Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Святы апостал Павел — сведка і місіянер Божай міласэрнасці
Навіны
19.04.2009

Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB

Даклад на сімпозіуме «Хрыстус — Валадар міласэрнасці»

Святы апостал Павел — сведка і місіянер
Божай Міласэрнасці

Вашыя Эксцэленцыі,
паважаныя святары і сёстры законныя, шаноўныя браты і сёстры, дарагая моладзь!

Сёння падчас сімпозіума, прысвечанага Божай Міласэрнасці, я хацеў бы выступіць з дакладам на тэму праяўлення Божай Міласэрнасці ў жыцці і апостальстве святога Паўла. Раблю я гэта з асаблівай радасцю, бо, па-першае, усе мы перажываем Год вялікага Апостала Народаў, які яшчэ будзе працягвацца да свята святых апосталаў Пятра і Паўла, па-другое, таму, што сённяшнім сімпозіумам мы распачынаем перэгрынацыю абраза Божай Міласэрнасці і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі. І нарэшце, менавіта святы апостал Павел перадае нам у сваіх Пасланнях глыбокую і адначасова развітую тэалогію гэтай вялікай таямніцы Бога — Яго Міласэрнасці.

Дазвольце мне, калі ласка, распачаць мае разважанні ўрыўкам з Паслання св. апостала Паўла да Цімафея: «Адзін толькі ёсць Бог, адзін Пасрэднік паміж Богам і чалавекам — Езус Хрыстус! Я дзякую нашаму Пану Езусу Хрысту, які ўмацаваў мяне, таму што Ён палічыў мяне вартым даверу, паставіўшы на службу, хоць я раней быў блюзнерцам, пераследнікам і крыўдзіцелем. Але я быў памілаваны, таму што рабіў гэта ў няведанні і бязвер’і. І ласка нашага Пана шчодра перапоўніла мяне разам з вераю і любоўю, якая ў Езусе Хрысце. Годнае веры слова і вартае поўнага прыняцця, што Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб збавіць грэшнікаў, сярод якіх я першы. Але я памілаваны для таго, каб ува мне першым Езус Хрыстус паказаў усю велікадушнасць як прыклад тым, хто будзе верыць у Яго дзеля жыцця вечнага» (пар. 1 Цім, 1, 5.12–16).

У гэтым тэксце выразна відаць, што Павел, які зведаў Божую Міласэрнасць у сваім жыцці, адчувае і разумее свой абавязак сведчыць пра яе ўсяму свету. Яго сведчанне, з аднаго боку, цалкам асабістае, а з іншага — мае універсальны характар, бо датычыць усіх людзей.

У сваіх пасланнях Павел галоўным чынам канцэнтруе ўвагу на спазнанне міласэрнага Бога ў абліччы самога Хрыста, які з’яўляецца асноваю ўсёй справы збаўлення чалавецтва. Менавіта Павел называе Бога «Айцом нашага Пана Езуса Хрыста, Айцом Міласэрнасці і Богам усялякага суцяшэння». Тут для нас адкрываецца сапраўднае Айцоўства Бога, бо Ён — Айцец Езуса Хрыста і Айцец усялякай міласэрнасці. Аднак так сапраўды мы маем дачыненне толькі да Айцоўства Бога ў адносінах да Яго Сына. Жыццё Езуса Хрыста, неабходнае для таго, каб споўнілася справа збаўлення, з’яўляецца найлепшым выражэннем Божай Міласэрнасці ў адносінах да ўсяго чалавецтва.

Каб лепш зразумець сутнасць паўлавага вучэння пра Божую Міласэрнасць, неабходны дакладны аналіз не толькі яго жыцця, але перадусім аналіз здарэння пад Дамаскам. Не беручы пад увагу гэты важны ў жыцці Паўла вопыт, немагчыма належным чынам зразумець яго вучэнне і адначасова яго адданую місіянерскую дзейнасць у будаўніцтве Касцёла і распаўсюджванні Евангелля ўсім народам. Бо менавіта там, пад Дамаскам, Павел становіцца сведкам і ўдзельнікам Божай Міласэрнасці ў асобе Хрыста. Гэтая сустрэча з міласэрным Богам стварае аснову для яго будучай місіянерскай дзейнасці, робячы яго такім чынам адным з першых Апосталаў гэтай вялікай таямніцы Бога.

Разважаючы над жыццём св. Паўла, у ім можна вылучыць некалькі перыядаў, кожны з якіх звязаны з пэўным важным здарэннем. Першым месцам, якое мела вялікае значэнне для яго фармацыі, быў Тарс. У гэтым горадзе Павел нарадзіўся і пазнаёміўся з грэцкаю культурай.

Наступным важным месцам быў Ерузалем, дзе Павел як вучань настаўніка Гамаліэля атрымаў найлепшую адукацыю ў галіне габрэйскай рэлігіі. Павел сам пра сябе засведчыў, што з’яўляючыся веруючым фарысеем, габрэйская рэлігія займала ў яго жыцці цэнтральнае месца.

Антыёхію варта залічыць да найбольш значных месцаў у жыцці Апостала, бо ва ўсіх яго Пасланнях можна знайсці разважанні, якія ён пачарпнуў з першаснай хрысціянскай традыцыі, сфармаванай менавіта ў Антыёхіі. Тут, у Антыёхіі, была зснавана на той час (акрамя супольнасці ў Ерузалеме) адна з найважнейшых супольнасцяў, да якой належаў св. Павел і з’яўляўся яе настаўнікам. Менавіта ў Антыёхіі язычнікі ўпершыню пачулі Евангелле, і менавіта з гэтай супольнасці ў свет пачалі высылацца першыя місіянеры. Менавіта тут, у Антыёхіі, Павел фарміруецца як хрысціянскі тэолаг і Апостал.

Аднак найбольшы ўплыў на яго жыццё аказала сустрэча з Езусам паблізу Дамаска. Уся тэалогія і апостальская дзейнасць св. Паўла па сваёй сутнасці бярэ пачатак з гэтага здарэння. Падчас сустрэчы з Хрыстом пад Дамаскам уся ўвага Паўла была засяроджана на асобе Езуса, які з’явіўся перад ім і абвясціў сваю волю. Аднак сам Апостал у Пасланні да Галатаў падае нам крыху іншую інтэрпрэтацыю гэтага здарэння. Згадваючы тое, што адбылося пад Дамаскам, св. Павел нібы хоча сказаць: Бог аб’явіў мне сваю міласэрнасць праз Сына свайго. Таму можна меркаваць, што здарэнне пад Дамаскам было для Паўла новаю і вельмі важнаю сустрэчай з міласэрным Богам, якая паўплывала на ўсё яго жыццё. Так Хрыстус быў аб’яўлены Паўлу як уцелаўлёная Міласэрнасць Бога.

Перажытая сустрэча Паўла з міласэрным Богам з’яўляецца пачаткам глыбокай і інтымнай сувязі, якая яднала яго з асобаю Езуса Хрыста. Гэтая сувязь не абапіраецца толькі на інтэлект або пачуцці і не разгортваецца на ўзроўні нейкага хвіліннага захаплення. Гэтая сувязь адбываецца на ўзроўні жыцця, яна азначае, што з гэтага моманту Езус Хрыстус стаў асноваю жыцця Апостала, а жыццё св. Паўла — жыццём самога Хрыста. Таму Апостал прызнаецца: «Ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (пар. Гал 2, 20). Нібы ён хоча сказаць: маё жыццё з’яўляецца жыццём Хрыста ўва мне; Хрыстус ува мне любіць, думае, дзейнічае, збаўляе. Таму, калі св. Павел гаворыць: «Для мяне жыццё — гэта Хрыстус» (пар. Флп 1, 21), ён сцвярджае: усё, што ён адчувае і чаго жадае, адпавядае адчуванням і волі Езуса. Таму ў іншым месцы св. Павел, звяртаючыся да сваіх слухачоў, заклікае іх перамяніць сваё мысленне, прыпадобніць яго да мыслення Хрыста. З упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя словы не з’яўляюцца вынікам тэарэтычных разважанняў Паўла, але вынікам асабіста зведанай міласэрнасці Бога ў яго жыцці.

Гэта вельмі важны вопыт для Паўла, бо ад гэтай хвіліны ён ужо перастае сумнявацца ў Хрысце і пачынае гаварыць пра Яго, выкарыстоўваючы зусім іншыя катэгорыі. Усё, што было да моманту сустрэчы з Хрыстом каля Дамаска (хоць Павел і меў чым ганарыцца, бо быў фарысеем, які захоўваў традыці і Закон), ён, як чытаем у Пасланні да Філіпянаў, прызнаў стратаю. З моманту сустрэчы з уцелаўлёнай Міласэрнасцю Бога, Езусам Хрыстом, у жыцці Паўла адбываецца пераацэнка ўсіх каштоўнасцяў, змяняецца парадак, якім ён кіраваўся да гэтага часу і ў які верыў. Павел накіроўвае ўсё сваё жыццё — цалкам і без рэшты — на Езуса Хрыста.

Паколькі адносіны Паўла да Хрыста і Касцёла пасля гэтага здарэння цалкам змяніліся, можна гаварыць пра яго «навяртанне», ператварэнне з ганіцеля ў Апостала, можна гаварыць пра нараджэнне новага новага паклікання. У гэтым кантэксце паўстае шэраг пытанняў: чым з’яўлялася для св. Паўла яго навяртанне? Чаму напрыканцы свайго жыцця ён, пішучы пра гэтую сустрэчу, сцвярджае, што зведаў Міласэрнасць?

Сустрэча з міласэрным Хрыстом каля Дамаска мае не толькі фундаментальнае значэнне для жыцця святога Паўла і фармавання яго тэалогіі. Яна ляжыць таксама ў аснове яго апостальства Божай міласэрнасці. Апостал не ўтойваў гісторыі свайго навяртання, не ўтойваў сустрэчы з міласэрным Богам, але наадварот — расказваў пра гэтае здарэнне ўсім, каб праславіць Бога і такім чынам узмоцніць веру сваіх братоў. Таму для Паўла сведчанне пра Божую міласэрнасць — значыць не толькі і, зразумела, не выключна гаварыць і пераконваць. Для Апостала перадусім гэта азначала ствараць людзям нагоду для сустрэчы з Міласэрным, каб маглі перажыць «уласны Дамаск» — Дамаск, дзе кожны, так як ён, не толькі зможа адчуць прысутнасць Божай міласэрнасці ў сваім жыцці, але зможа таксама стаць яе ўдзельнікам.

Для св. Паўла асабіста, Езус Хрыстус з’яўляецца ўцелаўлёнай Міласэрнасцю самога Бога, якую ён павінен несці іншым людзям, каб яны таксама сталі ўдзельнікамі Божай таямніцы. Спазнанне міласэрнага Бога праз Хрыста не абмяжоўваецца для яго толькі бяздзейсным разважаннем над гэтай сустрэчай, але пакідае глыбокі след у яго жыцці, што асабліва плённа адбіваецца на яго апостальскай дзейнасці ў будаванні Хрыстовага Касцёла.

З моманту сустрэчы з Хрыстом, св. Павел добра ўсведамляе, што спазнанне Божай Міласэрнасці ў яго жыцці, — гэта пачатак новага жыцця, і што гэта не яго заслуга. Ён разумее, што не заслужыў гэтага, і што гэта не з’яўляецца вынікам яго намаганняў. Працэс «ператварэння» варожа настроенага да Хрыста і яго вызнаўцаў фарысея Саўла ў аднаго з найважнейшых Апосталаў, як сам сцвярджае св. Павел, — гэта асаблівая ласка і выражэнне Божай Міласэрнасці. На працягу ўсяго свайго жыцця і апостальскай дзейнасці Павел заўсёды будзе паўтараць гэта. Напрыклад, у пачатку Паслання да Галатаў ён піша: «Павел, апостал, выбраны не людзьмі і не чалавекам, але Езусам Хрыстом і Богам Айцом» (пар. Гал 1, 1).

Для таго, каб больш зразумела растлумачыць здарэнне пад Дамаскам і яго вынікі для св. Паўла, можна выкарыстаць слова «апантанасць». Апостал цалкам становіцца пад уладаю Хрыста. Хрыстус здабыў яго ва ўласнасць і стаў яго адзінаю матывацыяй і сэнсам жыцця. Апостал увесь час нібы адчувае на сабе позірк Хрыста. Таму асмельваецца сказаць: «Любоў Хрыста ахапіла нас» (пар. 2 Кар 5, 14). Ён адчувае, што павінен спяшацца: «Паводле мэты імкнуся да высокага паклікання Божага» (пар. Флп 3, 14), і не можа рабіць інакш: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (пар. Кар 9, 16). У пэўным сэнсе св. Павел становіцца «неразумным» дзеля Хрыста і Яго справы збаўлення.

Гэтае асабістае і сапраўды адзінае спазнанне Божай Міласэрнасці на прыкладзе жыцця св. Паўла не з’яўляецца яго прыватнай сустрэчай з Богам. Хоць Павел асабіста стаў удзельнікам Міласэрнасці Бога, аднак не атрымаў яе толькі для сябе, але, як ён сам сведчыць у Пасланні да Эфесцаў, каб прапаведваць яе язычнікам, каб быць пасланым. Падобна таму як Бог злітаваўся над св. Паўлам, Ён хоча, «каб усе людзі былі збаўленыя і спазналі Праўду». Менавіта ў гэтых словах, у якіх праяўляецца воля Бога, св. апостал Павел бачыць бясконцую крыніцу Божай Міласэрнасці.

Стаўшы ўдзельнікам Божай міласэрнасці, св. Павел становіцца супрацоўнікам Божага плану. Сустрэча з уцелаўлёнай Міласэрнасцю пад Дамаскам з’яўляецца прыгожым доказам супрацоўніцтва Бога з чалавекам. Бог не хоча смерці грэшніка, але адорвае людзей рознымі харызмамі, каб яны сведчылі пра Яго і Яго міласэрнасць усім народам.

Працяг евангелізацыі, якую распачаў Езус, становіцца для св. Паўла галоўнай задачай яго апостальства: апостальства любові і міласэрнасці Бога да людзей. Паколькі евангелізацыю распачаў Езус Хрыстус, то яе працяг павінен быць як мага больш падобным да Настаўніка. Апостальства, як і жыццё, павінна быць святым. Сапраўднае апостальства вядзе да святасці і з’яўляецца плёнам святасці. Існуе глыбокая еднасць паміж жыццём сузірання і дзеяння, паміж святасцю і апостальствам. Жыццё і вучэнне святога Паўла паказвае, што для асобы, якая займаецца апостальствам, абавязковаю і неабходнаю з’яўляецца малітва. Апостала можна параўнаць са збаном, які спачатку трэба напоўніць, каб пасля наліваць з яго. Плён апостальства залежыць найперш ад малітвы. Інакш ніводная справа апостальства не будзе мець характар сведчання і нікога не прывядзе да веры.

Як відаць з папярэдніх назіранняў, сведчанне святога Паўла пра Божую міласэрнасць было поўнае асабістай зацікаўленасці. Апостал заўсёды казаў пра Хрыста пачуццёва. Безумоўна, гэта не адзіная ўмова плённасці яго прапаведавання. Можна меркаваць, што яна адыграла важную ролю ў тым, што апостала Паўла пачалі называць «Апосталам Народаў».

Такім чынам, святы Павел з’яўляецца ўзорам хрысціяніна, які сваім жыццём пацвярджаў праўду, якую абвяшчаў. Таму, можа, варта ўсвядоміць сабе адказнасць, якая ляжыць таксама на кожным з нас, бо, як піша Слуга Божы Ян Павел ІІ, ад нашага апостальства, узмоцненага няспынным сведчаннем, залежыць, ці стане аблічча Хрыста больш прыкметным у сучасным свеце.

Падсумоўваючы, варта адзначыць, што каб дакладна рэалізоўваць апостальства Божай міласэрнасці па прыкладзе святога Паўла, неабходна выканаць наступныя ўмовы. Найперш, трэба пазбыцца старых звычак і стаць «новым чалавекам», які ўсведамляе сваё пакліканне да святасці. На практыцы гэта значыць адкрыцца на праўду, прызнаць уласную грэшнасць і прыняць збаўчую Божую ласку, становячыся такім чынам удзельнікам Божай міласэрнасці.  Другая ўмова — «апрануцца» ў Езуса Хрыста, прыпадобніцца да Яго, каб ўсё рабіць у Хрысце, з Хрыстом і праз Хрыста на хвалу Божую і для збаўлення людзей. Трэцяя ўмова — абавязкова ўслухоўвацца ў голас Касцёла, каб быць яго дзейснаю часткаю.

Дадзеныя разважанні дапамагаюць убачыць святога Паўла сведкам Божай міласэрнасці, чалавекам, які атрымаў ласку ўдзелу ў гэтай вялікай таямніцы Бога.  Праз аналіз сустрэчы Апостала з міласэрным Богам у асобе Хрыста было падкрэслена значэнне асабістага спазнання Яго міласэрнасці  як дзеля ўласнага духоўнага развіцця, так і дзеля плённага апостальства.
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр