Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Інтэрв'ю кс. Паўла Шчарбіцкага SDB адмыслова для Serebranka.sdb.by
Навіны
29.08.2011

Калі яшчэ хтосці не ведае гэтага маладога ксяндза, які з 1-га жніўня распачаў сваё служэнне ў якасці вікарыя ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля, знаёмцеся - кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Прапануем вашай увазе інтэрв'ю, якое ён даў адмыслова для Serebranka.sdb.by.

-Пахвалёны Езус Хрыстус, паважаны кс. Павел! Вітаем сардэчна ў парафіі Св. Яна Хрысціценя і па-першае, яшчэ раз віншуем Вас ад імя парафіі са святарскімі пасвечанямі і прыміцыйнай св. Імшой! У рэшце рэшт, праз дзесяць год пошуку паклікання, вытрывання ў салезіянскай фармацыі Вы сталі ксяндзом. I першае пытанне будзе менавіта пра гэта: як Вы сябе зараз адчуваеце ў так доўгачаканым сане?

-Па-першае, дзякуй вялікае за шчырае прывітанне! Сапраўды прыемна адчуваць, што людзі цікавяцца, жадаюць пазнаёміцца з новым ксяндзом, якім я з'яўляюся. Уражанняў сапраўды шмат, вы бачылі таксама падчас Пасвячэння, што я быў вельмі “пад уражаннямі”, як кажуць. Але напэўна першае пачуццё, якое я маю - гэта пачуццё вялікай падзякі. Падзякі Богу, падзякі людзям, якія дачакаліся, якія дапамагалі мне. Бо менавіта ў гэтыя апошнія тыдні асаблівым чынам адчуваў Божую прысутнасць праз людзей, якія моцна мяне падтрымлівалі. Як матэрыяльна - дапамагалі ў арганізацыі паважнага мерапрыемства, але таксама і духоўна - я адчуваў моцную падтрымку ў малітве. Таму дзякую ўсім вам, дзякую Пану Богу за такую неверагодную падтрымку.

-Напэўна, з усіх сабраных 30 ліпеня ў катэдры, найбольш хваляваліся Вашыя бацькі, для якіх гэта былі неверагодныя пачуцці. Бо яны дачакаліся і бачылі іх каханага сына ўжо ў якасці ксяндза. Якую ролю адыгрываюць бацькі ў Вашым жыцці?


-Да канца не магу дакладна ведаць, што яны могуць адчуваць, гэта трэба папытацца ў іх асабіста. Але ведаю дакладна, што мае бацькі шмат цярпелі з прычыны таго, што па-першае - я іх адзіны сын, па-другое не заўсёды здароўе было найлепшым. Яны сапраўды выцярпелі і вымалілі ў Бога ласку, бо як я казаў пад час падзякі на пасвячэнні, я не мусіў жыць. Лекары казалі што гэтае дзіцё жыць не будзе, але Пан Бог паклапаціўся, як кажуць, даў здароўе, даў моцы дайсці нават да гэтага дня. Таму бацькі назаўсёды з'яўляюцца для мяне прыкладам веры, прыкладам чалавечнасці - што значыць быць чалавекам, што значыць прабачаць, што значыць жыць сярод людзей. I дакладна ведаю, што яны дапамагалі, дапамагаюць і будуць мне дапамагаць. Гэта такі "чалавечы гарант", бо мной апякуецца не толькі Пан Бог, але і самыя блізкія мне людзі. Але ведаю таксама што яны даволі дыскрэтныя - гэта значыць не будуць мне перашкаджаць, як самі мне казалі. Будуць падтрымліваць малітвай, але не будуць перашкаджаць у працы. Зразумела ім цяжка, бо сын тут побач, але сам мае свае асабістыя абавязкі, і яны гэта паважаюць.

-Напрыканцы Вашага пасвячэння Арцыбіскуп паведаміў, што Вы, наш парафіянін, праз дзесяць год вяртаецеся ў родную парафію. Не толькі сын вяртаецца да бацькоў, але парафіянін, які пакідаў парафію калісьці міністрантам, зараз вяртаецца ў якасці ксяндза. Як было сказана, чалавек з народа пастаўлены для народа. Што гэта азначае для Вас? Бо ведаем аб цяжкасцях такога вяртання.

-Я гэтага сапраўды не чакаў, і ўжо зараз заўважаю гэтыя цяжкасці. Бо некаторыя людзі пытаюцца, ці я прасіў, каб мяне сюды прызначылі. Шкада, што нават узнікаюць такія пытанні, нібыта гэты жыццёвы выбар якімсці чынам залежаў ад мяне. Сапраўды такога прызначэння я не чакаў, гэта было знянацку. Але я разумею патрэбы салезіянскай супольнасці ў Мінску, і таму прымаю гэтае прызначэнне як Божую Волю. Бо прыйсці працаваць у сваю парафію, туды, дзе часам на цябе глядзяць як на Паўліка, таго самага міністранціка, які некалі прыслугоўваў у касцёле, і зараз быць ксяндзом, навучаць, падтрымліваць, а некалі і канструктыўна крытыкаваць знаёмых людзей - гэта сапраўды нялёгка. Бо гэтыя асаблівыя адносіны захаваліся. Тут я маю шмат знаёмых, сяброў, і я адчуваю іх вялікую падтрымку. Мне дапамагаюць адчуць сябе прынятым тут і дапамагаюць у працы. Таму шчыра спадзяюся, што усё будзе добра з Божай дапамогай!

- Вы вяртаецеся ў парафію, у даволі няпросты час. Калісьці, калі Вы пакідалі парафію, першы салезіянін, якога Вы сустрэлі, які дапамог Вам распазнаць пакліканне, быў кс. Ігар Лашук. Зараз, у той жа дзень калі Вы адпраўлялі прыміцыйную св. Імшу, афіцыйна стала вядома, што кс. Ігар, заснавальнік парафіі, яе пакідае. Якую ролю адыгрывае гэты чалавек у Вашым жыцці? Як збіраецеся падтрымаць парафію ў гэты час?

-Так, сапраўды, кс. Ігар адыграў паважную ролю ў маім пакліканні і жыцці ўвогуле. Яшчэ калі хадзіў ва ўніверсітэт, мы з ім добра пасябравалі. Ён бачыў, як я развіваўся, узрастаў у Веры. Яго прыклад, як і ўвогуле прыклад салезіянскай сям'і, якая тут працуе, мне вельмі дапамог у выбары жыццёвага шляху. Я лічу, што гэты дух, які некалі заклаў св. Ян Боска ў Італіі, які кс. Ігар Лашук сюды прынёс, дагэтуль жыве тут у парафіі Св. Яна Хрысціцеля. I зараз яго трэба расціць далей. Адзін святар пасеяў, другі святар будзе палоць, іншыя будуць збіраць плён.

Я ведаю, што цяжка пакідаць чалавека, да якога прызвычаіліся ўсе, і я асабіста. Ён для мяне з'яўляецца духоўным "бацькам", я разам з ім рос, разам з ім падаў, разам з ім мірыўся з Богам, хадзіў да яго на споведзь, прымаў Эўхарыстыю. Таму, добра ведаю, што гэта за чалавек, якую ролю адыгрывае ў развіцці касцёла ў Мінску і Беларусі.

Даволі цікава выйшла, не ведалі аб гэтым ні я, ні кс. Ігар. Але ў час калі ён адыходзіць, я не прыходжу на яго месца, але прыходжу працаваць на тую пляцоўку, дзе працаваў ён, дзе працавалі іншыя браты, каб працаваць у салезіянскай супольнасці ў Мінску. Маю вялікую надзею, што тым пладам, насенню, якое ён пасеяў, змагу дапамагчы ўзрастаць з Божай дапамогай. Гэта сапраўдны гонар - працягваць справу, як бацька распачаў - сын працягвае. Таму я сябе менавіта так адчуваю, як прадаўжальнік справы кс. Ігара Лашука.

- Які Вашыя абавязкі, на якія Вас прызначылі ў парафіі, і як Вы збіраецеся іх рэалізоўваць?


- Ксёндз-інспектар даў мне Ліст паслушэнства, дзе было ўказанне чым хутчэй прыступіць да абавязкаў, а менавіта служэння моладзі ў Цэнтры Моладзі, у Араторыі, паклапаціцца менавіта пра тых, да каго мы пакліканыя - пра Моладзь. Таксама Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў мяне вікарыем, гэта значыць дапаможным ксяндзом пробашчу. Таму першае маё пакліканне - гэта менавіта Араторый, Цэнтр Моладзі. А другое - гэта дапамога ў парафіі - споведзь, розныя пастаральныя справы. Што датычыцца маіх планаў, іх сапраўды шмат, але спачатку трэба “увайсці", зразумець сітуацыю, якаю тут ёсць, з кім працаваць, што магчыма рэалізаваць. Таму трэба добра разгледзецца, якія ёсць патрэбы ў моладзі ў Цэнтры, якія ёсць патрэбы пастаральныя. Хацелася б стаць сапраўднай сям'ёй - з супольнасцю, з моладдзю, аніматарамі, супрацоўнікамі і ўвогуле з парафіяй. А калі гэта атрымаецца - супольна распрацаваць планы развіцця. Бо калі сям'я добрая, калі яна з'яднаная - яна можа шмат чаго зрабіць.

- Кажучы пра моладзь - праз доўгі час Вы працавалі і развівалі пакліканне ў Італіі, дзе працы з моладдзю ўдзяляецца вялікая ўвага. Розныя духоўныя практыкі, сумеснае баўленне часу, разнастайныя гульні і іншае. Што з таго, што Вы бачылі ў Італіі патрэбна і магчыма развіць тут у Беларусі?

- Трэба быць уважлівым, таму што пераносіць сітуацыю, якая ёсць там і метады, якія ўжываюцца ў Італіі - гэта папросту немагчыма. Бо мы розныя: культуры іншыя, стан маральнасці іншы ў Італіі і ўвогуле ў Заходняй Еўропе. Проста не магчыма параўнаць з усходняй Еўропай і Беларуссю. Было б памылкай адразу ўзяць нейкія формы, італьянскія мадэлі працы, і перанесці іх сюды. Трэба адаптавацца і глядзець на канкрэтныя праблемы тут на месцы. Але мы можам паглядзець таксама трохі наперад: я лічу, што, тое што зараз ёсць і Італіі, тыя праблемы, з якімі сустракаецца італьянская моладзь, праз некалькі год будуць у нас. Бо ёсць тэндэнцыя, што заходнія праблемы пераходзяць у Еўропу Усходнюю - праблемы сям'і, праблемы выхавання, адукацыі. Таму я лічу, што трэба не пераносіць, але ўзяць той матэрыял, вопыт які ёсць, і пытацца адаптаваць.

Па-першае трэба аднавіць сакрамэнтальнае жыццё, узмоцніць яго, бо яно вельмі слабое ў Заходняй Еўропе. Сакрамэнт Споведзі, духоўнае кіраўніцтва, Сакрамэнт Хросту, Шлюб, але цэнтрам усяго з'яўляецца Еўхарыстыя. Гэта першы этап.

Другі этап - гэта пытанні моладзі, тыя патрэбы якія ёсць. Цэнтр Моладзі патрэбна развіваць, там ёсць шмат магчымасцяў - гэта і спорт і турыстычныя выезды, пілігрымкі. Вось напрыклад, ўжо зараз мы разам з моладдзю ездзілі на роварах, купаліся разам, маліліся разам - карацей кажучы праводзілі час. Ёсць шмат розных варыянтаў развіцця. Але трэба добра ўсвядоміць, да чаго мы хочам ісці. Гэта трэба будзе пастанавіць нам як у супольнасці салезіянскай, з сёстрам законнымі, моладдзю, увогуле парафіяй -куды мы хочам ісці, да Каго мы ідзём. Калі паставіць мэтай Езуса, то я ўпэўнены, што і шляхі знойдуцца. На гэтым хацеў бы зарабіць акцэнт. Бо мы зараз часта зашмат увагі прысвячаем самому шляху, метадам, забываючыся аб духоўнай мэце гэтага шляху.

-Таксама пытанне наконт моладзі. Зараз існуе тэндэнцыя, што жыццё сучаснага маладога чалавека ўсе больш пераходзіць у "ан-лайн" - у Інтэрнэце, асабліва папулярных зараз сацыяльных сетках, дзе вельмі лёгка "увайсці ў абарот" спакусаў сучаснага свету.Як на Ваш погляд магчыма рабіць фармацыю моладзі, развіваць іх духоўнае жыццё з дапамогай прыладаў сучасных тэхналогій, ці ёсць у Вас нейкія планы ў гэтай галіне?


-Сацыяльныя сеткі, інтэрнэт і ўвогуле сучасныя "ноў-хаў", якія знаходзяцца ў агульным карыстанні - з'яўляюцца вельмі цікавым інструментам камунікацыі. Яны зробленыя каб дапамагаць, каб аблегчыць кантакт між людзьмі. Але не заўсёды яны вядуць да глыбокага спазнання чалавека. Таму, з аднаго боку трэба папярэдзіць асабліва маладых людзей. Так, карысна ўжываць гэтыя сродкі камунікацыі, але трэба гэта рабіць з розумам. А для гэтага трэба катэхізаваць, растлумачыць маладым людзям, і менавіта для гэтага каталіцкі касцёл і Папа Бенедыкт XXVI заахвочваюць карыстацца тэхналогіямі, прысутнічаць ў гэтай сферы. На прыклад, ў сацыяльных сетках магчыма рассылаць добрыя пасланні для фармацыі, а не толькі размаўляць невядома аб чым.

Але сапраўды існуе такая праблема, часам нават хвароба, калі чалавек паводзіць сябе адным чынам, калі знаходзіцца ў касцёле, і другім чынам, калі знаходзіцца па-за касцёлам. I гэта вельмі сур'ёзнае пытанне, гэта ёсць і ў Заходняй Еўропе, пачынае развівацца тут у нас. Трэба аб гэтым размаўляць, навучаць. Але не трэба чакаць хуткіх поспехаў. Чалавеку патрэбна прывіваць сэнс адказнасці за хрысціянскую супольнасць, сэнс сваёй прыналежнасці да супольнасці як да сям'і. Не афіцыйна “на паперы", але глыбока быць у гэтым. Бо калі чалавек глыбока верыць, глыбока любіць - гэтае пачуццё не дазваляе яму выйсці па-за сям'ю, па-за касцёл і весці сябе інакш. Альбо ты любіш, альбо не любіш. Таму вучыць гэтай сапраўднай любові будзем і праз катэхэзы, падчас сустрэч, казанняў, і таксама выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі. Ксёндз як настаўнік, пастыр мае адказнасць за сваю паству. Але адказнасць павінна быць двухбаковая. Тады з гэтага будзе плён.

Дзякуй за размову! Жадаем Вам поспехаў у працы. З Богам!

 
© 2006-2013 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100