Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Прысвяціць жыццё выхаванню моладзі ў духу любові да Бога і чалавека
Навіны
31.01.2011

Успамін св. Яна Боска салезіянская супольнасць у Мінску адзначала напярэдадні, 30 студзеня 2011 г. Заўсёды з радасцю прыбывае на святы ў парафію Св. Яна Хрысціцеля Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, вялікі знаўца маладых сэрцаў. Менавіта выхаванню высакародных сэрцаў у дзяцей і моладзі і прысвячае сябе кожны салезіянін.

У гэты дзень разам з парафіяльнай супольнасцю маліўся таксама грэка-каталіцкі святар Яўген Усошын.

«Святы Ян Боска ўсё сваё жыццё прысвяціў выхаванню маладых людзей у духу любові да Бога і да чалавека, у духу васьмі благаслаўленняў сённяшняга Евангелля, — адзначыў у гаміліі Мітрапаліт. — Дэвізам яго жыцця былі словы: дайце мне душы, астатняе пакіньце сабе. Сапраўды, калі ў чалавека багатая душа, калі ён жыве паводле Божага закону, паводле любові да Бога і бліжняга, калі практыкуе цноту міласэрнасці і цноту чысціні, калі паважае кожнага іншага чалавека, калі імкнецца дапамагчы беднаму, патрабуючаму, тады ён сапраўды будзе шчаслівы».

Поўны тэкст гаміліі >>>

Ужо больш дзесяці год салезіяне працуюць у мікрараёне Серабранка. Напэўна, дзякуючы заступніцтву свайго нябеснага апекуна св. Яна Боска, была пабудавана ў 2001 г. капліца і моладзевы цэнтр, а пазней распачалося будаўніцтва касцёла. У ХІХ ст. араторый кс. Боска быў месцам, дзе бяздомная італьянская моладзь мела прытулак і працу. Араторый у Мінску таксама стаў месцам радаснага правядзення часу для шматлікай моладзі — як з парафіі, так і з самога мікрараёна. Не адзін чалавек знайшоў духоўную падтрымку ў ксяндзоў салезіянаў, сясцёр салезіянак, а таксама ў моладзі, якая актыўна наследуе салезіянскі дух.

За гэтую працу, плён якой, можа, бачны не адразу, мінскай салезіянскай супольнасці падзякаваў арцыпастыр. Іерарх узгадаў, што калі ў 1999 годзе быў прызначаны біскупам, то сустрэўся з гатоўнасцю салезіянаў працаваць у 15 парафіях. «У той час было толькі каля 50 святароў ва ўсёй Беларусі. Хто мог абслугоўваць так многа парафій? — адзначыў Мітрапаліт. — А гэта вялікая праца: праца ў парафіі, у будаванні касцёлаў, капліц, моладзевых цэнтраў, але перш за ўсё будаванне жывога Касцёла і выхаванне моладзі».

На заканчэнне літургіі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску, выказаў словы ўдзячнасці арцыпастыру за яго сталую падтрымку і частую прысутнасць у серабранкаўскай парафіі. Салезіянская супольнасць, як адзначыў кс. Гайдукевіч, і надалей будзе імкнуцца аддана служыць Богу і людзям.

Пасля ўрачыстых набажэнстваў Мітрапаліт удзяліў прысутным благаслаўленне рэліквіямі св. Яна Боска, пасля чаго адбылося іх ушанаванне.

Ужо неад’емнай часткай многіх святаў у серабранкаўскай парафіі стаў супольны пачастунак блінамі. Арцыпастыр паспяшаўся да пліты, дзе да яго выстраілася доўгая чарга: кожны хацеў атрымаць блін, прыгатаваны іерархам!

Пробашч парафіі кс. Ігар Лашук SDB лічыць, што пачастунак блінамі з’яўляецца добрай нагодай, каб разам правесці час, паразмаўляць з душпастырамі. Так парафія працягвае быць сям’ёй.
 
Матэрыял сайта Catholic.by

 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр