Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Урачыстасць Аб’яўлення Пана
Навіны
05.01.2009

 

6 студзеня, у ІІ Нядзелю пасля Нараджэння Пана, Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. У гэтыя дні Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіцца ў Кёльне, дзе па запрашэнні кардынала Іаахіма Мейснера ўзначаліць цэлебрацыю ўрачыстай літургіі. У кёльнскім саборы захоўваюцца рэліквіі Трох Каралёў.

Урачыстасць Аб’яўлення Пана ўжо ў ІІІ ст. была вядома на Усходзе. Прыкладна праз стагоддзе яна з’явілася на Захадзе, дзе стала называцца таксама святам Трох Каралёў. У літургіі гэта ўрачыстасць непарыўна звязана з Божым Нараджэннем.

У Евангеллі святога Мацвея гаворыцца пра мудрацоў, якія, ідучы за зоркаю, прыбылі ў Ерузалем і Бэтлеем, каб адшукаць нованароджанага караля юдэйскага. «Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру» (пар. Мц 2, 12).

Аб’яўленне, якое па-грэцку называецца Эпіфанія, азначае з’яўленне боскасці ў чалавечай постаці. Пакланенне мудрацоў, якіх да Езуса прывяла зорка, указвае на тое, што ўвесь сусвет (зорка як сімвал космасу) быў усхваляваны нараджэннем Хрыста. Да Яго прыбылі язычнікі (мудрацы), каб аддаць пашану Богу. Гэта падзея ўказвае на магчымасць пазнання Бога, дзякуючы сумленнаму пошуку праўды пра свет і чалавека.

Мудрацы прынеслі Езусу дары: золата — сімвал каралеўскай годнасці, кадзіла — сімвал святарскай годнасці, мірру — сімвал спаўнення месіянскіх прароцтваў, а таксама прадказанне смерці Збаўцы. Адначасова гэта было праявай веры ў Хрыста праўдзівага чалавека (мірра), праўдзівага Бога (кадзіла) і Валадара (золата).

З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння крэйды, кадзіла і вады. Асвячонай крэйдай на дзвярах пішуць K+M+B і бягучы год. Гэтыя літары з’яўляюцца першымі літарамі імёнаў трох каралёў — Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. У Сярэднявеччы надпіс C+M+B выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаслаўляе гэтаму дому!» («Christus mansionem benedicat!»).

Не так шмат ёсць дакументаў-першакрыніц пра асобы Трох Каралёў, але існуе шмат легендаў. Народная пабожнасць з прычыны колькасці дароў вызначыла, што было іх тры. Аднак толькі ў VI ст. аб іх пачалі гаварыць як пра каралёў, а праз 300 гадоў ім былі дадзены імёны Каспар, Мельхіёр і Бальтазар.

У мастацтве Каспар найчасцей прадстаўлены як афрыканец, які прыносіць у дар Езусу мірру, Мельхіёр — еўрапеец, які ахвяруе золата, і Бальтазар — азіяцкі кароль, які прыносіць да ясляў кадзіла.

Паводле легенды рэліквіі Трох Каралёў былі знойдзены св. Аленай і спачатку захоўваліся ў Канстанцінопалі, а пазней — у Мілане.

З ХІІ стагоддзя традыцыя Трох Каралёў звязваецца з Кёльнам. У 1164 г. кёльнскі арцыбіскуп Райнальд фон Дасэль перавёз з Мілана мошчы трох мудрацоў у Кёльн, дзе яны знаходзяцца і сёння.

Тры Каралі лічацца апекунамі вандроўнікаў, пілігрымаў, гандляроў, уладальнікаў гасцініц, кушнераў.


Image

 Матэрыял сайта catholic.by

 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр