Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Два келіхі,напоўненыя крывёй
Навіны
25.02.2014


СВЯТЫ БІСКУП АЛАІЗІЙ ВЕРСІЛІЯ

(LUIGI VERSIGLIA)

1873-1930

Успамін 25 лютага

Алаізій нарадзіўся 15 чэрвеня ў Аліва Джэссі недалёка ад Павіі. У Алаізія было таксама дзве сястры. Сям’я была вельмі пабожнай і мела вялікую павагу сярод мясцовых жыхароў.

У 12 гадоў  Алаізій быў прыняты ў турынскі араторый на Вальдокко, дзе ён вучыўся ў салезіянскай гімназіі. Быў вельмі здольным хлопцам. На заканчэнне навучальнага года заўсёды атрымліваў узнагароды за сумленную вучобу.

Падчас навучання ў “сэрцы” салезіянскай харызмы – Вальдокко, Алаізій адчувае таямнічы голас паклікання і ўсім сэрцам жадае прысвяціць сваё жыццё салезіянскай місіі выхавання. У 1888 годзе паступае ў навіцыят. Гэта быў год смерці святога Яна Боско. Тады 15-гадовы Алаізій атрымоўвае з рук ксяндза Руа сутану. Пазней вывучае філасофію ў Турыне, а тэалогію ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.

Святарскае пасвячэнне Алазізій атрымоўвае 21 снежня 1895 года. Адразу пасля пасведчання і аж да 1905 года манаскія ўлады прызначаюць яго кіраўніком навіцыяту. У гэты час ён вучыўся ездзіць вярхом на кані, а таксама вывучаў партугальскую мову, бо ў сэрцы жыла нязгасная мара аб місіях. Ён прагнуў працаваць сярод тых, хто яшчэ не ведаў Хрыста. Акурат у той час генеральны настаяцель вёў перамовы з  біскупам у Макаў, якое было партугальскай калоніяй. У гэтым горадзе салезіянскія ўлады жадалі пабудаваць сіроцкі дом. Справа развязалася станоўча ў 1905 годзе. Ксёндз Версілія едзе ў Партугалію і ў Англію, каб там вывучыць мову і падрыхтавацца да місійнага падарожжа. 18 студзеня 1906 года з Генуі адплываюць першыя салезіянскія місіянеры ў Кітай. У гэтай экспедыцыі быў і ксёндз Алаізій.

13 лютага 1906 года тры святары і тры каад’ютары (законныя браты) прыбылі ў Банког, а адтуль пачалі дабірацца да Макаў, дзе іх сустракалі з вялікай радасцю. Місія ў Макаў была нялёгкай справай. Трэба бало з нуля пабудаваць дом, вывучаць незнаёмую і складаную для еўрапейцаў кітайскую мову. А час не мог чакаць, бо салезіянаў ужо чакалі 30 сіротаў. Салезіяне адразу ўзяліся за іх выхаванне і пачатковую адукацыю. Пачатак быў цяжкі. У 1910 годзе ў Партугаліі выбухнула рэвалюцыя. Да ўлады прыйшлі антыклерыкалы (партыя, якая была супраць Каталіцкага Касцёла). Законныя місіянеры былі жорстка выгнаны з Макаў. Мясцовы біскуп, не жадаючы страціць салезіянаў, даверыў ім місію ў Хэўнг-Шан, які знаходзіўся па-за мяжой партугальскага панавання.

У той час нечакана ўспыхвае рэвалюцыя ў Кітаі. З трону звергнуты Імператар, дынастыя якога кіравала Кітаем шмат гадоў. Рэвалюцыянеры ўводзяць вольную рэспубліку. У гэты цяжкі і няпэўны час для Кітая салезіяне бяруць пад сваю апеку бедных, параненых і шматлікіх сіротаў, лёсам якіх ніхто не цікавіўся, бо паўсюль толькі і было чуваць: “Рэвалюцыя, роўнасць, свабода”. Калі партугальскі ўрад быў выгнаны з Макаў, біскуп зноў вяртае туды салезіянаў. Духоўныя сыны ксяндза Боско ўзводзяць у гэтым горадзе чатырохпавярховы будынак, дзе знайшлі прытулак дзвесце сіротаў.

Ксёндз Версілія, не шкадуючы сіл і здароўя, наведвае амаль усе вёскі, раскіданыя ўздоўж марскога ўзбярэжжа. Шукае групы мясцовых католікаў, стварае парафіі, заахвочвае таксама салезіянаў, каб як мага больш выходзілі па-за межы ўжо арганізаваных дамоў і дбалі пра навяртанне іншых.

