Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Успамін св. Францішка Сальскага,біскупа і доктара Касцёла
Навіны
24.01.2014
 
Як душа з’яўляецца жыццём цела, так міласэрнасць – жыццём душы.

 Св. Францішак Сальскі

  Францішак Сальскі нарадзіўся 21 жніўня 1567 года ў Сальскім замку ля Торанса (герцагства верхняй Савойі, што на ўсходзе сучаснай Францыі) і быў першым дзіцём Францішка і Францішкі Буасі. 
 
  З-за хваравітасці Францішак спачатку вучыўся дома. Абат Дэж выкладаў яму катэхізіс, і хлопец вельмі палюбіў гэтага святара. Пасля хатняй адукацыі бацька пачынае падрыхтоўку сына да дзяржаўных пасад і аплачвае найлепшыя ў ваколіцы школы. Падчас навучання ў Анэсі, Францішак ўпершыню прымае Езуса ў Эўхарыстыі і атрымлівае сакрамэнт канфірмацыі. Менавіта ў Анэсі зараджаюцца першыя думкі аб пакліканні да святарства. Пазней ён едзе вучыцца ў езуіцкі каледж ў Парыж, затым, правучыўшыся чатыры гады ў Падуі, атрымлівае тытул доктара грамадзянскага і кананічнага права (1591 год); вывучае таксама тэалогію.

  Францішак вылучаўся прывабнасцю і шчырай любоўю да Бога. Яго сэрца прагне аддацца святарскай паслузе, але бацька настойліва пратэстуе. Каб злагодзіць гнеў бацькі, Францішак вучыцца коннай яздзе, танцам і фехтаванню, але без энтузіязму. Аб сакрэтных прагненнях юнака ведае толькі абат Дэж, які паўсюль яго суправаджаў, маці і кузін Людвіг, які быў святаром.

  Падчас падрыхтоўкі да пасады сенатара Савойі Францішак адмаўляецца ад шлюбу і ад прапанаванай яму пасады. Ён адкрывае ўсёй сям’і сваё прагненне стаць святаром. Мары аб свецкай велічы, якія песціў яго бацька, згінулі.

  Пасля смерці дэкана жэнеўскай капітулы, па рэкамендацыі кузіна Людвіга, Францішка прызначаюць на яго месца. 18 снежня 1593 года ён атрымлівае святарскае пасвячэнне. Францішак граф Сальскі пакідае заможнасць, тытулы і багацце, і абірае шлях ахвяры і служэння іншым.

  Першыя гады душпастырскай працы ксяндза Францішка праходзілі ў вострай місіянерскай барацьбе з кальвіністамі. На дыяцэзіяльным сходзе біскуп Клод дэ Гранье просіць ахвотных святароў паехаць на паўднёвы бераг Жэнеўскага возера, каб там распачаць місійную дзенасць па евангелізацыі кальвіністаў і іх далучэнні да Касцёла. Малады святар Францішак першы адказвае на просьбу свайго біскупа.

  14 верасня 1594 года, у свята Узвышэння Крыжа, ксёндз Францішак разам з ксяндзом Людвігам пешшу накіроўваюцца ў Шабле. Гаміліі Францішка, адважныя, а адначасова простыя і зразумелыя, цярплівы дыялог і яго нястомная малітва аказаліся вырашальнымі ў вяртанні Торанса і Шабле да каталіцкай веры.

  За два гады ахвярнай душпастырскай працы Францішка ў лона Касцёла вярнулася звыш 8000 чалавек. Большая частка дыяцэзіі навяртаецца і далучаецца да Касцёла. Аднойчы пасля казання пра святыя сакрамэнты амаль 600 кальвіністаў стала на калені, прызнаючы дагматы Касцёла. Такое апостальства не магло застацца не заўважаным тымі пратэстантамі, якія марылі аб смерці гэтага ахвярнага святара. Яго спрабавалі атруціць, некалькі разоў стралялі, не аднойчы ён быў пабіты незнаёмымі людзьмі, якія натоўпам акружалі безабароннага святара.

  Ён зразумеў, што найлепшай зброяй супраць кальвіністаў, а таксама выдатнай прыладай для евангелізацыі будзе пяро і папера. Ён выкарыстоўвае кожную магчымасць, каб напісаць штосьці супраць кальвінізму і данесці да людзей, што толькі ў Каталіцкім Касцёле яны знойдуць сэнс і надзею на збаўленне. У сваёй апалагетыцы з кальвіністамі ён выкарыстоўваў вельмі лагодны падыход, спрабуючы лавіць “мух на мёд”. Ён прапаведаваў не як логік, засяроджаны толькі на сваёй перамозе, але як бацька, які клапоціцца пра дабро сваіх дзяцей.

  Вялікую ўвагу Францішак Сальскі звяртаў на постаці святых, якіх не аднаразова ставіў за ўзор для наследавання. Тлумачыў, што да святасці пакліканы кожны чалавек, а не толькі духоўныя асобы. Абвяшчаў “прывабную святасць”, якая існуе і якой можна дасягнуць, сумленна выконваючы свае абавязкі і давяраючы Усемагутнаму Богу. Пры гэтым, аднак, падкрэсліваў, што святасць патрабуе адвагі, ахвяры і вялікай працы над сабой.

  Біскуп Клод дэ Гранье, бачачы вялікія здольнасці Францішка, пасылае яго ў Рым весьці справы дыяцэзіі. Там 24 сакавіка 1599 года папа Клімент VIIІ прызначае яго “каад’ютарам”, гэта значыць дапаможным біскупам Жэневы. Тады Францішку быў няпоўны 31 год.

  8 снежня 1602 года пасля смерці біскупа Клода дэ Гранье Францішак быў прызначаны біскупам Жэневы. Гэты добры пастыр без стомы наведвае свае 450 парафій, займаецца духоўным і інтэлектуальным фарміраваннем духавенства (пазней скажа: “веды – гэта восьмы сакрамэнт святара”), рэфармуе кляштары, праводзіць катэхізацыю дзяцей, шмат гадзін  праводзіць  у спавядальні, вядзе дыялог з кальвіністамі, прапаведуе ў шматлікіх савойскіх і французскіх гарадах у перыяд Адвэнту і Вялікага посту, вядзе вуснае і пісьмовае духоўнае кіраванне, выступае на багаслоўскіх дыспутах. Разам са сваім сябрам сенатарам Антоніем Фаврам засноўвае “Фларымантанскую Акадэмію”, якая аб'яднала інтэлектуальную і мастацкую эліту рэгіёна. У акадэміі пытанні сучасных навук уздымаліся ва ўзаемасувязі з пытаннямі хрысціянскай веры.

  За час сваёй дзейнасці Францішак Сальскі напісаў вялікую колькасць тэалагічных твораў і лістоў. Разам яны складаюць 14 тамоў. Найбольш значнымі з яго прац былі “Уводзіны у пабожнае жыццё” (Філатэя) 1609 года выдання і “Трактат аб любові да Бога” (Тэатым), надрукаваны ў 1616 годзе.

 
  28 снежня  1622 года “Пакорны Хрыстус Жэневы”, як яго называлі ў народзе, памірае ад крывазліцця ў мозг. Апошнім словам, якое прамовілі ягоныя вусны, было “Езус”.

  24 студзеня 1623 года ў Анэсі адбываецца ўрачыстае пахаванне Францішка Сальскага. Яго зямныя парэшткі змяшчаюць у кляштары візітак.

  У 1662 годзе папа Аляксандр VІІ беатыфікаваў Францішка, а 19 красавіка 1665 года гэты ж Пантыфік кананізаваў яго.

  Значна пазней, у 1877 годзе, Пій ІХ абвясціў яго першым у Францыі доктарам Касцёла. А папа Пій ХІ абвясціў Францішка Сальскага апекуном пісьменнікаў, рэдактараў, журналістаў і каталіцкай прэсы.

  Такім надзвычай багатым і поўным быў жыццёвы шлях гэтага святога, якога ксёндз Боско абраў апекуном і ўзорам жыцця для салезіянаў.
 
Матэрыял сайта sdb.by  
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр