Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Мінск: дзень духоўных сустрэч і сімпозіум на заканчэнне Года святарства
Навіны
10.06.2010
10 чэрвеня 2010 г. у капліцы святога Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранкаўскі дэканат) адбыўся дзень духоўных сустрэч духавенства і сясцёр законных, якія працуюць у Мінскай вобласці. У межах сустрэчы адбыўся сімпозіум на заканчэнне Года святарства.

Канцэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які таксама прамовіў гамілію. Іерарх нагадаў, што святар «дзейнічае In persona Christi і прадстаўляе самога Хрыста». «Гэта ў святарскіх далонях ажыццяўляецца сапраўдны цуд перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста», — падкрэсліў арцыпастыр, тым самым сцвердзіўшы, што пакліканне з’яўляецца сапраўднай таямніцай, якую немагчыма растлумачыць або апісаць, з’яўлецца «дарам, які пераўзыходзіць чалавека».

Поўны тэкст гаміліі >>>

Рэферат, з якім арцыбіскуп выступіў падчас сімпозіума, быў прысвечаны прыродзе паклікання да святарства, якое, як падкрэсліў іерарх, «не з’яўляецца толькі выбарам чалавека». «Гэта Божы заклік, звышнатуральны ўваход Бога ў чалавечую экзістэнцыю. Бог заклікае пакліканага да святарства наследаваць Яго радыкальна і абсалютна, адракаючыся нават ад таго, што добра і дазволена людзям, як, напрыклад, сям’я, каб весці свет да „зямлі абяцанай“», — адзначыў Мітрапаліт.

Поўны тэкст рэферата >>>

Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы арцыпастыр падзякаваў святарам за працу ў гэтым пастырскім годзе, а таксама нагадаў пра неабходнасць арганізацыі ў летні час «Канікулаў з Богам» для дзетак.

Мітрапаліт паведаміў аб тым, што кожная раённая бібліятэка Беларусі атрымае Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла на беларускай мове, падрыхтаваны да друку ў выдавецтве «Про Хрысто». Пераклад Кампендыя здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў i афіцыйных дакументаў Касцёла Kaмicii Божага Культу i Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ.

Па словах арцыбіскупа, у хуткім часе стане магчымым выкладанне рэлігіі ў школах. З прычыны таго, што выкладчык павінен мець педагагічную адукацыю, Мітрапаліт заахвоціў душпастыраў накіроўваць студэнтаў у Інстытут тэалогіі БДУ.

ККББ таксама прыняла рашэнне аб устанаўленні лектараў. Кандыдаты ў лектары павінны прайсці адпаведную падрыхтоўку на працягу года, здаць экзамен і быць прадстаўлены біскупу для іх афіцыйнага ўстанаўлення.

У межах сустрэчы кусташ Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака OFM прадставіў план цэнтральных урачыстасцяў, якія адбудуцца 1–2 ліпеня. Айцец Лех Баханэк OFMConv распавёў аб падрыхтоўцы і правядзенні Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы.

Акрамя гэтага, 20–24 ліпеня ў Слуцку і 3–7 жніўня ў Нарачы адбудуцца рэкалекцыі для міністрантаў, за арганізацыю і правядзенне якіх адказны кс. Юрый Санько. На 18–21 жніўня запланавана парафіяда.

Рэкалекцыі для святароў адбудуцца ў Цэнтры імя св. Лукі ў Ляскоўцы: 21–24 верасня — першы тур, 27–30 верасня — другі тур.

Святкаванне 300-годдзя кансэкрацыі касцёла, які сёння з’яўляецца мінскай архікатэдрай, запланавана на 9 кастрычніка.

Наступная пастырская сустрэча адбудзецца 2 верасня ў Радашковічах, дзе будзе адзначацца 150-годдзе мясцовага касцёла.
Матэрыял сайта Catholic.by
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр