і вельмі баяўся сказаць аб гэтым ксяндзу Боско, каб не страціць з ім сяброўства. Аднойчы, маючы жаданне паспавядацца з усяго жыцця, Алаізій запісаў тры вялікія сшыткі грахоў, якія ўчыніў за гэты час. Падыходзячы да канфесіянала, у якім сядзяў ксёндз Боско, ён няўпэўнена пачаў чытаць запісаныя на паперы грахі. Ксёндз Боско, убачыушы гэта, узяў сшыткі і на вачах Алаізія парваў іх, кажучы: “Мы заўсёды будзем сябрамі”.

Алаізій нястомна разважаў над словамі ксяндза Боско: "Мы заўсёды будзем сябрамі". Пасля яго смерці, на магіле святога, Алаізій у малітоўным чуванні атрымлівае адказ і ўпэўненасць, што Бог не прагне яго бачыць у шэрагах салезіянскага таварыства – Неба рыхтуе яму іншы шлях.

16 кастрычніка 1889 года Алаізій, маючы 17 гадоў, паступае ў дыяцэзіяльную семінарыю ў Тартона, дзе старанна вывучае філасофію і тэалогію. У 1892 годзе, будучы яшчэ клерыкам, ён на ўзор ксяндза Боско збірае ў невялічкім пакоіку мясцовых вулічных хлопцаў, навучае іх праўдам веры, граматыцы і проста размаўляе з імі на розныя тэмы. Неўзабаве адкрывае ў Тартоне араторый для бяздомнай моладзі, а ў наступным годзе засноўвае каледж.

1895 год для Алаізія стаў вельмі значным, бо менавіта ў гэтым годзе ён атрымаў святарскае пасвячэнне. Сімвалічным было тое, што ў дзень яго пасвячэння, біскуп апрануў у сутаны шэсць навучэнцаў з каледжа ксяндза Арыёнэ.

Стаўшы святаром, ксёндз Арыёнэ распачынае апостальскую місію па ўсёй Італіі. Бачачы, што Бог спрыяе яго пачынанням, шукае памочнікаў для распаўсюджвання гэтай справы паўсюль. Натхненне Духа Святога падказвае ксяндзу Арыёнэ, што трэба заснаваць новае манаскае таварыства, якое б і занялося апостальствам і адукацыяй бедных.  Як і ксёндз Боско, Алаізій выбірае сярод сваіх выхаванцаў найлепшых і найбольш цнатлівых, каб з Божай дапамогай прапанаваць ім манаскае жыццё. У 1903 годзе біскуп Тартоны зацвярджае мужчынскі ордэн, заснаваны ксяндзом Арыёнэ. Новая манаская сям’я атрымала назву “Кангрэгацыя Пустэльнікаў Божага Провіду”, у якую  ўваходзяць святары, браты законныя і манахі-пустэльнікі. Законнікі пачалі жыць, уцелаўляючы бэнэдыктынскі дэвіз “Малітва і праца”. Яны працавалі ў пустэльнях, апрацоўваючы зямлю і евангелізіруючы вёскі. Апостальскай харызмай новай кангрэгацыі стала праца з беднымі і пакінутымі людзьмі праз справы міласэрнасці і харытатыўную дзейнасць. Выключнай місіяй кангрэгацыі з’яўляецца таксама праца, накіраваная на аб’яднанне падзеленага Касцёла.

Ствараючы новую манаскую супольнасць законнікаў, ксёндз Арыёнэ ўвесь час трымаў у памяці мадэль Вальдокко. Яго дзейнасць і харызма, хоць і з’яўляюцца ўнікальнымі, аднак у большасці  былі ўзяты з вопыту ксяндза Боско. Сам Алаізій шмат разоў паўтараў: "Я б пайшоў па гарачых вуглях, каб зноў убачыць ксяндза Боско, каб яшчэ раз сказаць яму дзякуй".

У 1908 годзе пасля таго, як землятрус жахліва знішчыў Месіну і Рэджо-дзі-Калабрыя, ксёндз Арыёнэ спяшаецца з дапамогай да мясцовых сірот і людзей, якія ў адначассе сталі бездомнымі. На ўласных руках ксёндз Арыёнэ выносіць з разбураных дамоў параненых і пакалечаных, а таксама раздае хлеб галодным. Ён аддае ўсяго сябе справе міласэрнасці і вучыць сваіх сабратоў: "Толькі міласэрнасць уратуе свет. Справы міласэрнасці - гэта маякі веры і цывілізацыі", "Міласэрнасць адкрывае вочы веры і ўсяляе ў сэрца любоў да Бога", "Евангелле заключаецца ў наступным: бачыць Хрыста ў чалавеку і служыць Яму. Праз справы міласэрнасці прыводзіць малых гэтых, беднякоў і народ у Касцёл і да Папы, каб аднавіць у Хрысце".

У 1915 годзе ксёндз Арыёнэ засноўвае жаночую галіну ордэна: “Кангрэгацыю Малых Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці”, да якіх у 1927 годзе далучаюцца сёстры адаратаркі і кантэмпляцыйныя сёстры. Пазней узнікаюць таксама свецкія інстытуты.

Пасля Першай сусветнай вайны працы ў новазаснаванага таварыства пабольшала. Ксёндз Алаізій разам са сваімі сабратамі будуе па ўсёй Італіі прытулкі для бяздомных і сіроцкія дамы для дзетак. Кангрэгацыя вельмі хутка развіваецца і павялічваецца. Манаская сям’я, закладзеная ксяндзом Арыёнэ, пачынае распаўсюджвацца за межы Італіі. Члены новых супольнасцяў выязджаюць у Лацінскую Амерыку, Злучаныя Штаты, Брытанію. Іх пачынаюць паўсюдна называць арыяністамі, падкрэсліваючы асобу заснавальніка – Алаізія Арыёнэ.

Нарадзіўшыся і жывучы ў беднасці, сутыкаючыся з мноствам сацыяльных несправядлівасцяў у грамадстве, якое ўсё часцей адракалася ад Хрыста, ксёндз Арыёнэ ўзняў сцяг Хрыстовай міласэрнасці. Папа Ян XXIII сказаў пра яго: "Яго міласэрнасць не ведала межаў. Ён быў перакананы, што можа перамагчы свет любоўю". Заўсёды гатовы адказаць на заклік Божы, ксёндз Арыёнэ з энтузіязмам і адвагай спяшыў на дапамогу, ускладаючы надзею толькі на Божы Провід.

Зямное пілігрымаванне кс. Алаізія завяршылася 12 сакавіка 1940 года ў Санрэмо. У апошнія хвіліны ён упаўголаса паўтараў: “Езу! Езу! Іду!”. Яго зямныя парэшткі спачываюць у Тартоне ў заснаваным ім марыйным санктуарыі. У 1980 годзе папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў ксяндза Арыёнэ, а ў 2004 годзе – кананізаваў.
Матэрыял сайта sdb.by 
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр