Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Сустрэча Аніматараў у Смаргоні
Навіны
17.10.2011
Вырваўшыся са сваёй штодзённасці, пакінуўшы свае клопаты дома, аніматары нашай парафіі, наколькі гэта было магчыма, у поўным складзе, накіраваліся на фармацыйную сустрэчу аніматараў, якая адбывалася ў Смаргоні, такім любым і стаўшым ужо зусім родным горадзе. Дабраўшыся да канчатковага пункту рознымі шляхамі (хто-на бусе, хто - на электрычцы), мы сустрэліся ў мясцовым Араторыі, дзе нас ужо чакалі смаргонскія аніматары і гарбата: пасля гарбаты, пакінуўшы свае рэчы ў класах, якія сталі для нас на час прабывання ў Смаргоні месцам для адпачынку, мы мелі ўводную сустрэчу, на якой кс. Іван Огар нагадаў тым, хто быў на мінулых сустрэчах і распавёў тым, для каго нашая сустрэча з'яўлялася першым фармацыйным вопытам, мэты, задачы і шляхі працы аніматараў, якія былі вызначаны на двух праведзеных раней своеасаблівых курсах для аніматараў. Канешне ж, не абыйшлося без гульняў, адны з якіх мелі мэту пазнаёміць тых, хто яшчэ не вельмі добра ведае адзін аднаго, а іншыя былі накіраваны нечаму нас навучыць. Праз прапанаваныя гульні, мы вельмі добра адчулі неабходнасць еднасці і згуртаванасці ў працы аніматараў (мы проста не здолелі не згуртавацца, калі ад суполкі, якую складала пяць чалавек патрабавалася зрабіць кропкай апоры(гэта значыць, кропкі, якімі можна дакранацца да падлогі) тры галавы і дзве нагі).

Пасля слоўка і сумеснай малітвы, мы накіраваліся на адпачынак… і зручней спальных мяшкоў не здолеў бы апынуцца не адзін мяккі ложак. Варта дадаць, што смаргонская моладзь, па магчымасці, начавала разам з намі ў Араторыі. Такім чынам, у нас проста не было ані воднага шанцу не адчуць сябе адной суполкай, адной сям'ёй.

Раніца суботы распачалася для аніматараў у 7 гадзін. Пачатковым яе пунктам, дзеля добрага працоўнага дня была св. Імша. Пасля сняданку нас чакаў час фармацыі. Распачалася праца з невялікай пастаноўкі нашых святароў і клерыка. Перад намі паўстала "каманда", адзін член якой прасіў іншых дапамагчы яму. Дапамога складалася з размовы з дзяўчынай, якой гэта размова была відавочнага неабходна. Адзін чалавек адказаў на заклік згодай, але, у выніку, з-за асабістай занятасці, не выканаў яе. Другі ж, адказаўшы адмовай, адумаўшыся, споўніў просьбу (тут мы без складанасці пазналі крыніцу пастаноўкі:).

Першую частку фармацыі правёў кс. Павел. Менавіта ён растлумачыў нам сэнс пастаноўкі ў дачыненні да нашага аніматарскага жыцця. Айцец Павел падкрэсліў, што вельмі часта кожны з нас настолькі гразне ў сваіх штодзённых абавязках, што мы губляем рэалізацыю саміх сабе. Таксама падчас сустрэчы ўздымаліся пытанні мэты аніматараства (мы разважалі, чаму, заразіўшыся нейкай ідэяй, мы можам хутка згубіць падпал). Наш фарматар падкрэсліў, што кожны аніматар усведамляе, што яго падмурак - гэта не яго асабістае жаданне. Матывацыя аніматарства - гэта не нашыя таленты, галоўнай матывацыяй з'яўляецца Езус Хрыстус.

Мы пачулі вельмі добрую прапанову не ўцякаць ад жыцця, а жыць ім. Успамінаючы фармацыю, якая адбывалася пасля адкрыцця Араторыя на цякучы навучальны год у Смаргоні, мы зноў вынеслі для сябе, што праз шэрасць штодзённасці кожны з нас павінен імкнуцца да святасці.

 Вельмі цікавым і карысным для кожнага прысутнага з'явіўся ПДЖ - план духоўнага жыцця, які нашыя фарматары прапанавалі нам распрацаваць. ПДЖ - гэта сур'ёзная праца над сабой, гэта дапамога ў тым, каб нашае жыццё не ўспыхвала асобнымі яскравымі момантамі, але было адной рытмічнай звязанай працягласцю. Нашае жыццё павінна быць раманам, які мы пішам разам з Богам.

Атрымаўшы веды па складанні і ужыванні плану духоўнага жыцця, мы атрымалі магчымасць скласці свой асабісты план, зрабіць сінтэз свайго жыцця, дапамогу глядзець наперад, а не жыць толькі сённяшнім днём. Сутнасць ПДЖ у тым, што ты павінен адказаць сабе на пытанне кім ты ёсць сёння, як ты ставішся да Бога, які ты аніматар. І вось, тады, калі ты здолеў адзначыць свае плюсы і мінусы, ты пішаш, што жадаеш змяніць у будучыні. Але, гэта не проста словы на паперы, як няспынна паўтаралі нашыя фарматары, гэта нашыя пастановы, якія мы павінны выконваць, якімі павінны жыць.

Пасля складання ПДЖ, малітвы на ружанцы, вольнага часу і каронкі да Божай міласэрнасці, мы зноў накіраваліся на фармацыю, якую праводзіў кс. Іван. Тут мы даведаліся аб продках сучасных Аратораяў, даведаліся яшчэ больш аб кроках, якія Дон Боско пераадольваў дзеля дасягнення сваёй вялікай мэты.

Кс. Іван падкрэсліў падчас сустрэчы, што святасць магчыма для кожнага і мы павінны мець поўны давер да Божага провіду. Кожны аніматар павінен імкнуцца да прысутнасці сярод моладзі ў стылі Дона Боско. Кс. Іван адзначыў, што кожны аніматар ў працы з моладдзю павінен стаць маленькім адбіткам Бога.

Пасля невялікага адпачынку нас зноў чакала цікавая пастаноўка, удзельнікамі якой былі мы самі. Нашы святары і клерык выбралі чатырох чалавек, якіх, невядома дзеля чаго,завялі да аніматарскага пакою, а астатнім прапанавалі выцягнуць маленькія кавалачкі паперы, на якіх былі напісаны ролі, якія мы павінны выконваць. Мы "гралі" ў Араторый, мы стварылі сітуацыю, якая вельмі проста можа адбыцца сапраўды. Гэтая сцэнка паказала нам, як выглядае праца аніматраў сярод моладзі ў дзеянні. Гэта было нялёгка, па словах саміх аніматараў, бо кожны чалавек добра выконваў прызначаную ролю, у кожнага быў складаны характар і для кожнага быў патрэбны асаблівы падыход. Гэтая пастаноўка была прапанавана для таго, каб мы ўдакладнілі сабе, што шмат рэчаў можа не атрымацца з першай спробы, але мы павінны ўсведамляць сваю слабасць і ніколі не апускаць рукі.

Кс. Іван адзначыў, што мы ніколі не павінны забывацца аб тым,што Божае і чалавечае пераплецены вельмі цесна, але толькі Бог можа прэтэндаваць на нашую душу і сэрца.
Пасля вячэры, мы мелі так званую вечарыну, на якой мы танцавалі, гулялі і прабывалі разам у радасці і духу еднасці. Але, мы не маглі забыцца аб галоўным, і накіраваліся на Адарацыю, падчас якой маглі падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі і ўзнесці да Яго свае просьбы. І гэта было вельмі добрым заканчэннем насычанага цікавага дня.

На наступны дзень, у нядзелю, абудзіўшыся ў 7 гадзіне, мы накіраваліся на сняданак, пасля якога, амаль адразу - на падрыхтоўку да св. Імшы, падчас якой кс. Іван акцэнтаваў увагу на тым, што кожны чалавек павінен добра ўсведамляць, што трэба аддаваць,ахвяраваць Богу, што ёсць Божае а што з'яўляецца чалавечым.
Пасля Імшы нас чакала заключная сустрэча, на якой падводзіліся вынікі нашай фармацыі.

І, як усё добрае, сустрэча вельмі хутка і незаўважна падышла да заканчэння. Шчыра кажучы, нікому з нас не хацелася верыць, што час так хутка прайшоў, але нельга казаць, што ўсё скончылася. Усё толькі пачалося - мы атрымалі, быццам, штуршок у правільным накірунку. Мы атрымалі веды, якія неабходна ўжываць у сваю аніматарскую працу і штодзённасць.

Не хавацца, быць бачнымі і жыць Богам - гэта з'яўляецца важкім для кожнага аніматара, ён павінен прытрымлівацца гэтых пунктаў, калі хоча быць сапраўдным аніматарам, сапраўдным асістэнтам у духу Дона Боско.

Узмоцненыя ў ведах, атрымаўшы накірунак, у якім трэба рухацца, шчыра жадаючы спаўняць усе ўмовы дзеля таго, каб быць аніматарам не на словах, а на справах, з сэрцамі, поўнымі падзякі Богу за гэтую магчымасць узрасці духоўна і быць разам, як сям'я, мы накіраваліся дадому.

Гэтая сустрэча пакінула шмат добрага ў нашых сэрцах, яна падрыхтавала глебу для далейшай працы ў якасці аніматараў, якая, з дапамогай Міласэрнага Бога і нашай упартай працы, прынясе добры плён. Трэба толькі заўсёды памятаць, дзеля Каго і з Кім мы ўсё робім!
 
Таццяна Ісакава

 
© 2006-2013 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100