Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Раўбічах
Навіны
17.08.2010

Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, 15 жніўня 2010 г., у Раўбічах адбылася святая Імша на месцы будаўніцтва парафіяльнага дома. Падчас літургіі пробашч парафіі кс. Віктар Гайдукевіч SDB асвяціў ваду з крыніцы, якая пачала біць на тым месцы, дзе ў 1650 г. падчас навальніцы з’явіўся абраз Маці Божай Карміліцы.

Традыцыя асвячэння вады з гэтай крыніцы менавіта ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі зарадзілася даўно. А самі вернікі сцвярджаюць, што вада гэтая гаючая.

Падчас літургіі побач з алтаром была размешчана копія абраза Маці Божай Карміліцы. Мясцовыя вернікі захавалі культ пашаны Божай Маці, якая ўратавала іх земляка Лукаша Халяву ад гібелі падчас навальніцы. Лукаш убачыў на дрэве невялікі абраз з выявай святой Марыі, кормячай маленькага Езуса. Менавіта з гэтага здарэння і распачалася гісторыя пабудовы рыма-каталіцкай святыні ў Раўбічах.

Згодна з парафіяльнымі хронікамі, у 1650 г. на ўзгорак над ракой Ушачай як на месца для ўзвядзення святыні ўказаў абраз Маці Божай Карміліцы, «які ўратаваў… падчас страшэннай навальніцы» мясцовага шляхціца Лукаша Халяву. Вакол дрэва, на якім заўважылі абраз, пан Лукаш і жыхары яго радавой вёскі Халяўшчызны (што размяшчалася за ўрочышчам), «узвялі 8-кутную капліцу…, а крона дрэва стала купалам». Пабудаваную такім чынам святыню па назве гэтага месца — урочышча Крыжагор’е — сталі называць «Крыжагорскай». У 1709 г. святыня атрымала статус касцёла. У XVIII ст. касцёл меў статус філіяла пры мінскім парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы.

Праз стагоддзе, у 1806 г., на месцы старажытнай святыні быў узведзены новы касцёл з брусу, «фронтам на ўсход сонца», і асвячоны пад тытулам св. Мацвея. Святыню пабудавалі ў выглядзе 6-граннай ратонды. У галоўным алтары касцёла па-ранейшаму знаходзіўся абраз Маці Божай Карміліцы, у адным з бакавых алтароў быў абраз Укрыжавання, у другім — абраз св. Роха.

З цягам часу стары касцёл св. Мацвея ўжо не мог змясціць усіх вернікаў, і ў 1858 г. мінскі біскуп Адам Вайткевіч асвяціў вуглавы камень для падмурка будучай святыні. Да 1862 г. будаўніцтва закончылася. Аднак сваё прызначэнне касцёл выконваў нядоўга — усяго 4 гады. У 1866 г. святыня была зачынена і перароблена пад праваслаўную царкву. Трэба адзначыць, што прыстасаванне касцёла пад царкву не прывяло да перабудовы ў «рускім» стылі, як гэта здаралася з многімі іншымі каталіцкімі святынямі. Тады, у 1866 г., куды толькі не звярталіся парафіяне, якія засталіся без святыні: і да губернскай улады, і да пецярбургскага сенату… Усё беспаспяхова, хоць, як адзначалася ў тыя гады, «парафія была і з’яўляецца каталіцкай». Урэшце рэшт, так і не дамогшыся праўды, у дзень св. Марка ў 1908 г. ксёндз дэкан Казімір Міхалкевіч з Мінска асвяціў невялікую капліцу св. Яна Хрысціцеля на мясцовых могілках, заснаваных за тры гады да гэтага. Ратондападобная пабудова з дрэва, пакрытая схілавым ліставым дахам, як магла, служыла патрэбам шматлікай парафіі.

У гады Другой сусветнай вайны святыня была значна пашкоджана. Пасля рэстаўрацыі ў 1975–1978 гг. былая святыня выкарыстоўваецца як музей беларускага народнага мастацтва. Будынак касцёла аб’яўлены помнікам архітэктуры. Капліца ж на могілках была знесена ў 1930-я гг.

Тым не менш, парафія св. Мацвея ў Раўбічах адрадзілася, — яна была нанава зарэгістравана 31 снежня 1991 г.

Для вернікаў парафіі Святога Мацвея ў Раўбічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) набажэнствы адбываюцца кожную нядзелю а 10-ай гадзіне на месцы будаўніцтва парафіяльнага дома.

Даезд: праз в. Аколіца ў кірунку спартыўнай базы.
 
Матэрыял сайта Catholic.by
 
© 2006-2013 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100