Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
2008 год у жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі
Навіны
31.12.2008
ImageЯкімі важнымі падзеямі для Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне быў адзначаны 2008 год, які ўжо мінае? Прапануем вашай увазе кароткі пералік асноўных падзеяў у жыцці Каталіцкага Касцёла на Беларусі, якія адбыліся на працягу гэтага года.

Падчас Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў, напярэдадні свята Навяртання св. апостала Паўла, 24 студзеня 2008 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася экуменічная малітва з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій нашай краіны.

3 і 4 лютага 2008 г. адбыліся набажэнствы, прымеркаваныя да 200-й гадавіны нараджэння і хросту заснавальніка беларускага тэатра, аднаго са стваральнікаў новай беларускай літаратуры Вінцэнта Якуба Дуніна-Марцінкевіча.

6 лютага 2008 г. у нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» адбылося адкрыццё XV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша «Кнігі Беларусі–2008». У выставе традыцыйна прыняло ўдзел выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo».

Юбілей 150-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Люрдзе быў адзначаны сімпозіумам «З Беззаганна Зачатай — у будучыню», які прайшоў у мінскім касцёле святых Сымона і Алены 9 лютага 2008 г.

12 лютага 2008 г. у Мінску ў рамках праекта «Спрыянне дзейнасці хрысціянскіх Цэркваў Беларусі ў сферы ВІЧ і СНІДу» адбылося пасяджэнне экспертна-кансультатыўнай царкоўнай рады (ЭКЦР) па ВІЧ/СНІДу.


З 14 па 22 лютага 2008 г. арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Злучаныя Штаты Амерыкі. Галоўнаю мэтаю візіту быў удзел у прымеркаваным да 150-годдзя аб’яўленняў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Люрдзе асвячэнні новага санктуарыя Маці Божай Люрдскай у парафіі св. Маргарыты Марыі ў г. Оўкландзе (штат Каліфорнія).

З 18 лютага па 4 сакавіка 2008 г. у Віцебскай дыяцэзіі прайшлі дні «Духоўнасць і навука супраць ВІЧ/СНІДу».

1 сакавіка 2008 г. з нагоды VI Еўрапейскага дня студэнтаў універсітэтаў у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску быў усталяваны малітоўны тэлемост, які ўпершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі злучыў паміж сабою Мінск і Апостальскую Сталіцу.

12 сакавіка 2008 г. у цэнтры св. Лукі (в. Ляскоўка) адбылося 36-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У Вялікі чацвер 20 сакавіка 2008 г. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч упершыню як Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы Хрызмы.

24 сакавіка 2008 г., у другі дзень святкавання Вялікадня, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і сустрэўся з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

8 красавіка 2008 г. старэйшы іерарх Беларусі кардынал Казімір Свёнтэк, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі на пенсіі і Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, адзначыў 69-ю гадавіну свайго святарскага пасвячэння.

29 красавіка 2008 г. раніцай у мінскім кардыялагічным дыспансэры пасля перанесенага інфаркту памёр пробашч касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску (Кальварыйскага касцёла) ксёндз Альберт Масальскі. Пахаванне кс. Альберта Масальскага, які шмат гадоў быў пастырам мінскіх католікаў, адбылося 3 мая 2008 г. на кальварыйскіх могілках у Мінску з удзелам вялікай колькасці духавенства і вернікаў.

5–8 мая прайшла сустрэча ў межах праекта «Прымірэнне ў Еўропе: місія Цэркваў Германіі, Польшчы, Беларусі і Украіны» (Мінск).

16 мая 2008 г. у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Янаве Палескім (сёння — горад Іванава, Брэсцкая вобл.) адбыліся ўрачыстыя набажэнствы, прымеркаваныя да 70-й гадавіны кананізацыі Андрэя Баболі.

17 мая 2008 г. — IV Міжнародная медыцынская канферэнцыя ў Віцебску.

18 мая 2008 г. у Гродне адбылося ўрачыстае перанясенне рэліквій св. Клімента з пабернардынскага касцёла ў касцёл пабрыгідскі, дзе рэліквіі святога захоўваліся амаль два стагоддзі.

21 мая 2008 г. у пінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося святкаванне 17-й гадавіны біскупскага пасвячэння кардынала Казіміра Свёнтка.

21 мая 2008 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Хрысціянскім навукова-прафесарскім клубам.

22 мая 2008 г. у Інстытуце тэалогіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта адбылася цырымонія адкрыцця XIV Міжнародных Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў «Дыялог навукі і рэлігіі ў працэсе пазнання свету і чалавека», падчас якой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з прывітальным словам.

25 мая 2008 г. — Працэсія ва ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста.

31 мая 2008 г. у касцёле Маці Божай Ружанцовай і св. Дамініка ў Ракаве адбыўся Дзень памяці, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння святара і паэта Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлі).

1 чэрвеня 2008 г. у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй.

3 чэрвеня 1984 г. — гадавіна святарства біскупа Казіміра Велікасельца.

7 чэрвеня 2008 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя «Нашы святыні», прысвечаная 500-годдзю заснавання мінскага фарнага касцёла, 225-годдзю заснавання Магілёўскай архідыяцэзіі і 210-годдзю заснавання Мінскай дыяцэзіі.

З 18 па 22 чэрвеня 2008 г. адбыўся афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Дзяржаўнага сакратара Яго Cвятасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ.

20 чэрвеня 2008 г. — сустрэча Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бэнэдыкта XVI кардынала Тарчызіо Бэртонэ з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь; сустрэча Дзяржаўнага сакратара Папы Бэнэдыкта XVI з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

IV Міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і телеперадач «Magnificat-2008» адбываўся сёлета з 17 па 21 чэрвеня ў г. Глыбокае (Віцебская дыяцэзія).

21 чэрвеня 2008 г.  — кардынал Тарчызіо Бэртонэ асвяціў вуглавы камень пад касцёл, які будуецца ў Серабранцы (парафія Св. Яна Хрысціцеля).

З 23 па 28 чэрвеня 2008 г. у Магілёве адбыўся XVІ Міжнародны фестываль духоўнай музыкi «Магутны Божа».

28 чэрвеня 2008 г. у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Пятра Машэрава адбыўся другі выпуск па спецыяльнасці «Тэалогія, параўнаўчае і гістарычнае рэлігіязнаўства».

1–2 ліпеня 2008 г. у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай. У гэтым годзе Каталіцкі Касцёл на Беларусі адзначаў 10-годдзе каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

5 ліпеня 2008 г. у парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе адбылася гістарычная ўрачыстасць — першыя ў гісторыі пасвячэнні айцоў сальватарыянаў у Беларусі: два браты з Таварыства Боскага Збаўцы атрымалі святарскае і дыяканскае пасвячэнні.

Секцыя касцёльнай музыкі Літургічнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі пры супрацоўніцтве з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі з 7 ліпеня па 11 ліпеня 2008 г. праводзіла VІІ Тыдзень касцёльнай музыкі.

13 ліпеня 2008 г. завяршылася XIV Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў з Віцебска ў Полацк, якая сёлета праходзіла пад дэвізам: «Любоў Хрыста заахвочвае нас».

17 ліпеня 2008 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся ў Мітрапалітальнай курыі з супрацоўнікамі Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Мэтаю сустрэчы было абмеркаванне пераклада на беларускую мову дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору, які быў здзейснены па ініцыятыве Мітрапаліта.

З 18 па 20 ліпеня 2008 г. у Івянцы адбылася Міждыяцэзіяльная сустрэча моладзі з нагоды 23-га Сусветнага дня моладзі, кульмінацыя якога адбылася ў Сіднэі (Аўстралія) з 15 па 20 ліпеня. У Сусветных днях моладзі ў аўстралійскім Сіднэі прыняла ўдзел група моладзі з Беларусі на чале з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям’янкам.

9 жніўня 2008 г. споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння біскупа Баляслава Слосканса, які ў 1926 г. быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам Магілёўскай і Мінскай дыяцэзій.

13 жніўня 2008 г., у Кастэль Гандольфа (летняя рэзідэнцыя Святога Айца) беларускія пілігрымы з Віцебскай дыяцэзіі прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі з Папам Бэнэдыктам XVI.

14 жніўня 2008 г., напярэдадні ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Аглоне (Латвія) адбылася святая Імша на беларускай мове, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У святой Літургіі прымалі ўдзел беларускія пілігрымы і латышскія беларусы.

З 15 па 21 жніўня 2008 г. у маляўнічым мястэчку Браслаў упершыню адбыліся пленэр-рэкалекцыі, якія праходзілі пад дэвізам «Натхнёныя абліччам Маці Божай».

7 верасня 2008 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбыўся Дзень біблійных ведаў з удзелам хрысціянскіх выдавецтваў.

7 верасня 2008 г. у касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі напярэдадні парафіяльнага свята адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Гэта была першая святая Эўхарыстыя ў адрамантаваным верхнім касцёле. Да гэтага часу набажэнствы праходзілі ў крыпце святыні.

11 верасня 2008 г. у сакратарыяце Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Мінску адбылося 37-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

13 верасня 2008 г. у Гродне адбываліся ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя служэння ў Беларусі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.

19 верасня 2008 г. у Калодзішчах, у Доме міжцаркоўнага дыялогу «Кінонія», адбылося пасяджэнне Асамблеі Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне». У пасяджэнні прымаў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

23 верасня 2008 г. у Мінску адбылася сустрэча назіральніка Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (Бюро па дэмакратычным інстытутам і правам чалавека) Вальтэра Зігля з Хрысціянскім навукова-прафесарскім клубам, які дзейнічае пры касцёле святых Сымона і Алены. Узначальвае клуб прафесар, доктар тэхнічных навук Цяўлоўскі Міхаіл Дамінікавіч.

25 верасня 2008 г. у Любліне (Польшча) Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў ганаровы тытул Doctor honoris causa Люблінскага каталіцкага універсітэта.

26 верасня 2008 г. з архікатэдральнага касцёла ў Мінску вырушыла дыяцэзіяльная пілігрымка ў Люрд (Францыя).

28 верасня 2008 г. у Оршы (Віцебская дыяцэзія) адбылося асвячэнне капліцы Сэрца Маці Божай Беззаганнага Зачацця.

29 верасня 2008 г. —10-я гадавіна біскупскай сакры Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

4 кастрычніка 2008 г. адбылася ІІ Міждыяцэзіяльная пілігрымка сем’яў Беларусі ў санктуарый Маці Божай у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія).

5 кастрычніка 2008 г. у Гомелі адбывалася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Хрысціянства і здаровы лад жыцця».

7 кастрычніка 2008 г. у Мінск прыбыла дэлегацыя з аўстрыйскай дыяцэзіі Лінц на чале з біскупам Людвігам Шварцам. Сярод гасцей з Аўстрыі прысутнічалі прадстаўнікі дабрачыннай арганізацыі «Caritas» гэтай дыяцэзіі, а таксама супрацоўнікі дыяцэзіяльных структур.

10 кастрычніка 2008 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Нацыянальная дзяржаўнасць і еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы», якая адбылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў г. Мінску.

6–11 кастрычніка 2008 г. біскуп Антоні Дзям’янка прадстаўляе Касцёл у Беларусі на ХІІ Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў у Рыме на тэму «Слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла».

12 кастрычніка 2008 г. панамары (міністранты) мінскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа здзейснілі пілігрымку ў Забрэззе (каля Валожына) — родную парафію благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, беатыфікацыя якога адбылася 28 верасня гэтага года ў Беластоку (Польшча).

У нядзелю 12 кастрычнiка 2008 г. адбылося асвячэнне касцёла св. Юзафа ў в. Парыж (Вiцебская дыяцэзія).

13 кастрычніка 2008 г. распачалася праца міжнароднага Круглага стала на тэму «Устойлівы этнаканфесійны мір — адзін з важнейшых фактараў сацыяльна-палітычнай стабільнасці ў грамадстве». Падчас сустрэчы з дакладам «СМІ ў рэлігійнай і нацыянальнай сферах: арбітр, правакатар ці міратворац?» выступіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

15 кастрычніка 2008 г. у Шчучыне (Гродзенская дыяцэзія) адбылося святкаванне 180-гадовага юбілею касцёла святой Тэрэзы ад Езуса.

З 18 па 19 кастрычніка 2008 г. у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі абываўся сімпозіум і моладзевае чуванне, прысвечаныя 30-й гадавіне абрання Папам Яна Паўла ІІ.

20 кастрычніка 2008 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначаў гадавіну біскупскай сакры, якую ён атрымаў з рук Святога Айца Яна Паўла ІІ 20 кастрычніка 1989 г. у базыліцы святога Пятра ў Рыме.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія атрымала 7 рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі, беатыфікацыя якога адбылася 28 верасня 2008 г. у Беластоку (Польшча). Рэліквіі былі перададзены ў тыя парафіі архідыяцэзіі, з якімі было звязана жыццё і дзейнасць благаслаўлёнага: мінская архікатэдра, магілёўская архікатэдра, парафія ў Забрэззі, парафія святога Юзафа ў Валожыне, парафія ў Лебедзеве, парафія ў Барысаве, парафія ў Бабруйску.

29 кастрычніка 2008 г. у Віцебскай абласной клінічнай бальніцы праходзіла навукова-практычная канферэнцыя «ВІЧ-інфекцыя і яе прафілактыка».

9 лістапада 2008 г. віцебскі «Дом кіно» гасцінна расчыніў дзверы перад удзельнікамі «Рэха фестывалю „Magnificat-2008“».

10 лістапада 2008 г. у мінскай архікатэдры арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў гадавіну свайго ўступлення на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

14–16 лістапада 2008 г. у мінскім касцёле святых Сымона і Алены распачаўся сімпозіум, прысвечаны Божаму слову і прымеркаваны да года святога апостала Паўла.

23 лістапада 2008 г., ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, у 14.00 у мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася святая Імша падзяка за 50 гадоў святарства а. Аляксандра Надсана, Апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы.

5 снежня 2008 г. у памяшканні Сакратарыяту ККББ (Мінск) адбылося XXXVIII Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

5 снежня 2008 г. у Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбылася сустрэча прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў, падчас якой была выказана прапанова стварыць камітэт новай арганізацыі ў Касцёле ў Беларусі — Канферэнцыі кіраўнікоў мужчынскіх манаскіх супольнасцяў.

6 снежня 2008 г. у мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля з нагоды Сусветнага дня барацьбы са СНІДам, які адзначаўся 1 снежня, адбыўся сімпозіум «Касцёл і СНІД».

6 снежня 2008 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ў Варшаве (Польшча) атрымаў ганаровы медаль імя св. брата Альберта — за пастырскую, дабрачынную і экуменічную дзейнасць.

7 снежня 2008 г., у ІІ Нядзелю Адвэнту, адбылася цырымонія ўрачыстага ўнясення рэліквій бл. Цэліны Бажэнцкай у капліцу Божай Міласэрнасці ў Свіслачы (Бераставіцкі дэканат). Цырымонію ўзначаліў ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

13 снежня 2008 г. у Віцебскай дыяцэзіі распачаўся VIІ Фестываль «Дні хрысціянскай культуры 2008–2009», які ўжо стаў добраю традыцыяй на гэтых землях.

II Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Божае нараджэнне ў кантэксце Беларускай культуры» прайшла 13 снежня 2008 г. у Віцебску.

27  снежня 2008 г. парафія Святой Тройцы (г. Докшыцы) адзначыла 400-гадовы юбілей.

20 снежня 2008 г. у мінскай парафіі Маці Божай Будслаўскай (мікрараён Кунцаўшчына) у галоўным алтары была змешчана копія цудоўнага абраза Багародзіцы з Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе.

У снежні 2008 г. адбыліся традыцыйныя калядныя сустрэчы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Арцыбіскуп сустрэўся са святарамі і кансэкраванымі асобамі, журналістамі, выкладчыкамі, настаўнікамі і выхавацелямі, дзеячамі навукі і культуры, медыцынскімі работнікамі і хворымі, вайскоўцамі, бізнесменамі і інш.
 
матэрыял сайта Catholic.by
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр