Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Мінск: канферэнцыя «Евангелізацыя ў сучасных абставінах секулярызму»
Навіны
08.11.2009

7 лістапада 2008 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) адбыўся першы дзень канферэнцыі на тэму «Евангелізацыя ў сучасных абставінах секулярызму». У сустрэчы прынялі ўдзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек МІС, прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы а. Аляксандр Шымбалёў, святары, сёстры законныя, катэхеты, вернікі. З дакладам выступаў кс. Аляксандар Яшэўскі SDB з нашай парафіі, які з'яўляецца Дырэктарам Катэхетычнага Аддзелу Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі.

Падчас урачыстага адкрыцця канферэнцыі з прывітальным словам да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Кандрусевіч, у якім арцыпастыр выказаў надзею, што дадзенае мерапрыемства «дапаможа праз прызму Евангелля паглядзець на існуючыя праблемы, каб знайсці дзейсныя лекі ад засілля секулярызму і ад імкнення да абсалютнай свабоды, з якой вынікае ўсёдазволенасць, каб наша вера заставалася непахіснай і каб мы былі яе мужнымі сведкамі, каб людзі ў сваім жыцці кіраваліся не прывабнасцю зменлівага свету, а вечнымі і нязменнымі праўдамі хрысціянскай веры».

Поўны тэкст прывітальнага слова Мітрапаліта >>>

Напачатку канферэнцыі выступіла заснавальніца руху «Маці ў малітве» Вероніка Уільямс (Англія), якая расказала пра асаблівасці руху, што стаў ужо міжнародным, і заклікала да распаўсюджвання яго ў Беларусі. Як падкрэсліла Вероніка Уільямс, калі маці збіраюцца на супольную малітву, цалкам давяраюць сваіх дзяцей Богу, Найвышэйшы чыніць цуды. Госця з Англіі падзялілася вопытам служэння руху і адзначыла, што ў іх таксама заснаваны рух «Бацькі ў малітве».

З першым дакладам на тэму «Стан рэлігійнай адукацыі ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі» выступіў кс. Аляксандр Яшэўскі SDB. Як падкрэсліў дакладчык, Каталіцкі Касцёл імкнецца не толькі навучаць, але і выхоўваць, удасканальваючы духоўнае і маральнае жыццё чалавека: «Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне — сапраўдную мудрасць». Найперш, гэта здзяйсняецца праз катэхізацыю, якая, аднак, павінна быць сістэматычнай і ў непарыўнай сувязі з сакрамэнтамі. Катэхізацыя, па словах выступоўцы, павінна ахопліваць усе ўзроставыя катэгорыі — дзеці, падлеткі, моладзь, дарослыя, людзі старэйшага ўзросту. Аднак кожны з вышэйпералічаных, пазнаючы Бога на занятках рэлігіі, патрабуе не аратара, але сведкі. Таму Каталіцкі Касцёл у Беларусі надае вялікую ўвагу не толькі адукацыі катэхетаў, але і іх духоўнай фармацыі. З гэтай мэтай прадугледжваюцца дні духоўных сустрэч і рэкалекцыі для катэхетаў.

Рэлігійная адукацыя прадугледжвае таксама выкарыстанне адпаведнай літаратуры. У гэтай галіне вялікая праца зроблена Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, а таксама выдавецтвам «Про Хрысто».

«Стан рэлігійнай адукацыі ў Праваслаўнай Царкве ў Беларусі» — такою была тэма наступнага даклада, з якім выступіў а. Аляксандр Шымбалёў. Місія як сведчанне — адзін з галоўных абавязкаў Царквы. Найперш, місійная дзейнасць, па словах праваслаўнага святара, здзяйсняецца ў парафіі: разнастайныя сустрэчы і гутаркі, нядзельная школа для дзяцей, парафіяльныя бібліятэкі, праца парафіяльнага апякунства, актыўны ўдзел вернікаў у жыцці парафіі і інш. Айцец Аляксандр прапанаваў паралельна з заняткамі па рэлігіі для дзяцей праводзіць катэхезы для іх бацькоў, каб тыя таксама карысна выкарыстоўвалі гэты час. Як падкрэсліў выступоўца, падымаць узровень рэлігійнай адукацыі неабходна пачынаючы з дзяцей. На дадзеным этапе, па словах а. Аляксандра, вядзецца размова Праваслаўнай Царквы з дзяржавай адносна ўвядзення ў школьную праграму такога прадмета, як асновы хрысціянскай культуры. Пры гэтым святар падкрэсліў, што, на жаль, школа дае толькі веды, а місію выхавання ў нашай краіне здзяйсняе Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл.

«Перспектывы новай евангелізацыі» — тэма, якую падчас канферэнцыі закрануў Мітрапаліт Кандрусевіч. «У чым заключаецца сутнасць новай евангелізацыі? Ці не ідзе гаворка аб нейкім новым Евангеллі? Не. Новая евангелізацыя з’яўляецца абвяшчэннем таго самага Евангелля, якое існуе з часоў Езуса Хрыста і было дадзена нам праз Яго. Новая евангелізацыя з’яўляецца новай у сваім імкненні ажывіць адказнасць усіх хрысціян за абвяшчэнне Евангелля, каб хрысціянства было больш дынамічным і адкрытым, каб яно стала пошукам новых людзей. Гэтая евангелізацыя з’яўляецца новай таксама ў сэнсе пошуку і прымянення новых метадаў і спосабаў, якімі Евангелле можа дайсці да сучаснага чалавека, якія адпавядаюць яго менталітэту і мове», — падкрэсліў арцыпастыр.

Неаднойчы падчас канферэнцыі падкрэслівалася, што евангелізацыя ў абставінах секулярызму патрабуе новых сродкаў і метадаў. У век імклівага развіцця тэхналогій адным з такіх сродкаў з’яўляецца інтэрнэт і іншыя сродкі масавай інфармацыі. Гэтаму пытанню прысвяціў свой даклад кс. Аляксандр Амяльчэня, адказны за СМІ пры Сакратарыяце ККББ. «Абвяшчэнне Евангелля ў эпоху постмадэрнізму становіцца асабліва складаным заняткам, бо людзі ставяцца да хрысціянства толькі як да магчымых базісаў для арганізацыі свайго жыцця. А мы сцвярджаем, што хрысціянства — адзіная правільная платформа для жыцця чалавека ў грамадстве», — адзначыў кс. Аляксандр. — Хрысціянская культура, у тым ліку і медыя-культура, — гэта мы, хрысціяне на працы, у школе або з сябрамі. Адсюль яна пачынаецца. І яе не трэба ствараць „зверху“».

Поўны тэкст даклада >>>

Немалаважнаю, асабліва для катэхетаў, з’яўляецца тэма «Фармавання вучняў падчас катэхезы». Аб гэтым распавяла прысутным с. Марцэліна Мігач. «На ўроке катэхезы ў маладых людзей павінны фарміравацца такія якасці як сувязь з Богам, фармацыя свядомасці, высакародная любоў да бліжняга, давер іншым людзям», — адзначыла дакладчыца.

«Сям’я фарміруе чалавека, адкрываючы яму шлях да пазнання ўсёй паўнаты годнасці, атрыманай у дар ад Пана Бога. Сям’я з’яўляецца найбольш адпаведным месцам для фармавання і перадачы рэлігійных, культурных і этычных каштоўнасцяў», — нагадаў кс. Андрэй Стэцкевіч, які выступіў з дакладам «Евангелізацыя сям'і».

Падчас канферэнцыі таксама прагучалі даклады «Псіхалагічныя аспекты адукацыі» (кс. Павел Салабуда) і «Дзейнасць новых рэлігійных рухаў»  (кс. Юрый Касабуцкі).
Матэрыял сайта catholic.by
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр