Адрас:вул. Пляханава, 28 к1,
 Мінск, Рэспубліка Беларусь
☎капл+375 17 3679386
☎канц +375 17 3683856
E-mail: serebranka@sdb.by

 

 
 

 

 

 

Першая Кантакт Для друку
Belarusian English Italian Polish Russian
Банэр
Банэр
Банэр
1991-2003
Гісторыя парафіі
19.04.2009

Рымска-каталіцкая парафія св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску (м-н Серабранка) была створана ў 1991 г. Яе прыналежнасць да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла, згодна з запісам у Статуце, была зацверджана 21 лістапада 1991 г. праз Яго Эмінэнцыю кардынала Казіміра Свёнтка, Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Дзяржаўную рэгістрацыю парафія атрымала 18 красавіка 1996 г., пасведчанне аб рэгістрацыі № 76 пры Мінскім Гарадскім Выканаўчым Камітэце.

Сваю дзейнасць парафія распачала 8 снежня 1996 г. Пробашчам парафіі быў прызначаны ксёндз Ігар Лашук SDB. Аднак пэўны час ксёндз-пробашч павінен быў знаходзіцца на вучобе ў Рыме, таму да канца красавіка 1997 г. гэтую парафію абслугоўваў ксёндз Ян Крэміс, вікарый парафіі святых Сымона і Алены. Набажэнствы праводзіліся ў прыватным доме па вул. Маляўкі, 13. А з ліпеня 1997 г. да 22 чэрвеня 2002 г. – па вул. Пляханава, 68-4 (актавая зала ЖЭС № 80).

Першапачатковы зварот аб выдзяленні зямельнага надзелу быў высланы да Мінгарвыканкама ў маі 1997 г.; у ім парафіяне прасілі зямельны надзел па вул. Малініна на скрыжаванні з пр-там Ракасоўскага. Але, як выявілася, гэты надзел ужо быў перададзены пад будаўніцтва праваслаўнай царквы, хоць прайшла дзяржаўная экспертыза ў Камітэце Архітэктуры пры Мінгарвыканкаме з рашэннем перадаць гэты надзел Каталіцкаму Касцёлу. Тады нам былі прапанаваныя не вельмі выгодныя зямельныя надзелы па вул. Якубава на скрыжаванні з вул. Пляханава і па вул. Якубава насупраць універсама “Невель”. Затым парафіяне прасілі зямельны надзел на скрыжаванні вуліцы Пляханава і пр-та Ракасоўскага, але атрымалі адмову на падставе таго, што на гэтым месцы запланавана будоўля рэстарану “Макдональдс”, але на самай справе толькі ў 2004 годзе там пачалі будаваць жылыя дамы. Прасілі таксама зямельны надзел у пачатку праспекта Ракасоўскага, дзе сёння збудаваны гіпермаркет.

Святары, якія працуюць пры парафіі святога Яна Хрысціцеля, належаць да таварыства святога Францыска Сальскага (Салезіяне), таму ў нас з’явілася думка адкрыць пры парафіі маладзёжны цэнтр (араторый), бо таварыства шмат практыкуецца ў працы з моладдзю ва ўсім свеце. Гэтая прапанова была прадстаўлена кіраўніку адміністрацыі Ленінскага раёна г. Мінска пану Валерыю Мяцу, які ў сваю чаргу прапанаваў нам набыць недабудаваную спартыўную залу пры жылым доме па вуліцы Пляханава, 28, корпус 1, што мы і ўчынілі пасля нядоўгіх перамоваў з уладальнікамі гэтага аб’екта. У 1999 годзе з Божай дапамогай была выкуплена гэтая частка будынка і распачаліся будаўнічыя працы. Будынак быў асвячаны 8 снежня 2000 года Яго Эксэленцыяй Апостальскім Нунцыем у Беларусі Дамінікам Грушоўскім.

Побач з гэтым будынкам знаходзіцца вельмі прыгожы пляц, які пробашч папрасіў для перадачы парафіі пад будову касцёла. І пасля многіх клопатаў (хачу зазначыць, што надзелы пад будаўніцтва культавых аб’ектаў у г. Мінску выдзяляюцца толькі з дазволу Прэзыдэнта Беларусі і для католікаў неабходнае ўзгадненне з кіраўніком праваслаўнай царквы). Калі мы атрымалі ўсё гэта, зямельны надзел быў асвячаны 24 чэрвеня 2000 года і ў гэты ж самы дзень там быў усталяваны крыж. Дарэчы, крыж нам падаравала Архікатэдральная парафія, пэўны час ён знаходзіўся на даху Архікатэдры ў Мінску. Асвяціў зямельны надзел Яго Эксэленцыя дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзыі Кірыл Клімовіч, быў прысутны на святой Імшы асвячэння Апостальскі Нунцый Дамінік Грушоўскі. Прысутнічаў таксама Амбасадар Італьянскай Рэспублікі пан Джаванні Чэруці і консул Славацкай Рэспублікі, каталіцкія святары горада Мінска. Гэта быў(?)першы зямельны надзел, асвячаны пад будаўніцтва каталіцкага касцёла ў г. Мінску, пасля 1910 года, калі быў пабудаваны касцёл святых Сымона і Алены.

Будаўніцтва капліцы распачалі ў жніўні 2001 года і асвяцілі 24 чэрвеня 2002 года, асвячаў капліцу Яго Эксэленцыя дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзыі Кірыл Клімовіч. Першую святую Імшу 23 чэрвеня 2002 года ў гэтай капліцы адслужыў Апостальскі Нунцый Іван Юркавіч. Увесь час, ад пачатку будаўніцтва да самага асвячэння, кожны дзень парафіяне а 10.00 гадзіне збіраліся каля крыжа і маліліся на святым Ружанцы, восенню, зімой і вясной, у холад, дождж і спёку прасілі заступніцтва Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. І дзякуем мы за атрыманыя ласкі толькі Богу і Найсвяцейшай Дзеве, бо столькі клопатаў нам удалося перажыць і перамагчы.

Парафія ўзрастала не па днях, а па гадзінах, і на сённяшні дзень мы маем пяць набажэнстваў святой Імшы кожную нядзелю, маем пастаянную катэхэзу для дзяцей, моладзі і сямейных пар, пры парафіі дзейнічае маладзёжны цэнтр.

У 2003 годзе быў зацверджаны эскізны праект новага касцёла і вядзецца распрацоўка праектна-сметнай дакументацыі.
 
© 2006-2017 Рымска-каталіцкая парафія Св. Яна Хрысціцеля ў г. Мінску
Банэр