20 чэрвеня 1918 года ў Кітай адпраўляецца новая місійная экпедыцыя. Генеральны настаяцель ксёндз Павел Альбэра папрасіў місіянераў перадаць мясцоваму настаяцелю ксяндзу Версілія каштоўны падарунак – келіх з высакароднага металу. Ксёндз Алаізій сардэчна падзякаваў за дар і напісаў настаяцелю ліст, у якім былі наступныя словы: “Дарагі ойча, ты прыслаў нам келіх. Келіх – гэта сімвал святарства. Наш годны пашаны айцец, ксёндз Боско, бачыў у сне пра Кітай два келіхі. Адзін быў напоўнены потам, другі быў поўны крыві яго сыноў… Няхай жа Бог дазволіць мне вярнуць гэты келіх маім настаяцелям і салезіянскаму таварыству поўным, калі не маёй крывёй, то прынамсі маім потам!”.  Бог дазволіў ксяндзу Алаізію споўніць адно і другое жаданне.

Апостальская Сталіца, бачачы вялікую працу салезіянаў і росквіт душпастырства сярод кітайцаў, узвышае місію да рангу Апостальскага Вікарыяту, а ксёндз Версілія, як першы Апостальскі Вікарый на гэтай тэротырыі, 9 студзеня 1921 года атрымлівае біскупскую сакру ў катэдральным касцёле ў Кантоне.

Біскуп Версілія быў вельмі добры і спагадны для іншых. Ён з ахвотай служыў бліжнім, хоць і займаў пасаду Ардынарыя дыяцэзіі. Ён стрыг сваіх сабратоў, дапамагаў на будоўлях, заўсёды быў сярод дзяцей у сіроцкім доме. Усе навокал былі цвёрда перакананыя, што іх біскуп святы. Яго святасць перш за ўсё была святасцю ахвяры, спагаднай радасці і нязмернай працы дзеля збаўлення душаў. Кожны мог прыйсці да яго, атрымаць раду, але перш за усё яго прасілі аб благаслаўленні. Як казалі сабраты і мясцовыя вернікі, нават калі б біскуп Версілія не зведаў мучаніцкую смерць, усё адно стаў бы святым.

МУЧАНІЦТВА

Напачатку лютага 1930 года біскуп Версілія звяртаецца да ксяндза Караварыё с просьбай, каб той спадарожнічаў яму падчас адведвання місійных пляцовак, якія знаходзіліся далёка ад цэнтра душпастырскай працы. Падарожжа распачалося 24 лютага 1930 года. Біскуп Версілія і ксёндз Караварыё плылі на лодцы ў кірунку Лін Хоф. Разам з імі былі дзве кітайскія катэхеткі і тры вучаніцы з катэхетычнай школы ў Шыў Хоф. Дзесьці апоўдні іх човен быў затрыманы групай партызанаў-бандытаў. Мужчыны пажадалі ад місіянераў 500 даляраў выкупу. Каля іх галоў трымалі стрэльбы, пагражаючы смерцю. Убачыўшы, што ксяндзы не маюсць грошай, пажадалі, каб тыя адкупіліся дзяўчатамі. Салезіяне цвёрда адмовілі і за гэта заплацілі вялікую цану. Іх выкінулі з чаўна на зямлю, паставілі на калені і пачалі жорстка біць карабінамі. Калі бандыты зноў спрабавалі забраць дзяўчат, збітыя да крыві місіянеры кінуліся іх абараняць. Злачынцы звязалі салезіянаў і пацягнулі іх у бамбукавы лес, які рос непадалёку. Дзяўчаты ў лодцы з жахам глядзелі, як іх пастыраў цягнуць на смерць. Чалавечыя постаці зніклі ў бамбукавай пушчы. Праз хвіліну раздалася 5 выстралаў. Дзяўчаты зразумелі, што гэта канец. Іх плач заглушылі крыкі бандытаў, якія пачалі крычаць на ўвесь лес: “Забітыя, забітыя!”.

Праз пяць дзён мясцовая армія схапіла банду і вызваліла дзяўчат, якія былі зачыненыя ў мясцовым касцёле. Знайшлі і целы мучанікаў. Іх засыпалі пяском на беразе ракі. Калі была праведзена эксгумацыя, убачылі, што салезіяне былі забітыя стрэлам у галаву. Крыж і персцень біскупа Версілія былі скрадзены. Целы перавезлі ў горад. Пасля невялікай падрыхтоўкі адбылося ўрачыстае развітанне. Тысячы людзей, трымаючы запаленые свечкі, ішлі ў пахавальнай працэсіі і плакалі. У жалобнай прамове дэлегат кітайскага Імператара сказаў: ”Каталіцкі Касцёл з’яўляецца высакароднай інстытуцыяй. Ён умее выхоўваць і даваць грамадству людзей, якія ажно да смерці выконваюць свае абавязкі і абараняюць людзей, людзей, гатовых нават памерці за сваіх духоўных дзяцей”.

15 мая 1983 года Папа Рымскі Ян Павел ІІ абвясціў салезіянскіх першамучанікаў благаслаўлёнымі, а 1 кастрычніка 2000 года – святымі.
Матэрыял сайта sdb.by 
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр