Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
Банэр
Аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з дзецьмі
Навіны
02.01.2018

30 снежня ў парафіі Св. Яна Хрысціцеля адбылася аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з дзецьмі ўсіх парафій г. Мінска і Мінскага раёна.

У межах сустрэчы Мітрапаліт узначаліў святую Імшу.

Іерарх звярнуў у гаміліі ўвагу на чытанне Евангелля гэтага дня, якое прадстаўляе ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні. Паводле закону Майсея, па прашэсці сарака дзён ад нараджэння першароднага сына бацькі павінны былі прынесці яго ў святыню і ахвяраваць Богу. Марыя з Юзафам гэта зрабілі. Натхнёныя Святым Духам, іх там сустрэлі старац Сімяон і прарочыца Ганна, якая прадказала будучыню Езуса. Евангелле кажа, што яна была жанчынай ва ўзросце 84 гадоў, дзень і ноч праводзіла ў малітве і посце.

«Малітва і пост учынілі Ганну сведкай вялікіх Божых спраў. Яна прыгадвае нам аб тым, што можа быць шмат шляхоў служэння Богу, з якіх малітва з’яўляецца найбольш эфектыўным. Маліцца – азначае служыць Богу, ахвяраваць сябе Яму. Такое служэнне Богу ўмацоўвае нас у сведчанні аб прысутнасці Бога сярод нас», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Евангелле таксама кажа пра старца Сімяона, які доўга чакаў нараджэння Збаўцы. Убачыўшы прынесенае Марыяй і Юзафам Немаўлятка, у Ім ён пазнаў Збаўцу і цяпер гатовы быў сысці з гэтага свету ў супакоі.

Мітрапаліт назваў гэтую сустрэчу «сустрэчай трох пакаленняў: маладога, старога і толькі што народжанага».

«Маладая пара Марыі і Юзафа з Немаўляткам Езусам у святыні сустракаюць значна старэйшых Сімяона і Ганну. Гэтая сустрэча стала крыніцай благаслаўлення для ўсіх яе ўдзельнікаў. Маладое пакаленне атрымала благаслаўленне ад старэйшага, якое, у сваю чаргу, атрымала благаслаўленне ад маладога.

Прыказка кажа, што маладое пакаленне можа хутчэй хадзіць, але старое лепей ведае дарогу. Таму моладзь з’яўляецца надзеяй і натхненнем старэйшых людзей, досвед якіх можа служыць крыніцай стабільнасці для маладых», — заўважыў іерарх.

«Усё гэта нагадвае пра тое, што старэйшае і малодшае пакаленні павінны быць разам, бо кожнае з іх мае што ахвяраваць адно аднаму. А пакаленне, якое знаходзіцца паміж імі, гэта азначае дзеці, дапамагае аб’яднаць старэйшых і малодшых. Гэта і ёсць галоўнае заданне сям’і, якая павінна быць школай выхавання маладога пакалення і супольнасцю любові паміж людзьмі розных пакаленняў», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп назваў вельмі добрым тое, што ў гэты дзень у парафіі Св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы традыцыйна збіраюцца бацькі, дзядулі і бабулі разам з дзецьмі на аплаткавую сустрэчу, якую папярэджвае святая Імша. Такая практыка, па словах іерарха, «вучыць дзяцей малітве і нашым традыцыям святкавання Божага Нараджэння».

«Найбольшае шчасце бацькоў і старэйшага пакалення – бачыць дзяцей, якія ідуць тым шляхам, якому яго яны навучылі», — дадаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт Кандрусевіч пажадаў, каб гэтая Імша, прыклад старца Сімяона і прарочыцы Ганны дапамаглі «ўсім нам, і асабліва дзецям, на малітве служыць Богу, каб ісці па жыцці Божым шляхам і быць Яго сведкамі ў сучасным свеце».

 

Свята працягнулася ў араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі. Падчас праграмы прысутных забаўлялі героі мультфільма «Мадагаскар», а напрыканцы да ўдзельнікаў сустрэчы завітала Святая Сям’я.

Пасля святочнай праграмы ўсе мелі магчымасць падзяліцца адзін з адным аплаткай. 

Свята скончылася салодкім сюрпрызам для кожнага дзіцяці. 

 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр