Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Успамін святога Яна Боско
Навіны
31.01.2014

31 студзеня  Салезіянская Сям'я абыходзіць ўрачыстасць св. Яна Боско. З гэтай нагоды прапануем вашай увазе некаторыя моманты біяграфіі святога.

 Аднойчы ў 1841 годзе ў турынскую турму на вуліцы Сан-Дамэніко ўвайшлі два святары. Адным з іх быў ксёндз Кафассо, па мянушцы “ксёндз шыбенікаў”, бо ён суправаджаў асуджаных да месца пакарання. Другім быў малады святар, які зусім нядаўна прыехаў у Турын, -- ксёндз Ян Боско.

 Ксёндз Боско нераз прыходзіў у гэтую турму. Ён спрабаваў паразмаўляць з хлопцамі, не толькі “настаўляючы іх у катэхезе” (падчас гэтых заняткаў абавязкова прысутнічала варта), але і проста па-сяброўску. Спачатку хлопцы рэагавалі рэзка; ксяндзу Боска прыйшлося вынесці цяжкія абразы. Але паступова хтосьці ды станавіўся болей даверлівым, і з такімі хлапчукамі атрымлівалася паразмаўляць па-сяброўску. Ксёндз Боско пазнаў іх гісторыі, іх прыніжэнне і лютасць. Самым звычайным злачынствам быў крадзеж. Кралі яны, таму што былі галодныя, таму што ім хацелася атрымаць больш, чым іх жабрацкі заробак, і таму што яны зайздросцілі багатым людзям, якія эксплуатавалі іх, пакідаючы ў галечы.

 Грамадства нічым не змагло ім дапамагчы, а зараз трымала іх за кратамі. Хлопцы сядзелі на чорным хлебе і вадзе, у агульных камерах, дзе больш моцныя нягоднікі станавіліся настаўнікамі жыцця. “Болей за ўсё мяне ўразіла тое, -- піша Ян Боско, -- што многія з хлопцаў пасля вызвалення збіраліся змяніць жыццё і жыць лепей”. Мабыць, толькі таму, што баяліся турмы. “Але неўзабаве яны зноў апыналіся ў вязніцы”. Ён паспрабаваў зразумець прычыну, і зрабіў выснову: “Таму што яны прадстаўлены самі сабе”. Сям’і ў іх не было, або бацькі адмовіліся ад іх, лічачы, што турма “запляміла іх назаўсёды”.

 “Я казаў сабе: у гэтых хлопцаў павінен быць на волі сябар, які б паклапаціўся аб іх, дапамагаў ім, навучаў іх, а па нядзелях вадзіў да касцёла. Тады б яны не вярнуліся ў турму”.

 Пакрысе ў ксяндза Боско з’явілася некалькі сяброў. Яго “катэхізацыю за кратамі” слухалі з усё большай ахвотай. “Я навучаў іх разумець, што такое чалавечая годнасць. Яны атрымлівалі ад гэтага асалоду і вырашалі стаць лепшымі”.

 Але нярэдка, калі ксёндз Боско прыходзіў у турму, усё вярталася назад. Твары зноў рабіліся жорсткімі, хлопцы з сарказмам блюзнерылі напаўголаса. Не заўсёды ксяндзу Боско ўдавалася пераадолець свой адчай. Вось у гэтыя дні і саспела немінучая развязка: “Божа, дапамажы мне выратаваць гэтых хлопцаў!”

 Ксёндз Боско прыехаў у Турын у тым жа 1841 годзе, акурат пасля свайго святарскага пасвячэння. Нарадзіўся ён у 1815 годзе ў Кастэльнуова д’Асці ў вельмі беднай сялянская сям’і. Калі Яну было два гады, памёр яго бацька. Маці Маргарыта выхоўвала сына ў пяшчоце, але ў той жа час і ў строгасці. Яна навучыла яго апрацоўваць зямлю. Але галоўнае, чаму яна навучыла сына, гэта ва ўсім бачыць Бога: у прыгажосці нябёсаў, у багацці ўраджаю, у навальніцы, якая знішчала вінаград: “Бог даў, Бог і забраў. Не забудзьцеся, што з Богам не жартуюць!”

 Таямнічы сон, які Янак убачыў у дзевяцігадовым узросце, паўплываў на ўсё яго жыццё. Яму прыснілася шмат бедных хлапчукоў. Яны гулялі і блюзнерылі. Затым нейкі велічнага выгляду чалавек сказаў Яну: “Пакорай і любоўю табе належыць прыцягнуць гэтых тваіх сяброў”. А нейкая такая ж велічная дама дадала: “Стань пакорным, дужым і моцным. У свой час ты ўсё зразумееш”. 

 Калі ксёндз Боско прыбыў у Турын, у яго ўжо быў “пункцік”: бедныя хлопцы. Але тады ён ведаў толькі вясковую беднасць. Ён не меў уяўлення, чым з’яўляецца галеча гарадскіх ускраін. Ксёндз Кафассо (які быў яго духоўным кіраўніком на працягу трох гадоў, калі ксёндз Боско навучаўся ў Духоўнай Акадэміі) не толькі вадзіў яго ў турму. Ён параіў ксяндзу Боско: “Прайдзіцеся па горадзе і аглядзіцеся навокал”.

 “У самыя першыя нядзелі, – сведчыць Міхал Руа (адзін з першых хлопцаў, якія прыходзілі да ксяндза Боско; пазней – пераемнік ксяндза Боско ў салезіянскай кангрэгацыі), – ксёндз Боско стаў хадзіць па горадзе, каб зразумець, у якіх маральных умовах жыве моладзь”. Убачанае вельмі ўзрушыла яго. Прыгарады былі месцамі хваляванняў і незадавальнення, там панаваў адчай. Падлеткі блукалі па закінутых вулачках, панурыя і гатовыя на самае горшае. Ксёндз Боско бачыў, як яны гуляюць на грошы ў закутках вуліц: іх твары былі жорсткімі, а ў позірку была рашучасць таго, хто любым коштам гатовы атрымаць поспех у жыцці.

 Зразумець новы час, рыхтаваць маштабныя планы аказалася надзвычай складана. У Турыне было 16 парафій. Пробашчы бачылі хлапчукоў, якія блукалі па вуліцах, але заставаліся бяздзейснымі, чакалі, калі падлеткі прыйдуць у касцёл, дзе яны навучаць іх катэхезе. Святары ўспаміналі “добрыя старыя часы”, калі новапрыбыўшыя ўручалі пробашчу рэкамендацыйны ліст ад папярэдняга пробашча. Яны не імкнуліся зразумець, што з-за рэзкага павелічэння насельніцтва, старыя звычаі адышлі ў мінулае. Таму трэба было хаця б паспрабаваць знайсці новыя шляхі, паспрабаваць апостальскае служэнне ў крамах, на фабрыках, сярод гандляроў. Маладыя святары менавіта гэта і спрабавалі зрабіць.

 Пазнаёміўшыся з турмамі і гарадскімі ўскраінамі, ксёндз Боско падвёў першыя вынікі. Гэтым хлопцам была патрэбна школа і праца, дзякуючы чаму яны маглі б спадзявацца на больш надзейную будучыню. Канешне, ім патрэбна было дзяцінства з усімі яго прыемнымі забавамі, а яны хадзілі па вуліцах. Але болей за ўсё ім патрэбна было сустрэцца з Богам, каб адкрыць і ўвасобіць сваю годнасць.

 Менавіта з такіх пазіцый ксёндз Боско распачаў сваю апостальскую дзейнасць. З першым падлеткам, які да яго прыйшоў, ён пазнаёміўся 8 снежня 1841 года (я назаўсёды запомніў, нібы запісаў на стужку, той першы дыялог з маладым маляром з Асці). Праз тры дні хлапчукоў ужо стала дзевяць; праз тры месяцы – дваццаць пяць, летам 1842 года – восемдзесят. “Гэта былі будаўнікі мастоў, каменацёсы, тынкоўшчыкі, якія прыходзілі здалёк”.

 Так узнік араторый. Ксёндз Боско ніяк не мог знайсці пастаяннага месца. Даводзілася блукаць разам з хлопцамі па паўночных ускраінах Турына, пакуль, урэшце, ён не знайшоў “сталую” адрыну ў раёне Вальдокко. Па суседству знаходзіліся публічны дом (бардэль), закінутыя могілкі, а па іншым баку – адкрытыя палі. Праца араторыя ксяндза Боско не завяршалася ў нядзелю. Знайсці працу для тых, у каго яе няма; дабіцца лепшых умоў для тых, хто ўжо працуе; пазаймацца з найбольш разумнымі – вось што рабіў ксёндз Боско. “Я наведваў іх на месцах працы, у цахах і на будоўлях. Гэта вельмі радавала маіх хлопцаў: яны бачылі, што аб іх клапоціцца іх сябар. Гаспадары таксама былі задаволены і ахвотна бралі на працу хлопцаў, за якімі прыглядвалі па буднях і ў святы”.

 У сваіх Успамінах ксёндз Боско апісвае “тыповы араторый”, той, які быў у Вальдокко.

 “Рана на світанні адчыняўся касцёл і пачыналася споведзь. Яна працягвалася да самай Імшы. Імша распачыналася а восьмай гадзіне, але, каб задаволіць усіх, хто хацеў паспавядацца, часта яна пераносілася на дзявятую гадзіну”.

 Імша, Камунія, тлумачэнне Евангелля. “Затым да поўдня была школа”. Праз гадзіну пачынаўся адпачынак. І падчас адпачынку, які нярэдка працягваўся да самага вечара, “я падыходзіў да кожнага хлопчыка і аднаму раіў болей слухацца, іншаму прапаноўваў прыйсці паспавядацца, і гэтак далей…” Ксёндз Боско гуляў з хлапчукамі, рабіў акрабатычныя трукі, але перш за ўсё ён быў святаром.

 У апошнія гады ксяндза Боско вельмі мучылі хваробы і жыццёвыя цяжкасці. Калі хто-небудзь, бачачы, што ён ідзе адзін, спрабаваў падтрымаць яго і пытаўся “куды мы ідзем, ксёндз Боско?”, святар уважліва глядзеў на спадарожніка і, лагодна ўсміхаючыся, адказваў: “Мы ідзём у Рай”.

 Ксёндз Боско памёр на світанні 31 студзеня 1888 года. Салезіянам, якія сабраліся каля яго смяротнага ложа, у свае апошнія хвіліны ён прашаптаў: “Любіце адзін аднаго па-братэрску. Усім чыніце дабро, і нікому не рабіце зла... Скажыце маім хлапчукам, што я ўсіх іх чакаю ў Раі”.

Матэрыял сайта sdb.by 

 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр