Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Працэсія Божага Цела
Навіны
14.06.2009

14 чэрвеня 2009 г. у Мінску адбылася эўхарыстычная працэсія з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, што традыцыйна адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Сёлета ў працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам прынялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек.

Працэсія распачалася цэлебрацыяй святой Імшы каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй гаміліі арцыпастыр нагадаў гісторыю гэтай урачыстасці, а таксама растлумачыў, чым павінна з’яўляцца Эўхарыстыя для кожнага хрысціяніна.

«Калі мы не адчуваем перамяняючай моцы Эўхарыстыі, значыць праблема заключаецца ў нашай скажонай веры, — адзначыў Мітрапаліт. — Таму сёння падчас гэтай святой Імшы, а асабліва падчас эўхарыстычнай працэсіі наблізімся да Эўхарыстыі з жывой верай у прысутнасць ў ёй Хрыста, і мы сапраўды адчуем Божую сілу, якая нас перамяняе».

Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>

Пасля святой літургіі ўслед за Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце ўдзельнікі працэсіі вырушылі ў шлях, які ўключаў чатыры прыпынкі-стацыі.

Каля першага алтара, змешчанага на плошчы Перамогі, гамілію прамовіў кс. Аляксандр Шамрыцкі MIC. Свае разважанні ён прысвяціў постацям, пад відам якіх Хрыстус і сёння прыходзіць да чалавека: «Чаму Хрыстус выбраў менавіта постаці хлеба і віна? Хлеб сімвалізуе жыццядайную сілу прыроды, а таксама жыццё чалавека, напоўненае радасцямі і клопатамі. Цела і Кроў — гэта сімвал жыцця, якое аддаецца за кагосьці».

Падчас другой стацыі-прыпынка (Кастрычніцкая плошча) удзельнікі працэсіі разважалі над таямніцай сакрамэнту Эўхарыстыі. «Сакрамэнт Эўхарыстыі — гэта вялікая таямніца, разгадка якой крыецца ў асабістых адносінах паміж Богам і чалавекам. Бог выходзіць да чалавека з прапановай, але ад добрай волі чалавека залежыць, прыме ён гэтую прапанову ці не», — падкрэсліў кс. Ігар Лашук SDB. Пробашч парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранкаўскі дэканат) нагадаў, што «Езус кліча чалавека да дзеяння». Адным з такіх дзеянняў, па словах кс. Ігара Лашука, з’яўляецца адраджэнне адарацыі і ўдзел у эўхарыстычных рухах.

 Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>

Падчас трэцяй стацыі каля Чырвонага касцёла гаміліі прамовілі кусташ абраза Езуса Міласэрнага а. Анджэй Стэцкевіч і пробашч парафіі Святых Сымона і Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк. Айцец Анджэй параўнаў людзей з «галоднымі» вучнямі, бо кожнаму чалавеку неабходны Хрыстус. «Часта здараецца так, што Езус запрашае нас, мы дзівімся прыгожа засланым сталом, але не садзімся за яго», — падкрэсліў а. Анджэй і заклікаў прымаць чынны ўдзел у святой Эўхарыстыі.

Як адзначыў кс. Уладзіслаў Завальнюк, «трэба ўмець пакідаць штодзённыя клопаты, каб належным чынам аддаваць пашану Богу». Пры гэтым ён нагадаў, што асноваю жыццёвага шляху — а ў кожнага чалавека ён свой — павінен быць духоўны шлях: «Ідучы шляхам веры і малітвы, чалавек атрымае ўзнагароду не толькі ў небе, але ўжо тут, на зямлі».

Заключная, чацвёртая стацыя-прыпынак сабрала ўсіх на ганку мінскай архікатэдры. Гамілію прамовіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які адзначыў, што эўхарыстычная працэсія з’яўляецца выразам пашаны да Езуса — «вязня табэрнакулюма». «Езус, каб ісці вуліцамі нашых гарадоў, карыстаецца рукамі святара», — падкрэсліў іерарх, дзякуючы Богу за святароў і новыя пакліканні. Біскуп заклікаў да рэгулярнага ўдзелу ў святой Імшы, бо гэта з’яўляецца «выкананнем волі Хрыста Першасвятара».

У гэтым годзе ў працэсіі неслі абраз Езуса Міласэрнага і рэліквіі благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, перэгрынацыя якіх адбываецца па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыцэзіі. На заканчэнне працэсіі, пасля таго, як Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Антоні Дзям’янка ўдзялілі благаслаўленне рэліквіямі благаслаўлёнага, адбылося іх ушанаванне.

Прапануем вашай увазе: Фотаздымкі з працэсіі Божага Цела>>>

Матэрыял сайта Catholic.by

 
© 2006-2013 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр

Rating All.BY Каталог TUT.BY Rambler's Top100