Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Кніга хросту з найстаражытнейшага касцёла ў Ішкалдзі: з небыцця ў быццё
Навіны
06.12.2010

Кніга хросту з найстаражытнейшага ў Беларусі касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Ішкалдзі (1472 г.), выстаўленая на аўкцыён, стала тэмай для абмеркавання ў беларускай прэсе. Старажытная парафіяльная спадчына, узрост якой амаль 250 год і якая захоўвае гісторыю веры мінулых пакаленняў, магла трапіць у небыццё. Чым скончылася гэтая гісторыя, хто выйграў аўкцыён?

У ІІ Нядзелю Адвэнту, 5 снежня 2010 г., у касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Мінску сабраліся некаторыя ўраджэнцы Ішкалдзі і навакольных вёсак. Пробашч парафіі кс. Ігар Лашук SDB, адзін з іх, дзяліўся з прысутнымі радасцю вяртання старажытнай метрыкі на лацінскай мове, якая датуецца 1759 г.

Разам з парафільнай супольнасцю маліўся пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рынэры, які стаў адным з ахвярадаўцаў для выкупу старажытнай кнігі з аўкцыёна.

Ініцыятарам жа збору сродкаў для ўратавання спадчыны і вяртання яе ішкалдскай парафіі стаў студэнт БДУ Андрэй Радкоў.

Пра кнігу, выстаўленую на аўкцыён, малады чалавек даведаўся праз Інтэрнэт і вырашыў шукаць сродкі, каб вярнуць парафіяльную ўласнасць не толькі нашчадкам тых людзей, якія жылі ў Ішкалдзі і наваколлі ў XVIII–XIX стст., але і для навукі.

Імя прадаўца і яго кантакты сталі вядомы пасля перамогі ў аўкцыёне і набыцця лоту. Ім аказаўся даволі вядомы ў Баранавічах калекцыянер. Да яго кніга трапіла ў 1993 г. Прыкладна паміж 1939 і 1948 гадамі, калі касцёл зачыняўся ў апошні раз, парафіяльныя кнігі былі перададзены на захаванне мясцовым жыхарам. Магчыма, хтосьці з несвядомых нашчадкаў і перадаў або прадаў гэтую кнігу калекцыянеру.

Пазней Андрэй Радкоў даведаўся з публікацый у прэсе, а таксама з размоў, што выкупіць метрыку мае намер кс. Ігар Лашук, і скантактаваўся са святаром.

Так супольнымі намаганнямі старадаўняя кніга хросту была выкуплена. Пасля святаў Божага Нараджэння яна будзе перададзена ў Ішкалдзь. Там, у сваёй роднай парафіі, кс. Ігар Лашук будзе цэлебраваць святую Імшу за ўсіх ахвярадаўцаў.

Кніга таксама пройдзе экспертызу і, магчыма, будзе занесена ў спіс рухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Андрэй Радкоў выказвае надзею, што гэта стане прыкладам і натхненнем для іншых, хто можа ўратаваць нейкую спадчыну, пакуль тая не трапіла ў забыццё або за мяжу. Як вядома, многія рэліквіі з Беларусі знаходзяцца ў музеях Заходняй Еўропы, на Усходзе і нават за акіянам. Такімі, напрыклад, з’яўляюцца крыж Лазара Богшы, кніга Казіміра Семяновіча, Бібліі Францішка Скарыны і г.д.

Матэрыял сайта Catholic.by падрыхтавала Валянціна Крутая
 
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр