Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта ХVI на Вялікі пост 2010 года
Навіны
17.02.2010
«Справядлівасць Божая з’явілася праз веру ў Езуса Хрыста»
(пар. Рым 3, 21–22).

Дарагія браты і сёстры!
Кожны год з нагоды Вялікага посту Касцёл запрашае нас да шчырага перагляду нашага жыцця ў святле евангельскага вучэння. У гэтым годзе я хацеў бы прапанаваць вам некалькі разважанняў на тэму справядлівасці, пачынаючы са сцвярджэння святога Паўла: «Справядлівасць Божая з’явілася праз веру ў Езуса Хрыста» (пар. Рым 3, 21-22).

Справядлівасць: «dare cuique suum»
Перадусім, я хачу разгледзець значэнне паняцця «справядлівасць», якое ў агульным ужыванні азначае «даваць кожнаму чалавеку яго належнае — dare cuique suum», згодна з вядомым выказваннем Ульпіяна, рымскага юрыста трэцяга стагоддзя. На самой справе, аднак, гэта класічнае азначэнне не ўдакладняе, якое «належнае» павінна быць дадзена кожнай асобе. Тое, чаго патрабуе чалавек найбольш, не можа быць гарантавана законам. Дзеля таго, каб мець паўнату жыцця, патрэбна нешта большае, што можа быць дадзена толькі як дар: мы можам сказаць, што чалавек жыве той любоўю, якую можа даць толькі Бог, бо Ён стварыў чалавека паводле свайго вобраза і падабенства. Матэрыяльныя даброты, безумоўна, карысныя і патрэбныя. Сапраўды, сам Езус клапаціўся пра хворых, Ён карміў натоўпы, якія ішлі за Ім і, несумненна, асуджаў абыякавасць, якая, нават сёння, выклікае смерць сотні мільёнаў людзей, якія не маюць неабходнага харчавання, вады і медыцынскай апекі. І ўсё ж справядлівае размеркаванне не дае чалавеку ўсяго, што яму належыць. Менавіта так, як чалавеку неабходны хлеб, так чалавек мае нават большую патрэбу ў Богу. Святы Аўгустын заўважае: «Калі справядлівасць з’яўляецца той цнотай, якая дае кожнаму яго належнае (...) дзе тады чалавечая справядлівасць, калі яна аддаляе чалавека ад сапраўднага Бога?» (De civitate Dei XIX, 21).

У чым прычына несправядлівасці?
Евангеліст Марк перадае наступныя словы Езуса падчас спрэчкі наконт таго, што з’яўляецца чыстым, а што нячыстым: «Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго (...) Бо знутры, з чалавечага сэрца, выходзяць благія думкі, распуста, крадзеж, забойствы» (Mк 7, 15. 21). Па-за непасрэдным пытаннем наконт ежы мы можам заўважыць у рэакцыі фарысеяў пастаянную ўнутраную спакусу чалавека: змясціць крыніцу зла ў знешняй прычыне. Шмат сучасных ідэолагаў маюць такое меркаванне: паколькі несправядлівасць паходзіць «са знешняга», то для таго, каб усталявалася справядлівасць, дастаткова змяніць знешнія прычыны, якія перашкаджаюць дасягнуць гэтага. Такі спосаб мыслення, перасцерагае нас Езус, з’яўляецца наіўным і сляпым. Несправядлівасць, як вынік зла, не мае выключна знешнія карані; яе крыніца знаходзіцца ў чалавечым сэрцы, дзе нараджаецца таямнічая змова са злом. З горыччу псальміст прызнае гэта: «Вось я ў беззаконні зачаты, і ў граху мяне нарадзіла маці» (Пс 51 [50], 7). Сапраўды, чалавек аслаблены глыбокай ранай, якая зніжае яго здольнасць уваходзіць у супольнасць з іншымі.

Па прыродзе ён адкрыты на свабодныя ўзаемаадносіны, але заўважае ў сабе сілу, якая прымушае яго зважаць на сябе і ставіць сябе па-над іншымі і супраць іншых: гэта — эгаізм, вынік першароднага граху. Адам і Ева, спакушаныя хлуснёй сатаны, зрываюць таямнічы плод насуперак Божаму загаду, замяніўшы логіку веры ў Любоў на логіку падазрэння і спаборніцтва; логіку атрымання і даверлівага чакання ад іншых на жаданне захопліваць і быць самадастатковым (пар. Быц 3, 1–6), што нараджае ў выніку пачуццё неспакою і няўпэўненасці. Як можа чалавек вызваліцца з гэтага эгаістычнага ўплыву і адкрыцца на любоў?

Справядлівасць і Sedaqah
У мудрасці Ізраэля мы знаходзім глыбокую сувязь паміж верай у Бога, «які падымае беднага з пылу» (Пс 113 (112), 7), і справядлівасцю ў адносінах да бліжняга. Габрэйскае слова sedaqah само па сабе азначае цноту справядлівасці і добра гэта выражае. Sedaqah, сапраўды, азначае, з аднаго боку, поўнае прыняцце волі Бога Ізраэля, а з іншага боку, непрадузятасць у адносінах да бліжніх (пар. Зых 20, 12–17), асабліва да бедных, чужаземцаў, сірот і ўдоў (пар. Дрг 10, 18–19). Але гэтыя два значэнні звязаныя паміж сабой, бо даванне бедным для ізраільцяніна нішто іншае, як узаемнасць за тое, што Бог зрабіў для яго: злітаваўся над пакутамі свайго народу. Не выпадкова, што Закон Майсея, на гары Сінай, быў дадзены пасля пераходу праз Чырвонае Мора. На самой справе, слуханне Закону мае на ўвазе веру ў Бога, які першы «пачуў плач» свайго народу і прыйшоў, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў (пар. Зых 3, 8). Бог уважлівы да плачу бедных і ў сваю чаргу просіць, каб слухалі Яго: Ён просіць аб справядлівасці да бедных (пар. Сір 4, 4–5. 8–9), чужаземцаў (пар. Зых 22, 20), да зняволеных (пар. Дрг 15, 12–18). Каб жыць паводле справядлівасці, неабходна пакінуць ілюзію самадастатковасці, стан глыбокай замкнёнасці, які з’яўляецца самой крыніцай несправядлівасці. Іншымі словамі неабходны яшчэ большы «зыход», чым той, які здзейсніў Бог праз Майсея, неабходна вызваленне сэрца, чаго сам Закон здзейсніць бяссільны. Ці ёсць тады ў чалавека надзея на справядлівасць?

Хрыстус, Божая справядлівасць
Хрысціянская Добрая Навіна пазітыўна адказвае на чалавечае прагненне справядлівасці, як сцвярджае святы Павел у Пасланні да Рымлянаў: «Цяпер незалежна ад Закону з’явілася Божая справядлівасць (…) праз веру ў Езуса Хрыста для ўсіх, хто верыць, таму што няма розніцы. Бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай, але атрымліваюць апраўданне дарма, паводле ласкі Ягонай, праз адкупленне ў Езусе Хрысце. Яго Бог устанавіў у моцы Ягонай крыві як уміласціўленне праз веру» (Рым 3, 21–25).

Што ж такое справядлівасць Хрыста? Перадусім, гэта справядлівасць, якая паходзіць з ласкі, бо чалавек не з’яўляецца збаўцам, не можа аздараўляць сябе і іншых. Той факт, што «адкупленне» выплывае з «крыві» Хрыста, азначае, што гэта не ахвяры чалавека вызваляюць яго з цяжару яго правінаў, але любячае дзеянне Бога, які адкрывае сябе ў вышэйшай ступені аж да таго, што прымае на сябе «праклён» праз чалавека, каб даць узамен «благаслаўленне» праз Бога (пар. Гал 3, 13-14). Але гэта ўздымае наступнае пытанне: што ж гэта за справядлівасць, калі адзін чалавек памірае за вінаватых, а вінаватыя атрымліваюць у адказ благаслаўленне дзякуючы яму аднаму? Ці не азначае гэта, што кожны атрымлівае супрацьлеглае свайму «належнаму»? На самой справе, мы адкрываем тут божую справядлівасць, якая глыбока адрозніваецца ад чалавечай. Бог заплаціў за нас цаной свайго Сына, цаной, якая сапраўды з’яўляецца непамернай. Перад справядлівасцю Крыжа чалавек можа ўзбунтавацца, бо гэта паказвае наколькі чалавек несамадастатковы, а таму патрабуе бліжняга, каб цалкам сябе рэалізаваць.

Навяртанне да Хрыста і вера ў Евангелле азначаюць менавіта гэта: выйсці з ілюзіі самадастатковасці для таго, каб адкрыць і прыняць сваю патрэбу — патрэбу ў бліжніх і Богу, патрэбу Яго прабачэння і Яго сяброўства.

Такім чынам мы разумеем, наколькі вера адрозніваецца ад натуральнага, простага, відавочнага факту: трэба быць пакорным, каб прыняць тое, што я маю патрэбу ў бліжнім, які вызваліць мяне ад таго «што маё», каб даць мне дарма тое, «што яго». Гэта адбываецца асабліва ў сакрамэнце паяднання і ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Дзякуючы Хрысту мы можам увайсці ў «найвялікшую» справядлівасць, справядлівасць любові (пар. Рым 13, 8–10), справядлівасць, якая прызнае сябе ў кожным выпадку больш даўжніком, чым крэдыторам, бо яна атрымала больш, чым калі-небудзь можна было чакаць.

Узмоцнены гэтым досведам, хрысціянін дзейнічае, каб паспрыяць будаванню такіх грамадстваў, дзе ўсе будуць атрымліваць тое, што неабходна для таго, каб жыць адпаведна годнасці, якая ўласціва чалавечай асобе, і дзе справядлівасць натхняецца любоўю.

Дарагія браты і сёстры, Вялікі пост дасягае кульмінацыі ў Пасхальным Трыдууме, падчас якога таксама ў гэтым годзе мы будзем праслаўляць Божую справядлівасць — паўнату міласэрнасці, дару, збаўлення. Няхай гэты перыяд пакаяння будзе для кожнага хрысціяніна часам сапраўднага навяртання і глыбокага спазнання таямніцы Хрыста, які прыйшоў здзейсніць усялякую справядлівасць. З гэтым пачуццём я сардэчна ўдзяляю ўсім вам маё апостальскае благаслаўленне.

Ватыкан, 30 кастрычніка, 2009 г.

Бэнэдыкт XVI
 

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Матэрыял сайта Catholic.by

 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр